Павел Кірыльчык (нар. , ) — беларускі футбаліст (абаронца) і трэнер. У цяперашні час працуе ў трэнерскім штабе расійскага клуба «Тарпеда» з Масквы.
Клубная кар’ера Пачаў кар’еру ў мінскім «Тарпеда-МАЗ», пасля доўгі час гуляў ва Украіне. У 2010 годзе перайшоў у клуб «Мінск», з якім выйграў бронзу чэмпіянату 2010. Потым год гуляў за казахстанскі «Кайрат».
У студзені 2012 года вярнуўся ў Беларусь, падпісаўшы кантракт з «Гомелем». У сезоне 2012 з’яўляўся на полі нерэгулярна, але стаў адзіным іграком асноўнага складу, які застаўся ў клубе на наступны сезон. Сезон 2013 распачынаў як цэнтральны абаронца, але потым стаў выкарыстоўвацца як апорны паўабаронца. У ліпені 2013 года, пасля зыходу з «Гомеля» Сяргея Канцавога, стаў капітанам каманды.
У пачатку сезона 2014 быў пазбаўлены капітанства, а ў канцы красавіка 2014 года галоўны трэнер Аляксей Мяркулаў увогуле перавёў Кірыльчыка ў дубліруючы склад. Пасля прызначэння ў маі 2014 года галоўным трэнерам Уладзіміра Гольмака вярнуўся ў аснову і замацаваўся на пазіцыі апорнага паўабаронцы. У снежні 2014 года пакінуў гомельскі клуб па заканчэнні кантракта.
У лютым 2015 года падпісаў кантракт з мікашэвіцкім «Гранітам», які па выніках сезона 2014 вярнуўся ў Вышэйшую лігу. У складзе «Граніта» стаў асноўным апорным паўабаронцам. У ліпені 2016 года з-за фінансавых праблем «Граніта» разарваў кантракт з клубам і неўзабаве папоўніў склад «Іслачы». Спачатку гуляў у аснове «Іслачы», але ў верасні атрымаў траўму і выбыў да канца сезона. У студзені 2017 года падоўжыў кантракт з клубам. У красавіку і маі 2017 года адсутнічаў з-за траўмы, пазней замацаваўся на пазіцыі цэнтральнага абаронцы.
У ліпені 2018 года пакінуў «Іслач» і неўзабаве стаў іграком магілёўскага «Дняпра». Спачатку трывала гуляў у аснове магіляўчан, пазней з-за траўмы страціў месца ў складзе. У снежні 2018 года пакінуў магілёўскі клуб.
У студзені 2019 года далучыўся да дзяржынскага «Арсенала», дзе замацаваўся ў складзе, стаў капітанам каманды, а таксама гуляючым трэнерам.
Міжнародная кар’ера Згуляў у некалькіх матчах за моладзевую і нацыянальную зборныя на працягу 2002—2006.
Трэнерская кар’ера У верасні 2020 года, пасля адстаўкі Сяргея Ясковіча, быў прызначаны выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера «Арсенала» да канца сезона. Тады ж спыніў выступы ў якасці футбаліста. У сезоне 2021 ужо стаў паўнамоцным галоўным трэнерам каманды і вывеў яе ў Вышэйшую лігу, аднак па выніках сезона 2022 «Арсенал» вярнуўся ў Першую лігу. У снежні 2022 года па пагадненні бакоў пакінуў дзяржынскі клуб.
З лета 2023 года стаў працаваць трэнерам у расійскай юнацкай школе «Майстар-Сатурн» з Маскоўскай вобласці, дзе працаваў да снежня 2023 года. У студзені 2024 года ўвайшоў у трэнерскі штаб маскоўскага «Тарпеда».
У жніўні 2023 года атрымаў трэнерскую ліцэнзію катэгорыі PRO.
Дасягненні Бронзавы прызёр чэмпіянату Украіны: 2005/2006 Бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі: 2010 Уладальнік Суперкубка Беларусі: 2012
Крыніцы
Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі зборнай Беларусі па футболе Катэгорыя:Ігракі ФК Тарпеда Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК Нафтахімік Ніжнякамск Катэгорыя:Ігракі ФК Крыўбас Крывы Рог Катэгорыя:Ігракі ФК Чарнаморац Адэса Катэгорыя:Ігракі ФК Карпаты Львоў Катэгорыя:Ігракі ФК Марыупаль Катэгорыя:Ігракі ФК Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК Кайрат Алматы Катэгорыя:Ігракі ФК Гомель Катэгорыя:Ігракі ФК Граніт Мікашэвічы Катэгорыя:Ігракі ФК Іслач Катэгорыя:Ігракі ФК Дняпро Магілёў Катэгорыя:Ігракі ФК Арсенал Дзяржынск Катэгорыя:Футбольныя трэнеры Беларусі Катэгорыя:Трэнеры ФК Арсенал Дзяржынск