ААТ «ВЗРД „Маналіт“» (ранейшая назва: Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Маналіт») — прадпрыемства электроннай прамысловасці Віцебска, спецыялізуецца на вытворчасці кандэнсатараў і тэрмарэзістараў. Дырэктар: Акіф Джафар аглы Гасымаў, папярэднік — Мікалай Міхайлавіч Дуброўскі. Больш 800 рабочых.

Гісторыя Рашэнне аб пачатку будаўніцтва завода было прынята ў 1953 годзе. Актыўнае яго будаўніцтва пачалося на забалочаным ускрайку Маркаўшчыны ў 1955 годзе. Праз 27 месяцаў вырас першы вытворчы корпус завода, а 28 лютага 1958 года ўжо была адгружана і здадзена спажыўцам першая партыя прадукцыі. Гэта дата і лічыцца днём нараджэння завода.

Спачатку завод спецыялізаваўся на выпуску толькі керамічных вырабаў. Ён быў першым прадпрыемствам такога профілю не толькі ў Віцебску, а і ў рэспубліцы.

У 1972 годзе завод ужо быў высока механізаваным прадпрыемствам — быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

У 1977 годзе аб’яднанню было прысуджана званне «Віцебскае вытворчае аб’яднанне „Маналіт“ імя 60-годзя Вялікага Кастрычніка».

27 траўня 2023 года Украіна ўвяла санкцыі супраць прадпрыемства. Паводле звестак Беларускага расследавальніцкага цэнтра, Беларускай службы Радыё «Свабода» і , завод вырабляе кампаненты для расійскага ваенна-прамысловага комплексу.

Сённяшняе прадпрыемства На сённяшні дзень ААТ «Маналіт» — вядучы вытворца маналітных керамічных кандэнсатараў.

Асноўная прадукцыя: шматслойныя і аднаслойныя керамічныя і плёначныя кандэнсатары, вырабы з п’езакерамікі і іншыя п’езавырабы, пазістары, шматслойныя індуктыўнасці на керамічнай падложцы для паверхневага мантажу, складанае тэхналагічнае абсталяванне, сістэмы электроннага запальвання, устройствы цеплавой аховы электрарухавікоў, мікрафоны, бытавыя пыласосы і іншыя тавары шырокага ўжытку. На вытворчым аб’яднанні дзейнічае навукова-даследчы інстытут электроннай тэхнікі.

Героі Сацыялістычнай Працы Аляксандр Пятровіч Авечкін

Літаратура

Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Маналіт» // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Віцебска : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; склад. А. І. Мацяюн; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2003. — Кн. 2. — С. 454.

Спасылкі Сайт прадпрыемства

Катэгорыя:Вытворцы электронікі Беларусі Катэгорыя:Прадпрыемствы Віцебска Катэгорыя:З’явіліся ў 1958 годзе Катэгорыя:1958 год у Віцебску