БАТЭ — беларускі футбольны клуб з горада Барысаў. Хатні стадыён — Барысаў-Арэна. Каманда існавала ў 1973—1981 гады, футбольны клуб адроджаны ў 1996 годзе. Шматразовы чэміпіён і ўладальнік Кубка Беларусі. Першы беларускі клуб, які прайшоў у групавы этап Лігі чэмпіёнаў УЕФА.

Гісторыя

1973—1981

У год стварэння БАТЭ (футбольны клуб Барысаўскага завода аўтатрактарнага электраабсталявання) выступаў ва ўсходняй зоне другой групы (Д2) чэмпіянату БССР. Ужо першы сезон склаўся для БАТЭ ўдала. Па яго выніках каманда дасягнула магчымасці на наступны год выступаць у чэмпіянаце рэспублікі.

У 1974 годзе БАТЭ дасягнуў першага поспеху — стаў чэмпіёнам БССР, выйграўшы за сезон 15 матчаў з 18 праведзеных. Аднак у наступным, 1975 годзе, БАТЭ прыйшлося задавальняцца толькі пятым месцам. У 1976 годзе БАТЭ аформіў своеасаблівы дубль, выйграўшы чэмпіянат і Кубак БССР.

У далейшым БАТЭ яшчэ раз станавіўся чэмпіёнам (1979), срэбным прызёрам (1978) чэмпіянату БССР і двойчы займаў чацвёртае месца (1977, 1981). У 1981 годзе каманда была расфарміравана.

1996—2006

1996—1998 гады

У 1996 годзе ініцыятыўная група вырашыла адрадзіць клуб. Прэзідэнтам футбольнага клуба БАТЭ быў абраны Анатоль Капскі, галоўным трэнерам стаў Юрый Пунтус. За два першых гады сваёй новай гісторыі клуб выйграў першынства Другой лігі і, фінішаваўшы другім у Першай, выйшаў у Вышэйшую лігу, дзе ў 1998 годзе адразу заваяваў срэбныя медалі.

1999 год

У 1999 годзе БАТЭ захапіў лідарства з першых тураў і, так і не аддаўшы яго нікому, упершыню ў сваёй гісторыі стаў чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь. 1999 год таксама стаў для клуба дэбютным у еўракубках. За БАТЭ тады выступалі пазнейшыя лідары зборнай Беларусі Аляксандр Глеб, Віталь Кутузаў, а таксама будучы галоўны трэнер Віктар Ганчарэнка.

2000—2001 гады

2000 год ізноў стаў для БАТЭ «срэбным». Чэмпіянат 2001 года прынёс клубу бронзавыя ўзнагароды.

2002 год

Сезон 2002 годзе стаў для БАТЭ неадназначным. Барысаўчане ўпершыню прабіліся ў фінал Кубка Беларусі, але з лікам 0:2 саступілі «Гомелю». Удала склаўся сезон на еўрапейскай арэне. Выступаючы ў Кубку Інтэртота, БАТЭ атрымаў упэўненую перамогу над прадстаўніком нямецкай Бундэслігі, клубам «Мюнхен-1860», а затым практычна на роўных згуляў з італьянскай «Балонняй». На фінішы чэмпіянату БАТЭ ў адчайнай барацьбе дагнаў «Нёман», які лідыраваў. У «залатым» матчы чэмпіянату атрымаў у дадатковы час перамогу з лікам 1:0, дзякуючы голу Валерыя Тарасенкі.

2003 год

У чэмпіянаце 2003 года БАТЭ, нягледзячы на ўпэўненую гульню, да канца сезона заставаўся на пятым месцы. У апошнім туры чэмпіянату яму належала сустракацца на выездзе з мінскім «Дынама». Гэта сустрэча павінна была даць адказ на пытанне, на якім месцы апынецца БАТЭ: на другім ці пятым. Але матч завяршыўся ўпэўненай перамогай БАТЭ 4:0, і каманда зноў заваявала срэбныя медалі.

2004 год

У 2004 годзе БАТЭ, які няўдала выступіў у Кубку УЕФА, на фінішы чэмпіянату зноў прэтэндаваў на самыя высокія месцы. Перад апошнім турам ён адставаў ад мінскага «Дынама» на два ачкі. І зноў апошняя сустрэча чэмпіянату мела быць з лідарам на выездзе. Аднак гэтым разам леташняму трыумфу не наканавана было паўтарыцца. Саступіўшы 0:2, БАТЭ заняў другое месца.

