Сяргей Мікалаевіч Вайцяхоўскі (16 кастрычніка 1883, Віцебск — 7 красавіка 1951, Іркуцкая вобласць) — расійскі і чэхаславацкі ваенны. Адзін з кіраўнікоў Белага руху.

Біяграфія Нарадзіўся 16 кастрычніка 1883 года ў шляхецкай сям’і ў Віцебску ў Расійскай імперыі. Паходзіў з абруселай польска-літвінскай шляхты.https://www.radio.cz/ru/rubrika/progulki/general-dvux-armij-tragicheskaya-sudba-sergeya-vojcexovskogo Генерал двух армий. Трагическая судьба Сергея Войцеховского Скончыў рэальнае, потым — з адзнакай — артылерыйскае вучылішча ў Санкт-Пецярбургу ў 1904 г. Удзельнічаў у руска-японскай вайне у 1905 годзе, але непасрэдна ў баявых дзеянных не ўдзельнічаў. Працягнуў навучанне ў Акадэміі Генеральнага штаба. У 1913 г. скончыў лётную школу. Служыў на Каўказе, Далёкім Усходзе, у Беластоку, у Маскоўскай вайсковай акрузе.

У час Першай сусветнай вайны ваяваў на тэрыторыі Беларусі, дзе на лініі фронту «Вілейка — Маладзечна» атрымаў раненне. У 1917 годзе быў прызначаны начальнікам штаба 1-й Чэхаславацкай стралковай дывізіі, якая была сфарміравана ў складзе расійскай арміі на Паўднёва-Заходнім фронце. Атрымаў ранг падпалкоўніка.

Ад снежня 1917 года — камандзір 3-га стралковага палка ім. Яна Жыжкі, які быў сфармаваны з ліку ваеннапалонных аўстра-венгерскай арміі — чэхаў і славакаў. Удзельнічаў у так званым «паўстанні чэхаславацкага корпуса» — узброеным выступленні супраць бальшавікоў. Атрымаў ранг генерал-маёра ад чэхаславацкай нацыянальнай рады.

Быў галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі Белага руху на Усходзе, а затым — камандуючым войскам на Далёкім Усходзе. Ваяваў з Чапаевым і будучым савецкім маршалам Тухачэўскім. У кастрычніку 1918 года згодна з рашэннем Чэхаславацкай нацыянальнай рады 35-гадовы Вайцяхоўскі стаў генералам. На пачатку 1919 года папрасіў адстаўку ў чэхаславакаў і далучыўся да арміі Аляксандра Калчака. Удзельнік «Вялікага Сібірскага ледзянога паходу». Быў узнагароджаны вышэйшай расійскай ваеннай узнагародай — ордэнам святога Георгія.

З 1920 года на эміграцыі — выехаў у Канстанцінопаль, а потым у Чэхаславакію. У 1921 г. пагадзіўся на запрашэнне чэхаславацкага ўрада працягнуць ваенную службу. У маі 1921 года атрымаў чэхаславацкае грамадзянства і пацвярджэнне яго чыну генерал-маёра. З гэтага часу служыў у арміі Чэхаславакіі. Камандаваў ваеннымі акругамі і 1-й Чэхаславацкай арміяй, фактычна стаў бацькам чэхаславацкай нацыянальнай арміі.

Падчас Мюнхенскага крызісу 1938 г. выступіў супраць Мюнхенскага пагаднення і з’яўляўся актыўным прыхільнікам узброенага супрацьстаяння агрэсіі Германіі, што паслужыла падставай для адпраўкі яго ў адстаўку 1 красавіка 1939 г. Неўзабаве Чэхаславакія была падзелена і часткова акупаваная Германіяй. У тым жа годзе стварыў і ўзначаліў падпольную арганізацыю «Абарона народа», пазней адышоў ад яе. Уваходзіў у падпольны чэхаславацкі ўрад. У 1943 г. не прыняў прапанову немцаў узначаліць Рускае вызваленчае войска замест генерала Уласава, заявіўшы, што хоць ненавідзіць камуністычны лад, але не будзе ваяваць супраць рускіх. У маі 1945 г. арыштаваны савецкай контрразведкай «СМЕРШ» як удзельнік Белага руху, асуджаны на 10 гадоў зняволення савецкіх канцлагераў.

Памёр у красавіку 1951 г. у лагернай бальніцы Азерлага паблізу горада Тайшэт Іркуцкай вобласці.

У 1996 г. рэабілітаваны. У 1997 г. указам прэзідэнта Вацлава Гавела ўзнагароджаны вышэйшай узнагародай Чэшскай Рэспублікі — ордэнам Белага Льва 3-й ступені.

Памяць

У 2003 годзе ў чэшскім горадзе Брне ў будынку электратэхнічнага інстытута, у якім у 1920—1930-х гадах размяшчаўся штаб ваеннага кіравання, была адкрыта мемарыяльная дошка генералу Вайцяхоўскаму. З 11 верасня да 7 кастрычніка 2012 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь праходзіла выстаўка «Сяргей Вайцяхоўскі. Генерал дзвюх армій». Ініцыятарам і арганізатарам выстаўкі пра Сяргея Вайцяхоўскага, пры непасрэдным удзеле Нацыянальнага гістарычнага музея, стала сям’я Радаевых. Выстаўка была арганізаваная сумесна з Пасольствам Чэшскай Рэспублікі і Пасольствам Славацкай Рэспублікі. На выставе былі паказаныя гістарычныя артэфакты: фатаграфіі, дакументы, кнігі, значкі, узнагароды. Частку экспанатаў прадставілі нашчадкі Вайцяхоўскага, якія жывуць у ЗША. Беларускі дакументальны фільм «Сяргей Вайцяхоўскі. Генерал без Айчыны» перамог у катэгорыі Дакументальнага гістарычнага кіно на варшаўскім VI Міжнародным фестывалі гістарычных і ваенных фільмаў.

Крыніцы

Літаратура Чырвінскі Ю. Сяргей Вайцяхоўскі, генерал без айчыны // Наша гісторыя, № 2, 2019, с. 35-39. ISBN 2617—2305

Спасылкі Польскае радыё. Генэрал Вайцяхоўскі — афіцэр гонару Выстава «Сяргей Вайцэхоўскі. Генерал дзвюх армій» Выстава «Сяргей Вайцэхоўскі. Генерал дзвюх армій» (Біяграфія Сяргея Вайцэхоўскага) Партрэтны «экшан» (Біяграфія Сяргея Вайцяхоўскага) Войцеховский Сергей Николаевич на сайте Белая Гвардия http://www.belrussia.ru/page-id-537.html Генерал двух армий. Трагическая судьба Сергея Войцеховского

Катэгорыя:Памерлі ад туберкулёзу Катэгорыя:Военачальнікі Расіі Катэгорыя:Генерал-маёры (Белы рух) Катэгорыя:Военачальнікі Чэхаславакіі Катэгорыя:Выпускнікі Мікалаеўскай ваеннай акадэміі Катэгорыя:Удзельнікі руска-японскай вайны Катэгорыя:Удзельнікі Першай сусветнай вайны (Расійская імперыя) Катэгорыя:Удзельнікі Грамадзянскай вайны ў Расіі Катэгорыя:Постаці Белага руху Катэгорыя:Рускія эмігранты першай хвалі ў Чэхаславакіі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Гісторыя Далёкага Усходу Катэгорыя:Памерлі ў месцах пазбаўлення волі