Яма́йка () — астраўная дзяржава ў Карыбскім моры, на адным з Вялікіх Антыльскіх астравоў. За 630 км ад кантынентальнай Цэнтральнай Амерыкі, за 145 км ад Кубы і 191 км ад Гаіці. Чацвёртая па плошчы і колькасці насельніцтва дзяржава Вест-Індыі. Насельніцтва пераважна складаюць нашчадкі былых афрыканскіх рабоў. Трэцяя па колькасці насельніцтва англамоўная дзяржава Амерыкі. Найбуйнейшы горад: сталіца Кінгстан. Буйны вытворца баксітаў і гліназёму; значны экспарцёр сельскагаспадарчай прадукцыі: кавы, бананаў; і прадуктаў харчовай прамысловасці (цукру, рому).
Этымалогія Слова «хаймака» з мовы індзейцаў таіна перакладаецца як «краіна вады і лесу» ці «зямля крыніц».http://www.vokrugsveta.ru/vs/article/5529/
Геаграфія Ямайка — астраўная дзяржава. Найбуйнейшы востраў Ямайка займае плошчу 10911 км² і з’яўляецца трэцім па велічыні ў Карыбскім моры. Галоўны востраў размешчаны за 145 км на поўдзень ад Кубы, за 191 км на захад ад Гаіці, за 290 км на паўднёвы ўсход ад Кайманавых астравоў. Бліжэйшы пункт кантынента — мыс Грасіяс-а-Д’ёс (Нікарагуа), размешчаны за 630 км у паўднёва-заходнім накірунку. Працягласць вострава з захаду на ўсход складае 225 км, з поўначы на поўдзень — ад 35 да 82 км. Даўжыня берагавой лініі складае 1022 кмhttp://www.vokrugsveta.ru/encyclopedia/index.php?title=%D0%AF%D0%BC%D0%B0%D0%B9%D0%BA%D0%B0
Прырода
Востраў Ямайка мае вулканічнае паходжанне. Вылучаюцца тры ландшафтныя рэгіёны: вапняковае плато ў цэнтральнай частцы вострава; Блакітныя горы (Blue Mountains) і горы Джон-Кроў на паўночным захадзе; прыбярэжныя раўніны. Найвышэйшы пункт Блу-Маўнтын-Пік — 2256 м над узроўнем мора. Вапняковы карст займае дзве трэція вострава. Для яго характэрныя ўзгорыстыя і грабнявыя ўзняцці, гроты і пячоры, віры, у якіх губляюцца рэкі. На паўночным усходзе карст падыходзіць да самага ўзбярэжжа. Паўночнае ўзбярэжжа прадстаўлена доўгай вузкай прыбярэжнай раўнінай з белымі пляжамі. Дзякуючы каралаваму рыфу мора тут заўсёды спакойнае. Заходняе і паўднёвае ўзбярэжжа сфарміравана шырокімі далінамі. На заходнім узбярэжжы вылучаецца вялікая пясчаная каса ў раёне курорта Негрыл.
Астатнія астравы каралавага паходжання, невялікія і не маюць пастаяннага насельніцтва.
Клімат Ямайкі трапічны, пасатны. Тэмпературны рэжым амаль нязменны на працягу года: 25 — 30 °C на раўнінах і 15 — 20 °C у гарах. На паўночна-заходнім узбярэжжы заўсёды дзьмуць свежыя брызы. Сярэдняя колькасць ападкаў — 1960 мм у год, на поўдні — 762 мм у год. На наветраных схілах гор Джон-Кроў на паўночным усходзе вострава выпадае да 7600 мм. У летнія месяцы часта завітваюць моцныя ўраганы. У зімовыя месяцы на поўдні вострава зрэдку здараюцца засухі.
Самая доўгая рака — Міньё (93 км). Суднаходная на значную адлегласць рака Блэк-Рывер — невялікія судны могуць падымацца па ёй на 48 км ад вусця.
У канцы XV ст., калі Ямайка была адкрыта еўрапейцамі, большая частка вострава была пакрыта густымі лясамі і саваннамі. Некаторыя дзікарослыя расліны (какосавая і саламяная пальма, тытунь, бавоўна, какава, ямайскі перац і інш.) актыўна выкарыстоўваліся чалавекам. У наш час раслінны полаг у асноўным мае другасны характар. Сёння лясамі пакрыта толькі 20 % вострава. Карэнная лясная расліннасць часткова захавалася на паўночным усходзе. У лясах распаўсюджаныя зараснікі бамбуку, папараці, шыпшыны, чырвонага і чорнага дрэваў, сейбы, дальбергіі. На поўдні сустракаюцца месцы з паўпустыннай жорсткалісцевай расліннасцю і кактусамі.