2005 год

Сезон 2005 года стаў самым цяжкім у гісторыі БАТЭ. Па-першае, у канцы папярэдняга сезона каманду пакінуў яе нязменны трэнер Юрый Пунтус, якога на трэнерскім мастку БАТЭ змяніў Ігар Крывушэнка. Па-другое, у новы клуб Пунтуса перайшлі шэраг маладых гульцоў, на якіх у гэтым сезоне ўскладаліся вялікія надзеі. БАТЭ саступіў у фінале Кубка МТЗ-РІПА, а па выніках чэмпіянату апынуўся на пятым месцы, упершыню ў найноўшай гісторыі застаўшыся без медалёў.

2006 год

У 2006 годзе адзначаўся дзесяцігадовы юбілей узнаўлення клуба. І БАТЭ годна адзначыў гэту дату. Барысаўчане ўпершыню сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі. У фінале ў дадатковы час яны з лікам 3:1 перамаглі салігорскі «Шахцёр». У чэмпіянаце БАТЭ таксама фінішаваў першым, такім чынам, зрабіўшы своеасаблівы дубль.

Але на еўрапейскай арэне клуб выступіў не ўдала, саступіўшы ў другім кваліфікацыйным раўндзе Кубка УЕФА казанскаму «Рубіну» ў абедзвюх сустрэчах з агульным лікам 0:5.

2007—2011

2007 год

У 2007 годзе БАТЭ выйшаў у трэці кваліфікацыйны раўнд Лігі чэмпіёнаў УЕФА. У першым кваліфікацыйным раўндзе БАТЭ прайграў у гасцях кіпрскаму АПОЭЛу 0:2, аднак у хатнім матчы пераламіць вынік двухраундавага супрацьстаяння на сваю карысць, перайграўшы праціўніка з лікам 3:0. У другім матчы быў упэўнена перайграны ісландскі «Хабнарфіёрдур» — 3:1 на выездзе, 1:1 у хатнім матчы. У трэцім раўндзе праціўнікам БАТЭ быў румынскі клуб «Сцяўа». Першы матч у Барысаве завяршыўся з лікам 2:2, у другім матчы мацней былі румыны — 2:0. Выбыўшы з розыгрышу Лігі чэмпіёнаў, БАТЭ ў першым раўндзе Кубка УЕФА сустракаўся з іспанскім «Вільярэалам» — самым рэйтынгавым клубам розыгрышу — і атрымаў дзве паразы: 1:4 на выездзе і 0:2 на мінскім стадыёне «Дынама».

У чэмпіянаце Беларусі БАТЭ датэрмінова, за чатыры тура да фінішу, заваяваў чэмпіёнскі тытул. У розыгрышы Кубка Беларусі БАТЭ зноў дайшоў да фіналу, дзе ў серыі пасляматчавых пенальці саступіў брэсцкаму «Дынама». У канцы года Ігар Крывушэнка нечакана сышоў на пост галоўнага трэнера мінскага «Дынама», галоўнага суперніка барысаўчан. Яго месца заняў Віктар Ганчарэнка, які ўзначальваў дубль БАТЭ.

2008 год

2008 год стаў асаблівым як у гісторыі БАТЭ, так і ўсяго беларускага футбола. БАТЭ пераадолеў трэці кваліфікацыйны раўнд Лігі чэмпіёнаў УЕФА і стаў першым у гісторыі беларускага футбола клубам, які здолеў прабіцца ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў. У першым кваліфікацыйным раўндзе ў супернікі БАТЭ дастаўся ісландскі «Валюр», які быў пераможаны з агульным лікам 3:0 (2:0 дома і 1:0 у гасцях). У другім кваліфікацыйным раўндзе БАТЭ па суме дзвюх сустрэч сенсацыйна адолеў бельгійскі «Андэрлехт»: 2:1 у гасцях і 2:2 у хатняй сустрэчы. У трэцім кваліфікацыйным раўндзе супернікам БАТЭ быў балгарскі «Леўскі». Матч у Сафіі скончыўся з лікам 1:0 у карысць БАТЭ, а ў адказнай гульні ў Барысаве каманда забяспечыла неабходную нічыю 1:1.

