Свята-Параскева-Пятніцкая царква — праваслаўная царква. Знаходзіцца на вул. Валадарскага ў горадзе Лепель. Гісторыя Пабудавана як сабор у 1841–44 гг. з дрэва на месцы царквы, узведзенай падканцлерам Вялікага Княства Літоўскага Львом Сапегам у 1586 г. пры заснаванні мястэчка Новы Лепель. Перабудавана ў пачатку 20 ст.
Архітэктура Помнік народнага дойлідства. Храм атрымаў арыгінальную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю – уздоўж падоўжнай планіровачнай восі размешчаны: нізкі прамавугольны прытвор пад 2-схільным дахам, больш высокі бабінец, над якім надбудавана 1-ярусная чацверыковая званіца з макаўкай, прамавугольная малітоўная зала пад 2-схільным дахам, прамавугольная апсіда, над якой надбудаваны 8-гранны шатровы барабан з цыбулепадобным купалам. Сцены фігурна ашаляваны, прарэзаны квадратнымі, прамавугольнымі і гарызантальна выцягнутымі аконнымі праёмамі. Інтэр'ер Абразы: «Маці Божая Смаленская» (18 ст.), «Апосталы Пётр і Павел» (1-я палавіна 19 ст.).
Літаратура
Царква ў імя святой велікамучаніцы Параскевы Пятніцы // Кулагін, А.М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А.М. Кулагін. – Мн., 2007. – С. 225.
Спасылкі
Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Лепеля Катэгорыя:Помнікі беларускага народнага дойлідства Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Беларусі Катэгорыя:Храмы Віцебскай і Аршанскай епархіі Катэгорыя:1844 год у Беларусі