Тавары́ства белару́скай мо́вы імя́ Франці́шка Скары́ны, скарочана ТБМ — добраахвотная масавая грамадская арганізацыя, у якой аб’ядналіся грамадзяне з мэтай культурна-асветніцкай дзейнасці ў галіне адраджэння беларускай мовы ў Беларусі і праз яе — усёй беларускай нацыянальнай культуры, пункт 1.1..
ТБМ атрымала статус рэспубліканскага грамадскага аб’яднання, якое дзейнічае на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (і мае шэраг сяброў і структур за яе межамі) праз свае арганізацыйныя структуры. ТБМ арганізуе сваю работу на прынцыпах дэмакратызму, плюралізму, самакіравання, галоснасці, падтрымлівае і развівае творчую актыўнасць і ініцыятыву яго сяброў і дзейнічае супольна з дзяржаўнымі, навуковымі ўстановамі, грамадскімі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь.
ТБМ было створана 27 чэрвеня 1989 года, з’яўляючыся, такім чынам, адным з найстарэйшых няўрадавых беларускіх грамадскіх аб’яднанняў. За гады сваёй дзейнасці ТБМ дасягнула значных поспехаў у пашырэнні ўжывання беларускай мовы ў сучасным беларускім грамадстве. 8 лістапада 2021 года Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэнне аб ліквідацыі ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны»facebook.com/alena.anisim.
Гісторыя
Стварэнне ТБМ
Станам на другую палову 1980-х гг. працэс русіфікацыі Беларусі, ініцыяваны цэнтральным урадам СССР як працяг шавіністычнай палітыкі Расійскай імперыі, быў цалкам завершаны: ужо ў канцы 1960-х гг. аніводная школа ні ў адным горадзе і гарадскім пасёлку БССР не працавала на беларускай мове. Увогуле на працягу ўсіх пасляваенных дзесяцігоддзяў сфера грамадскага ўжытку мовы карэннага насельніцтва Беларусі ўвесь час і няспынна звужалася і выцяснялася з усіх галін вытворчасці, з адукацыі і навукі, з дзяржаўных і партыйна-савецкіх устаноў, транспартнай сістэмы і інш. Гэта натуральна выклікала вялікі неспакой нацыянальна свядомых колаў творчай і навуковай інтэлігенцыі, якія ўсё часцей пачалі выказваць свой пратэст, у тым ліку публічна. Варта адзначыць, што гэта ў спалучэнні з узрушэннем народа ад Чарнобыльскай катастрофы, агучвання фактаў масавых рэпрэсій у БССР (у тым ліку ад адкрыцця Курапатаў), сацыяльна-эканамічнай нестабільнасці прывяло да імклівага ўзрастання нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.
У той жа час у СССР была разгорнута палітыка перабудовы і галоснасці. Гэта дало магчымасці для адкрытага дыялогу з уладамі па пытаннях нацыянальных культур і моў саюзных рэспублік. Было відавочна, што агучаная Сталіным шавіністычная ідэя зліцця народаў СССР у гэтак званую «новую гістарычную супольнасць — адзіны савецкі народ» на падставе рускага народа і яго мовы знаходзілася ў крызісным стане і пачала ствараць цэнтральнаму ўраду больш перашкод, чым плёну. У якасці ідэйнай альтэрнатывы пачалі абмяркоўвацца ідэі нацыянальнага адраджэння народаў Саюза. Беларускі народ не стаў выключэннем.
Беларускі паэт Ніл Гілевіч, якога прынята вызнаваць за ініцыятара стварэння Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, успамінаў:
Такім чынам 27 чэрвеня 1989 г. у Мінску адбыўся Устаноўчы з’езд Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
На з’ездзе былі зацверджаны Статут Таварыства, абраны яго кіраўнічыя органы — Рэспубліканская рада ТБМ (27 чалавек), Сакратарыят Рады (13 чалавек, старшыня — Ніл Гілевіч, намеснікі — Аляксандр Падлужны, Пётр Садоўскі, Яўген Цумараў) і Рэвізійная камісія (9 чалавек, старшыня — Мікола Кійка).
Былі створаны наступныя камісіі ТБМ: арганізацыйна-прапагандысцкая (узначаліў Яўген Цумараў); адукацыйная (узначаліў Пётр Садоўскі); тэрміналагічная (узначаліў Уладзімір Арлоў); па ўдасканаленні правапісу (узначаліў Генадзь Цыхун); па культуры мовы (узначаліў Анатоль Клышка); па моўных скарбах (узначаліў Янка Саламевіч); па зрокавым і гукавым афармленні жыццёвага асяроддзя (узначаліў Мікола Купава); па сувязях з суайчыннікамі за межамі Рэспублікі (узначаліў Барыс Сачанка); па тапаніміцы (узначаліў Леанід Лыч); выдавецкая (узначаліў Зміцер Санько).
З’езд звярнуўся з хадайніцтвам да Вярхоўнага Савета БССР аб неадкладным наданні беларускай мове ў Рэспубліцы статусу дзяржаўнай.
