Максі́м Танк, сапраўднае імя Яўге́н Іва́навіч Скурко́ (; ; іншыя псеўданімы: Аўгень Бура; А.Граніт) — беларускі паэт, перакладчык, грамадскі дзеяч. Народны паэт Беларусі (1968).

На яго творчасць аказала ўплыў грунтоўнае веданне беларускага фальклору; паэзіі Максіма Танка ўласцівы інтэлектуалізм, шырокамаштабнасць, найноўшыя мастацкія формы і сродкі, багацце вобразнай, рытміка-меладычнай (верш сілаба-танічны, танічны, дольнік, верлібр), страфічнай (тэрцэт, катрэн, санет) арганізацыі верша.

Біяграфія

Паходжанне

Прадзеда Максіма Танка звалі Марк, ён быў адным з заснавальнікаў вёскі Пількаўшчына. Дзеда звалі Хведар Скурко, яго жонку — Улляна. Хведар Маркавіч Скурко быў заўзятым паляўнічым, апроч таго ведаў лекавыя травы, дапамагаў хворым. Пасля сябе пакінуў каля шасці дзесяцін зямлі, разам з лесам і сенажаццю, меў дванаццаць дзяцей. Засталіся звесткі толькі пра трох сыноў: Івана, Фадзея і Ціхана. Сем’і дачок Паліны і Соф’і за савецкім часам былі рэпрэсіраваны і вывезены ў Сібір.

Бацька Максіма Танка — Іван Хведаравіч Скурко (нар. 1882 г.; старэйшы сын Хведара Маркавіча), маці — Домна Іванаўна Хвалько (родам з вёскі Задубенне). Бацька арандаваў зямлю, шыў боты, ганяў плыты, наймаўся лесарубам, хадзіў на панскі луг капаць канавы; толькі адну зіму адвучыўся ў царкоўнапрыходскай школе ў вёсцы Новікі, а потым яшчэ некалькі месяцаў у Мядзельскім народным вучылішчы; меў брата Ціхана, сясцёр Соф’ю і Хрысціну.

Падчас Першай сусветнай вайны, увосень 1914 года, Івана Хведаравіча мабілізавалі ў Расійскае войска. Ён быў накіраваны ў шавецкую майстэрню ў Пскоў. Ад шлюбу з Домнай Іванаўнай меў дзяцей: сыноў Яўгена (Максім Танк) і Хведара, дачок Веру і Людмілу.

Дзяцінства. Школьныя і гімназічныя гады

Яўген (Аўген, Аўгень) Іванавіч Скурко (Максім Танк) нарадзіўся 17 верасня (4 верасня паводле старога стылю) 1912 года ў вёсцы Пількаўшчына Вілейскага павета Віленскай губерні, ахрышчаны ў Сваткаўскай праваслаўнай царкве. У 1914 годзе маці з двухгадовым сынам на руках далучылася да бежанцаў Першай сусветнай вайны. У Дзвінску на вакзале выпадкова сустрэлі бацьку, салдаты знайшлі для іх месца ў эшалоне, і сям’я эвакуіравалася ў Маскву. У Маскве сям’я пражыла з 1914 па 1922 год. Маці падрабляла прыбіральшчыцай, пазней перайшла на працу на ваенны завод.

Сям’я жыла на Ціхвінскай вуліцы, дзе была і школа, у якую пайшоў Яўген, тут ён самастойна прачытаў асобныя творы класічнай расійскай літаратуры, творы ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнкі.

Паводле ўмоў Рыжскага міру 1921 года яго родная Пількаўшчына разам з Заходняй Беларуссю адышла да Польшчы. У 1922 годзе сям’я вярнулася ў Пількаўшчыну. Школа была польская, добра польскай мовы Яўген не ведаў, бацька вучыў сына чытаць па-польску. У 1923 годзе Яўген Скурко пайшоў у Шкленікоўскую пачатковую школу, дзе атрымліваў выдатныя адзнакі. Зімой вучыўся, улетку пасвіў кароў.

Увосень 1925 года бацька перавёў яго у Сваткоўскую школу. Хлопчык старанна вучыўся, удзельнічаў у драматычным гуртку, маляваў. За зіму перачытаў кнігі са школьнай бібліятэкі — творы Генрыка Сянкевіча, Марыі Канапніцкай, Жуля Верна, Фенімара Купера, Адама Міцкевіча. У Сватках яму ўпершыню ў рукі трапіў «Беларускі каляндар» (на 1925 год). Яго зацікавіла, што каляндар быў напісаны на той жа (беларускай) мове, на якой размаўлялі між сабой вяскоўцы. У 1926 годзе Яўген Скурко скончыў пачатковую школу.

У 1926 годзе паступіў у трэці клас рускай прыватнай гімназіі ў Вілейцы. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Аглаіда Мажухіна заахвоціла яго да творчасці. Падчас навучання ён пераказаў у вершаванай форме легенду пра Шкленікоўскае возера, што чуў ад свайго дзеда, склаў некалькі вершаўМаксім Танк // Беларуская літаратура: Вучэбны дапаможнік для 10 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання / Пад рэд. А. П. Бязлепкінай-Чарнякевіч, І. Д. Воюш. — Мінск: Нацыянальны інстытут адукацыі, 2020. — С. 222—226. ISBN 978-985-594-737-1. У 1928 годзе Вілейская руская гімназія была закрыта ўладамі.