У групавой стадыі БАТЭ патрапіў у групу H, разам з «Рэалам» (Мадрыд), «Ювентусам» (Турын), «Зенітам» (Санкт-Пецярбург). У першай гульні на выездзе БАТЭ саступіў «Рэалу» з лікам 0:2. У другой сваёй гульні з «Ювентусам» (2:2) БАТЭ стаў першым беларускім футбольным клубам, які набраў ачкі ў групавым этапе самага прэстыжнага еўрапейскага турніру. У трэцяй гульні на выездзе БАТЭ згуляў унічыю 1:1 з «Зенітам» з Санкт-Пецярбурга, а ў чацвёртай прайграў яму ў Мінску з лікам 0:2. У апошняй гульні групавога турніру БАТЭ згуляў з «Ювентусам» у нічыю з лікам 0:0, і ў выніку набраўшы 3 ачка ў 6 гульнях, клуб заняў апошняе месца ў групе і скончыў свой выступ у еўракубках.

31 кастрычніка 2008 года БАТЭ стаў пяцікратным чэмпіёнам Беларусі. У гэты дзень быў згуляны перанесены матч 17-га тура, у ім падапечныя Віктара Ганчарэнкі перамаглі жодзінскае «Тарпеда» з лікам 2:1 і за два тура да фінішу сталі недасягальнымі для іншых камандаў.

2009 год

У 2009 годзе барысаўчанам не атрымалася паўтарыць поспех 2008-га ў Еўропе. У Лізе чэмпіёнаў УЕФА БАТЭ дайшоў да трэцяга раўнда (у другім перайграўшы 2 разы з лікам 2:0 македонскі клуб «Македонія» са Скоп’я), дзе саступіў па суме двух матчаў латвійскаму «Вэнтспілсу» (0:1 і 2:1, па галах на выездзе). Пасля гэтага каманда патрапіла ў плэй-оф Лігі Еўропы УЕФА, дзе сустрэлася з балгарскім «Літэксам» (Ловеч). У першым матчы на сваім стадыёне беларусы прайгралі 0:1. Аднак у матчы ў адказ барысаўчане здолелі ў асноўны час адквітаць гэты дэфіцыт, а ў дадатковае — ўпэўнена развіць гэты поспех, у выніку — перамога 4:0 і пуцёўка ў групавы этап Лігі Еўропы УЕФА. Розыгрыш у групавым этапе БАТЭ пачаў з дзвюх параз: ад «Бенфікі» — 0:2 і «Эвертана» — 1:2 (гол на рахунку Дзмітрыя Ліхтаровіча). У наступным матчы была атрымана валявая перамога над грэчаскім АЕКам 2:1 (Паўлаў, Алумона). У Грэцыі праціўнікі разышліся мірам — 2:2 (Радзівонаў, Валадзько), а пасля хатняй паразы ад «Бенфікі» 1:2 (Сасноўскі) барысаўчане страцілі шанцы на працяг барацьбы ў Лізе Еўропы. У заключным матчы групавога турніру барысаўчане на выездзе абгулялі «Эвертан» з лікам 1:0 (Юрэвіч) і з 7 ачкамі занялі 3 месца.

5 кастрычніка 2009 года, атрымаўшы перамогу над наваполацкім «Нафтанам» на полі барысаўскага гарадскога стадыёна, БАТЭ ў чацвёрты раз запар і шосты раз у найноўшай гісторыі стаў чэмпіёнам Беларусі. Яшчэ ў першым тайме ў вароты гасцей былі забіты чатыры безадказных мяча.

2010 год

Сезон 2010 стартаваў для БАТЭ 8 сакавіка, калі ў матчы c уладальнікам Кубка Беларусі 2008/09 наваполацкім «Нафтанам» быў разыграны першы ў гісторыі Суперкубак Беларусі. Перамогшы ў серыі пасляматчавых пенальці, барысаўчане сталі першымі ўладальнікамі трафея.