З’езд прыняў «Зварот да грамадзян Беларускай ССР, да беларусаў, якія жывуць за межамі Рэспублікі, да ўсіх прыхільнікаў беларускага слова», дзе, у прыватнасці, адзначалася:
І ўжо 28 верасня 1989 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР зарэгістраваў Статут ТБМ. Такім чынам Таварыства набыло афіцыйны юрыдычны статус. У той жа дзень адбылася ўстаноўчая канферэнцыя Маскоўскай раённай рады ТБМ г. Мінска, на якой было абрана Праўленне з 6 чалавек: Віктар Навуменка (старшыня Рады), Уладзімір Лобач (намеснік старшыні), Валянціна Бурмака, Яўген Лаўрэль, Алесь Нікалайчанка, Мікола Мішчанчук.
1989 год
Ліпень: рэгістрацыя першай замежнай арганізацыі ТБМ
У г. Прыазёрску (Казахстан) мясцоваму беларускаму зямляцтву нададзены статус Прыазёрскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Францішка Скарыны на чале з Прыазёрскай гарадской радай ТБМ імя Францішка Скарыны (старшыня рады — Станіслаў Суднік, які ў той час знаходзіўся ў Казахстане на вайсковай службе).
Верасень
Сябры Прыазёрскай гарадской арганізацыі ТБМ (Казахстан) сабралі 21 подпіс за дзяржаўнасць беларускай мовы і накіравалі ліст з гэтымі подпісамі на адрас Вярхоўнага Савета БССР. Гэты ліст быў уключаны ў даклад Ніны Мазай на XIV сесіі Вярхоўнага Савета БССР.
Снежань: пашырэнне колькасці арганізацый ТБМ у Беларусі
1 снежня. Прайшла ўстаноўчая канферэнцыя Гродзенскага гарадскога аддзялення Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Старшынёй абраны Аляксей Пяткевіч. На канферэнцыю было абрана 590 дэлегатаў. З уступным словам да прысутных звярнуўся старшыня гарвыканкама Віктар Кудравец. Выступы мелі дырэктар СШ № 26 В. Шаўцоў, загадчык аддзела культуры гарвыканкама І. Кліменка, дэкан філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Т. Тамашэвіч, метадыст Інстытута ўдасканалення настаўнікаў А. Будзько і інш. — усяго 12 дэлегатаў. 16 снежня. У г. Лідзе прайшла ўстаноўчая канферэнцыя ТБМ імя Францішка Скарыны, на якой была ўтворана Лідская гарадская арганізацыя ТБМ. Была абрана рада ў складзе 17 чалавек, першым старшынёй Лідскай гарадской рады стаў Міхась Мельнік. 19 снежня. Была створана Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ. Яе старшынёй быў абраны Яраслаў Клімуць.
1990 год
Закон «Аб мовах у Беларускай ССР»
29 студзеня 1990 г. XIV сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон «Аб мовах у Беларускай ССР», у другім артыкуле якога было напісана:
Закон адразу пасля прыняцця быў выпушчаны ў свет масавым накладам мінскім выдавецтвам «Беларусь». Варта адзначыць, што руская мова не вынішчалася з жыцця грамадства: за ёй захоўвалася права мовы міжнацыянальных зносінЗакон «Аб мовах у Беларускай ССР»., яна працягвала выкладацца ў школах і выкарыстоўвалася агульнасаюзнымі ведамствамі.
Сакавік: заснаванне «Нашага слова»
Выйшаў з друку першы нумар бюлетэня ТБМ імя Францішка Скарыны «Наша слова» — выдання безганарарнага і штомесячнага. Наклад нумара складаў 6500 асобнікаў. Старшынёй рэдакцыйнай калегіі бюлетэня быў Ніл Гілевіч, сябрамі рэдкалегіі — Янка Брыль, Уладзімір Дамашэвіч, А. Камароўскі, Анатоль Клышка, І. Лапцёнак, Генадзь Мацур, Зміцер Санько, М. Супрановіч, Алесь Траяноўскі, Генадзь Тумаш, Яўген Цумараў, Генадзь Цыхун.
Май
11—12 мая ў сталічным Доме літаратара праходзіла навукова-практычная канферэнцыя «Дзяржаўнасць беларускай мовы: праблемы і шляхі ажыццяўлення», падрыхтаваная Рэспубліканскай Радай ТБМ сумесна з Міністэрствам народнай адукацыі БССР. Мэта канферэнцыі — садзейнічаць камісіі Саўміна ў распрацоўцы праграмы ажыццяўлення ў Рэспубліцы Закона «Аб мовах». Удзельнікі прынялі зварот да народных дэпутатаў БССР, які заканчваўся так: «Мы верым, што ў Вас хопіць дзяржаўнай мудрасці, каб зрабіць Беларусь суверэннай дзяржавай не толькі на паперы, але і фактычна, каб яна вызначалася […] і сваёю дзяржаўнаю моваю».
Жнівень
Выйшаў у свет шосты нумар бюлетэня ТБМ «Наша слова», амаль цалкам прысвечаны 500-годдзю з дня нараджэння Францішка Скарыны.