Яўгену Скурку давялося ехаць у Радашковічы, дзе ён працягнуў навучанне. У Радашковіцкай беларускай гімназіі пазнаёміўся з беларускім нацыянальным рухам. Гімназія была заснавана паводле ініцыятывы беларускага дзеяча Аляксандра Уласава, адміністратарам быў палітык Тодар Вернікоўскі, мастацкім гуртком кіраваў Язэп Драздовіч, у гімназіі выкарыстоўвалі беларускі нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Тут ён таксама пазнаёміўся з падпольнай камсамольскай арганізацыяй, у якую неўзабаве ўступіў. Большасць яго новых сяброў пісалі вершы, заняўся гэтым і ён. Першыя творы не захаваліся, пачатковец знішчаў амаль усё напісанае, што не трапляла ў друк. У новай гімназіі Яўген Скурко прыняў удзел у вучнёўскай забастоўцы, накіраванай супраць ліквідацыі беларускіх школ польскім урадам. Пасля гэтага з Радашковіцкай гімназіі было выключана некалькі гімназістаў, у ліку якіх апынуўся і ён. Яўген Скурко, як і шмат хто з выключаных вучняў, у 1929 годзе накіраваліся ў Вільню, нейкі час вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, аднак быў выключаны з яе.

У пачатку 1929 года Яўген Скурко паступіў у Віленскую рускую гімназію імя Аляксандра Пушкіна.

Падпольная дзейнасць

У пачатку 1930-х гадоў Яўген Скурко прымаў удзел у падпольнай камсамольскай рабоце. Супрацоўнічаў з нелегальным друкам: камуністычным «Часопісам для ўсіх», газетай-аднадзёнкай «Беларускае жыццё» (выйшла 7 красавіка 1932 года ў Львове, тут упершыню выкарыстаў псеўданім Максім Танк).

27 красавіка 1932 года за ўдзел у выданні першага (і адзінага) нумара беларускага літаратурна-палітычнага «Часопіса для ўсіх», а таксама за падпольную камуністычную дзейнасць быў арыштаваны і трапіў у віленскую турму Лукішкі, у якой месяц адбыў у зняволенні.

У той час, пад уплывам нацыянальнага асяродку Заходняй Беларусі, актыўна выяўляў беларускую нацыянальную пазіцыю. У вершы «Ты чуеш, брат… (1930) ён піша:

Восенню 1932 года нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу і трапіў у Менск у надзеі прадоўжыць вучобу. У Менску таксама далучыўся да падпольнай дзейнасці. Там яго арыштавалі і два тыдні трымалі пад вартай у менскай турме, праводзілі „сяброўскія гутаркі“, вялі допыты, а пасля дэпартавалі назад у Польшчу.

У 1932—1933 гадах працаваў інструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусі, вёў камуністычную дзейнасць на Віленшчыне і Навагрудчыне. Неаднаразова затрымліваўся польскімі ўнутранымі органамі. 11 жніўня 1933 года віцэ-пракурор XIII Віленскага раёна Дамінік Пятроўскі ў сваім абвінаваўчым акце (аб’ём — 13 друкаваных старонак) заяўляў, што жыхар вёскі Пількаўшчына Мядзельскай гміны Пастаўскага павета, сын Яна і Дамінікі Яўген Скурко, якому 21 год, абвінавачваецца ў тым, што з 1930 года па 27 траўня 1933 года ў Вільні, у Пастаўскім і Дзісенскім паветах Віленскага ваяводства, а таксама ў Навагрудскім ваяводстве, маючы намер гвалтоўна змяніць дзяржаўны лад Польшчы і адарваць частку яе тэрыторыі, узяў удзел у Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), ведаючы, што гэта партыя складаецца з асоб, якія імкнуцца да азначанай вышэй мэты.

У турмах Яўген Скурко правёў з перапынкамі каля двух гадоў. У 1936 годзе быў прыняты ў КПЗБ.

У другой палове 1930-х гадоў як член інструктарскай групы ЦК КПЗБ па рабоце ў дэмакратычных арганізацыях, сярод інтэлігенцыі і моладзі ён накіраваны на парцу ў легальнія выданні, што выяўлялі ідэй антыфашысцкага Народнага фронту. Вёў „Беларускую калонку“ ў польскім перыядычным выданні „Poprostu“ („Папростаму“), узначальваў літаратурны аддзел у газеце „Наша воля“, супрацоўнічаў з „Беларускім летапісам“ („Летапіс ТБМ“), часопісам „Калоссе“.

З дапамогай КПЗБ выйшлі кнігі паэта „На этапах“ (1936, з прадмовай Рыгора Шырмы), Журавінавы цвет» (1937) і паэма «Нарач» (1937), «Пад мачтай» (1938). Кнігі «На этапах» і «Нарач» былі канфіскаваны польскімі ўладамі.