Жывёльны свет Ямайкі таксама моцна змяніўся пад уплывам чалавека. Частка эндэмічных жывёлін (чырвоны ара, ямайскі голуб, кайман і інш.) была знішчана. У астатнім захавалася тыповая для карыбскіх краін фаўна: яшчаркі, рэптыліі, мноства птушак, у тым ліку папугаі, калібры, зязюлі і пласкадзюбы. Прыбярэжныя воды багатыя рыбай. Прыродаахоўныя тэрыторыі вострава ўключаюць у сябе Какпіт-Кантры, лясныя запаведнікі Хелшайр-Хілс і Літчфілд. У 1992 годзе быў арганізаваны першы марскі парк у бухце Мантэга плошчай 15 кв.км. У 1993 былі створаны нацыянальныя паркі ў гарах Блу-Маўнтынс і Джон-Кро.
Гісторыя
Востраў, заселены плямёнамі аравакаў (зборная назва — таіна), быў адкрыты Хрыстафорам Калумбам ў 1494 годзе. Калумб назваў яго ў гонар каралеўскай пары востравам Фердынанда і Ізабелы, але назва не прыжылася. Першае паселішча на Ямайцы іспанцы заснавалі ў 1509 годзе. Іспанцы каланізавалі востраў, названы імі Сант’яга, не надта актыўна, што не выратавала індзейцаў: колькасць аравакаў скарацілася з 60 тыс. у год адкрыцця да 74 чалавек у 1611 годзе. Затое ў 1655 годзе Ямайку захапілі англічане і заснавалі форт, што за паўстагоддзя ператварыўся ў пірацкую сталіцу Порт-Роял. Землятрус 1692 года разбурыў Порт-Роял, аднак англічане да таго часу ўжо трывала замацаваліся на Ямайцы, ператварыўшы востраў у сваю «цукровую сталіцу». Прамысловасць Ямайкі вырабляла цукар-сырэц, патаку-меласу і знакаміты ямайскі ром. На плантацыях працавалі завезеныя з Афрыкі рабы, якія неаднаразова паўставалі (да пачатку XIX стагоддзя было падаўлена больш за 150 паўстанняў). Адмена рабства ў 1838 годзе істотна падарвала эканоміку Ямайкі: многія былыя рабы сталі апрацоўваць уласныя надзелы замест працы на плантацыях. У XX стагоддзі эканамічная сітуацыя на Ямайцы істотна змянілася ў выніку інвестыцый ЗША, якія арганізавалі тут плантацыйную гаспадарку для забеспячэння свайго рынку. Знаходзячыся пад амерыканскім уплывам, Ямайка прыняла ўдзел у дзвюх сусветных войнах, даслаўшы сваіх жаўнераў у Еўропу. У 1944 востраў атрымаў частковае самакіраванне. У 1958—1962 уваходзіў у склад Вест-Індскай федэрацыі, што так і не стала дзяржавай. У 1959 годзе Ямайка атрымала ўнутранае самакіраванне, у жніўні 1962 года Брытанія дазволіла Ямайцы незалежнасць у складзе Брытанскай Садружнасці. У перыяд незалежнасці характар знешняй палітыкі Ямайкі залежыць ад таго, якая партыя стаіць каля руля. Калі лейбарысты — востраў арыентуецца на ЗША ці Вялікабрытанію, калі сацыял-дэмакраты — на Кубу, Лацінскую Амерыку, Рух недалучэння. У 2012 годзе прэзідэнт Ямайкі заявіў аб жаданні вострава атрымаць поўную незалежнасць. Бакінгемскі палац адказаў, што сваё меркаванне павінен выказаць увесь ямайскі народ.
Насельніцтва
Натуральны прырост 1,12 % (2017), міграцыйны — −0,43 %https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/jm.html . У пачатку XXI стагоддзя больш за 2,5 млн ямайцаў жылі за межамі вострава, пераважна ў Вялікабрытаніі, ЗША і Канадзе. Буйныя ямайскія грамады ёсць таксама на Трынідадзе і Табага, Пуэрта-Рыка і Барбадасе. Ямайскі нацыянальны дэвіз «З многіх людзей» адсылае да мультынацыянальных этнічных каранёў. У сучасным насельніцтве абсалютна пераважаюць негры (92,1 %); на другім месцы — мулаты (6,1 %), далей — індыйцы з усходняй Індыі (0,8 %); каля 20 тыс. ямайцаў мае ліванскае паходжанне. Астатнія — кітайцы, еўрапейцы, кубінцы, выхадцы з краін Лацінскай Амерыкі і асобы так званага змяшанага паходжання. Продкі большасці ямайцаў жылі пераважна ў Заходняй Афрыцы (Гана, Камерун).https://books.google.by/books?id=IeM1rrKiQosC&pg=PA141&redir_esc=y#v=onepage&q&f=false Сярод афраямайцаў вылучаецца група марунаў (некалькі сот чалавек), якая мае асобны культурны і юрыдычны статус. Многія ямайскія мулаты ідэнтыфікуюць сябе як «чарнаскурыя». Асноўнай гутарковай мовай з’яўляецца ямайская крэольская («Патуа») на аснове англійскай, афіцыйнай мовай служыць англійская. 46 % ямайцаў білінгвы. Ямайка — трэцяя па насельніцтве англамоўная краіна Амерыкі. 70 % насельніцтва — пратэстанты («Царква Бога» (24 %), царква адвентыстаў сёмага дня (11 %), пяцідзясятнікі (10 %), баптысты (7 %), англікане (4 %); 2 % насельніцтва вызнаюць каталіцтва, каля 1 % — растафарыhttps://www.state.gov/j/drl/rls/irf/2007/90259.htm. Урбанізацыя — 55 % (2017). У агламерацыі Кінгстана пражывае 661 тыс. чал. (перапіс 2011), у Партморы, спадарожніку Кінгстана — 182 тысячы, Спаніш-Таўн (147 тыс.). Найбуйнейшы горад паўночнага ўзбярэжжа — Мантэга-Бей (110 тыс.) Узровень пісьменнасці — 88,7 % (2015), сярод жанчын ён вышэй чым сярод мужчын. у 1962—2009 Ямайка скацілася з апошняга месца ў свеце па ўзроўні забойстваў на адно з першых.