Накладам у 10 тысяч асобнікаў быў выдадзены першы нумар часопіса «Унія». Выдавец — аднайменная моладзевая суполка, зарэгістраваная як калектыўная сябрына ТБМ імя Францішка Скарыны.
Камісія Вярхоўнага Савета БССР па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, якую ўзначальваў Ніл Гілевіч, звярнулася са зваротам да грамадзян краіны з заклікам аддаваць сваіх дзяцей у беларускамоўныя класы.
У Прыазёрску ў Казахстане выйшаў першы нумар газеты «Рокаш» (гэта было першае выданне ТБМ пасля «Нашага слова»), якую выдавала мясцовая арганізацыя ТБМ.
Верасень
Бюлетэнь ТБМ імя Францішка Скарыны «Наша слова» для афармлення падпіскі быў уключаны ў каталог перыядычных выданняў СССР пад індэксам 74975.
У Прыазёрску ў Казахстане была адчынена першая за межамі Беларусі беларуская нядзельная школа. Школу адчыніла мясцовая арганізацыя ТБМ.
Заснаванне газетнай старонкі «Неруш»
Лёзненская раённая арганізацыя ТБМ падрыхтавала ў мясцовай газеце «Патрыёт» старонку «Неруш», дзе асвятлялася дзейнасць грамадскага аб’яднання.
1991 год
Студзень: удасканаленне «Нашага слова»
Накладам у 8 тысяч асобнікаў выйшаў з друку першы (адзінаццаты ўвогуле) нумар «Нашага слова», які істотна адрозніваўся ад сваіх папярэднікаў. Матэрыялы пачалі падавацца сістэматызавана. З’явіліся сталыя рубрыкі «Рэха», «З лякарні спадара Алеся». У праграмным звароце да чытачоў новага рэдактара Э. Ялугіна гаварылася: «У хуткім часе „Наша слова“ пачне выходзіць часцей. З безганарарнага бюлетэня яно пераўтвараецца ў паўнавартасны штотыднёвік са штатнымі літаратурнымі супрацоўнікамі».
Часопіс «Беларуская мова і літаратура ў школе» адкрыў дыскусію аб правапісе.
Люты: Савет Міністраў БССР пашырае дзейнасць ТБМ
12 лютага Савет Міністраў БССР прыняў спецыяльную пастанову (№ 56), накіраваную на пашырэнне дзейнасці ТБМ імя Францішка Скарыны. Пастанова абавязвала выканкамы, міністэрствы, ведамствы Рэспублікі аказваць дапамогу Таварыству ў стварэнні на месцах сваіх новых арганізацый. ТБМ атрымала права мець уласныя прадпрыемствы, якія пачалі выпускаць сувенірную прадукцыю і вырабы культурна-побытавага прызначэння, сродкам масавай інфармацыі Беларусі даручалася прапаганда дзейнасці Таварыства.
Сакавік: «Наша слова» становіцца штотыднёвікам
З трэцяга (увогуле трынаццатага) нумара (6—12 сакавіка) «Наша слова» стала штотыднёвікам. На Ленінскім праспекце (цяпер гэта праспект Незалежнасці) у Мінску пачаў працаваць кіёск ТБМ.
Красавік
У «Нашым слове» № 7 за 3—9 красавіка 1991 г. быў апублікаваны палемічны артыкул Уладзіміра Ламекі «Тарашкевіца? Наркомаўка? Скарыніца?»
Сакратарыят ТБМ арганізаваў бясплатныя двухмесячныя курсы па інтэнсіўным авалоданні беларускай мовай.
Коштам ТБМ імя Францішка Скарыны быў перавыдадзены «Расійска-Крыўскі (беларускі) слоўнік» Вацлава Ластоўскага, які ўпершыню ўбачыў свет у 1924 г. Наклад перавыдання склаў 10 тысяч асобнікаў.
Май
У «Нашым слове» № 12 быў апублікаваны зварот Рэспубліканскай Рады ТБМ да народных дэпутатаў Рэспублікі ўсіх узроўняў, да ўсіх грамадзян Беларускай ССР, да прыхільнікаў беларускага слова «Каб людзьмі звацца!» У дакуменце звернута ўвага на тое, што аснова культуры беларускага народа — нацыянальная мова — знаходзіцца ў небяспецы, бо артыкулы і палажэнні прынятага Закона «Аб мовах» чыноўніцтвам па-ранейшаму ігнаруюцца.
На канец мая ў Сакратарыяце ТБМ імя Францішка Скарыны былі зарэгістраваныя наступныя рэгіянальныя арганізацыі Таварыства: па Магілёўскай вобласці — 8 раённых і гарадскіх рад, па Мінскай — 17, па Гомельскай — 6, па Гродзенскай — 11, па Брэсцкай — 7, па Віцебскай — 12, у Мінску — 9 раённых рад і 6 асобных арганізацый, якія мелі правы раённых, а таксама 19 калектыўных сябрын.
Чэрвень