23 мая 2010 года ў фінальным матчы за Кубак Беларусі на мінскім стадыёне «Дынама», БАТЭ з лікам 5:0 разграміў жодзінскае «Тарпеда» і ў другі раз у сваёй гісторыі стаў уладальнікам Кубка.

26 жніўня 2010 года заваяваў права гуляць у групавым этапе Лігі Еўропы. Папярэдне быў абыграны ісландскі «Хабнафіёрдур» (5:1 дома, 1:0 у гасцях), затым параза па суме 2 матчаў ад дацкага «Капенгагена» (0:0 дома і 2:3 у гасцях) у Лізе чэмпіёнаў. Затым у кваліфікацыі Лігі Еўропы быў двойчы абыграны партугальскі «Марыціму» (3:0 дома і 2:1 у гасцях). Па выніках лёсавання супернікамі БАТЭ сталі нідэрландскі АЗ (перамога 4:1 дома, параза 0:3 у гасцях), «Дынама» (Кіеў; 2:2 у гасцях, параза 1:4 дома), «Шэрыф» (Ціраспаль; перамога 1:0 у гасцях; перамога 3:1 дома). Па выніках групавога турніру барысаўчане ўпершыню выйшлі ў 1/16 фіналу еўрапейскага кубка, дзе па суме дзвюх сустрэч саступілі французскаму «Пары Сен-Жэрмен» (2:2 дома і 0:0 на выездзе).

13 лістапада 2010, абыграўшы ў гасцявым матчы клуб «Белшына» (Бабруйск), БАТЭ датэрмінова стаў чэмпіёнам Беларусі сезона 2010 года.

2011 год

2 жніўня 2011 гады клуб атрымаў права гуляць у раўндзе плэй-оф чэмпіёнскай кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў, абыграўшы ў другім кваліфікацыйным раўндзе «Лінфілд» (1:1 у гасцях, 2:0 хаты), а ў трэцім — «Экранас» (0:0 у гасцях, 3:1 хаты). 24 жніўня БАТЭ абыграў аўстрыйскі «Штурм» у гасцях 0:2 (1:1 дома) і другі раз у сваёй гісторыі выйшаў у групавы этап Лігі чэмпіёнаў, атрымаўшы, пры гэтым, месца ў трэцім кошыку. Па выніках лёсавання БАТЭ адправіўся ў групу H разам з «Барселонай», «Міланам» і «Вікторыяй» (Пльзень).

Ліга чэмпіёнаў далася БАТЭ цяжка. Першы матч з «Вікторыяй» (Пльзень) быў згуляны з лікам 1:1. У другім матчы БАТЭ саступіў «Барселоне» з лікам 0:5. У трэцім матчы саступіў «Мілану» 0:2. Чацвёрты матч быў, мабыць, лепшым у гэтай Лізе чэмпіёнаў. БАТЭ згуляў унічыю з «Міланам» 1:1. Пяты матч быў важны: у ім вырашаўся далейшы ўдзел у Лізе Еўропы. БАТЭ прайграў матч з «Вікторыяй» (Пльзень) і амаль страціў шанцы на трэцяе месца ў групе. Апошні матч у Барселоне быў прайграны з лікам 4:0, і БАТЭ завяршыў удзел у турнірах.

У гэтым жа годзе клуб у шосты раз запар стаў чэмпіёнам Беларусі.

2012 год У 2012 годзе БАТЭ ў другі раз запар выйшаў у групавы этап Лігі чэмпіёнаў. У першых двух матчах барысаўчане сенсацыйна перамаглі французскі «Ліль» (3:1) і нямецкую «Баварыю» (3:1). Але ў двух наступных прайгралі іспанскай «Валенсіі» (0:3 і 2:4). Пасля чаго БАТЭ саступіў «Ліля» (0:2) і «Баварыі» (1:4) і, заняўшы трэцяе месца ў групе, перайшоў у Лігу Еўропы. Дарэчы, «Баварыя» ў тым сезоне атрымала ўпэўненую перамогу ў Лізе чэмпіёнаў, а БАТЭ стаў адзіным клубам, які змог забіць мюнхенцам больш за два мячы ў адным матчы.

11 лістапада перамог з лікам 5:1 клуб «Мінск» і датэрмінова ў сёмы раз запар стаў чэмпіёнам Беларусі.

2013 год