Рэлігія
На Ямайцы колькасць рэлігійных аб’яднанняў у дачыненні да колькасці насельніцтва найвялікшая ў свеце. Большасць вернікаў (61,3 %) належаць да пратэстанцкіх цэркваў і кангрэгацый: баптыстаў, англікан, уніяністаў, метадыстаў і г. д. Незалежна ад арганізацыйнай прыналежнасці сярод пратэстантаў Ямайкі распаўсюджаны фундаменталісцкі і радыкальны рухі. Меншасць вернікаў прадстаўлена рыма-каталікамі (4 %), маранітамі, індусамі, бахаямі і мусульманамі. Акрамя таго, існуюць афрахрысціянскія культы абеа, куміна, пакамана і растафары. Каля 20 % ямайцаў дэкларуюць незалежнасць у адносінах да пэўных рэлігійных аб’яднанняў, аднак колькасць атэістаў і агностыкаў адносна невысокая (каля 6 %). Уплыў рэлігіі традыцыйна прасочваецца на грамадскіх і палітычных адносінах. Так, у каланіяльныя часы большасць белага насельніцтва належала да англікан і прэсвітарыян. Сярод неграў-рабоў і марунаў панавалі афрыканскія культы. З другой паловы XVIII ст. усё большы ўплыў сярод афраямайцаў набываюць баптысты. Баптысцкія прапаведнікі ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы паўстанняў 1798, 1831, 1865 і 1938 гг. У наш час баптысты, пратэстанты-радыкалы і прадстаўнікі рэлігійных меншасцей звычайна падтрымліваюць Народную Нацыянальную партыю, а англікане, уніяністы і пратэстанты-фундаменталісты — Лейбарысцкую партыю. Назіраецца рэлігійнае раз’яданне сярод прадстаўнікоў буйнога бізнесу, прафсаюзаў і крымінальных груповак.
Дзяржаўнае кіраванне і палітыка
Ямайка — незалежная краіна, уваходзіць у брытанскую Садружнасць. Палітычны лад — канстытуцыйная манархія. Згодна Канстытуцыі 1962 г., глава дзяржавы — каралева Вялікабрытаніі, якая афіцыйна мае тытул каралевы Ямайкі. Яна са згоды ўраду прызначае генерал-губернатара, пры якім дзейнічае Патаемная рада з 10 чалавек (звычайна ў яе склад уваходзяць прадстаўнікі заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады). Заканадаўчая ўлада належыць двухпалатнаму парламенту. У ніжэйшую Палату прадстаўнікоў (House of Representatives) уваходзіць 60 членаў, выбраных грамадзянамі Ямайкі у час галасавання па партыйных спісах. Прадстаўнікі партыі, што набрала большасць галасоў, прызначаюць спікера Палаты і прэм’ер-міністра. Астатнія прадстаўнікі фарміруюць апазіцыю. Вышэйшая палата — Сенат, у склад якога генерал-губернатар па радзе прэм’ер-міністра і лідара апазіцыі прызначае частку прадстаўнікоў ніжэйшай Палаты (усяго 21 член, якія размяркоўваюцца прапарцыянальна складу ніжэйшай Палаты). Выканаўчую ўладу прадстаўляе ўрад, прызначаны генерал-губернатарам па рэкамендацыі прэм’ер-міністра. Судовую ўладу прадстаўляе Сход Правасуддзя (Court of Justice), члены якога прызначаюцца генерал-губернатарам. Большую частку ўзброеных сіл складаюць прафесійныя Ямайскія сілы самаабароны (Jamaica Defense Force). Акрамя таго дзейнічаюць агульнадзяржаўныя Ямайскія сілы службы канстэбляў (Jamaica Constabulary Force), якія выконваюць ваенныя і паліцэйскія функцыі. Ахову грамадскага парадку здзяйсняюць парафіяльная паліцыя і добраахвотная міліцыя. На Ямайцы дзейнічае 51 палітычная арганізацыя, аднак большасць галасоў традыцыйна збіраюць Лейбарысцкая партыя (лідар Брус Голдынг, з 2007 — кіруе) і Народная Нацыянальная партыя (лідар Портыя Сімпсан-Мілер). Абедзве партыі не маюць істотных адрозненняў у праграмах і дэкларуюць прынцыпы пабудовы сацыяльна-арыентаванага грамадства і незалежнай знешняй палітыкі.
Эканоміка