Другая сусветная вайна

Пасля заняцця Заходняй Беларусі і Віленшчыны Чырвонай арміяй у другой палове верасня 1939 года Максім Танк працуе ў савецкай беларускай газеце «Віленская праўда», якая стваралася як меркаваная абласная газета Віленшчыны ў складзе БССР, аднак Вільня і Віленскі край былі перададзены бальшавіцкімі ўладамі Літве, а газета закрыта. Танк працуе ў сельскім камітэце, у вілейскай абласной «Сялянскай газеце». Сябра Саюза пісьменніка Беларускай ССР з 1940. У 1940 годзе ў Дзяржвыдавецтве БССР выйшлі яго «Выбраныя творы», а ў Маскве — зборнік «Стихотворения».

У лістападзе 1939 года Заходняя Беларусь была далучана да Беларускай ССР, на новых тэрыторыях пачаліся савецкія рэпрэсіі ў дачыненні да «антысавецкіх элементаў». Бацька Максіма Танка быў адным з найбагацейшых гаспадароў у вёсцы, яго род меў 60 дзесяцін зямлі. Раскулачванне і рэпрэсіі абмінулі іх толькі таму, што паэт загадаў бацькам тэрмінова ўступіць у калгас.

У чэрвені 1940 года Яўген Скурко ажаніўся з Любоўю Асаевіч (1912 г.н.), з якой вучыўся яшчэ ў Віленскай гімназіі. Маладая сям’я патрапіла ў Беласток. Пасля нападу Германіі на СССР эвакуіраваўся ў Саратаў, у дарозе нарадзіўся сын Максім. Яўген Скурко ўступіў у народнае апалчэнне. Крыху пазней ён быў накіраваны на Бранскі фронт, у газету «За Савецкую Беларусь». Працаваў у рэдакцыі газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». У 1945 годзе ў сям’і нарадзілася двойня, Ірына і Вера.

Пасляваенны перыяд Пасля вайны Максім Танк працаваў у часопісе «Вожык». У 1948—1967 гадах галоўны рэдактар часопіса «Полымя». З 1967 па 1990 гады Макім Танк быў старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1966 па 1986 год — сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, з 1958 па 1991 гады — старшыня Рэспубліканскага камітэта савецка-польскай дружбы. З 1990 года — член Рады Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1961 па 1966 гады — кандыдат у члены ЦК КПБ, з 1966 па 1990 гады — член ЦК КПБ. З 1947 па 1971 гады — дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, з 1969 па 1989 гады — дэпутат Вярхоўнага Савета СССР. З 1963 па 1971 гады — старшыня Вярхоўнага Савета БССР. Акадэмік АН Беларусі (1972).

Падтрымліваў беларускую паэтку і дысідэнтку Ларысу Геніюш, дзякуючы яго заступніцтву ў БССР былі выдадзены дзве яе кнігі. У далейшым станоўча ацаніў яе аўтабіяграфічную «Споведзь»: «Чытаю „Споведзь“ Ларысы Геніюш… Гэты твор пакідае большае ўражанне, як „Архіпелаг ГУЛАГ“ Салжаніцына, бо ўсё, пра што яна піша, перажыта ёю, а да ўсяго яшчэ — у кожным слове чуеш біццё яе няскоранага і самаахвярнага сэрца. „Споведзь“ Л. Геніюш — твор велізарнай выбуховай сілы».

Прымаў удзел у XV сесіі Генеральнай асамблеі ААН (1960 год) ад нацыянальнага прадстаўніцтва Беларускай ССР у складзе дэлегацыі СССРСаўка, З. Беларуская цывілізацыя ў Амэрыцы = Belarusan Civilization in America: пяцьдзясят гадоў Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, 1949―1999: падзеі, дакумэнты, успаміны, пэрсаналіі / Зьміцер Саўка; [рэдактар Наталля Гардзіенка; прадмова Лявона Юрэвіча]. — Мінск: Кнігазбор, 2019. — 603 с., XII с. фат., партр.: іл., партр., факсім. — С. 76—77. — Бібліятэка Бацькаўшчыны; Кн. 38). — ISBN 978-985-7207-69-5..

Час незалежнасці

З 1991 года — старшыня таварыства «Беларусь — Польшча». Перад смерцю падтрымліваў нацыянальную сімволіку, выступіў супраць вынікаў рэферэндума 1995 года. У 1995 годзе ён разам з паэтам Піменам Панчанкам, акадэмікам і віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Радзімам Гарэцкім і іншымі беларускімі творчымі і навуковымі дзеячамі выступіў з прапановай прыняць у якасці дзяржаўнага гімна Беларусі верш Алеся Ставера «Вякамі стваралі мы нашу дзяржаву», дзе апяваюцца герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг (сцяг Айчыны) і сцвярджаецца нацыянальны дэвіз: «Дружней, беларусы! Гучней, беларусы! Гукайма: Жыве Беларусь!».