Рэформа беларускага правапісу была зацверджана Пастановай СНК БССР «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» ад 26 жніўня 1933 года, апублікаванай у газеце «Звязда» 28 жніўня. Пастанову выдалі аднайменнай асобнай брашурай у Менску. Нарматыўныя (да 1958 года) правапіс і граматыка беларускай мовы былі выдадзеныя ў 1934 годзе асобнай кнігай статысячным тыражом пад рэдакцыяй Андрэя Александровіча.

Перадумовы У 1926 годзе на Акадэмічнай канферэнцыі абмяркоўвалі пытанні рэфармавання беларускага правапісу і прынялі рашэнне працягваць работу ў правапіснай камісіі Інбелкульта, якая ў перыяд 1927—1929 гадоў падрыхтавала праект новага правапісу, апублікаваны ў 1930 годзе для шырокага абмеркавання.

Але ў гэты час у Беларусі пачалася кампанія выкрыцця так званых «нацыянал-дэмакратаў». Была створана справа «Саюза вызвалення Беларусі», да якога аднеслі і большасць членаў правапіснай камісіі. Выдадзены праект правапісу аб’явілі «нацдэмаўскім» і забаранілі.

У сакавіку 1930 года Інстытут мовазнаўства ў поўным складзе сваіх навуковых супрацоўнікаў прыступіў да падрыхтоўкі новага праекта правапісу. У перыяд з 8 сакавіка 1930 года да 26 студзеня 1933 года адбылося 15 пасяджэнняў. Пасля гэтага ў лютым—сакавіку 1933 года праект разглядалі на агульна-акадэмічнай нарадзе, якая ўнесла шэраг дадаткаў і паправак. Некаторыя пытанні (напрыклад, аб яканні, аб варыянтах давальнага і меснага склонаў множнага ліку мужчынскага і ніякага роду, аб уніфікацыі формаў лічэбнікаў двух, двум і г.д. для ўсіх родаў і г.д.) выклікалі найбольш гарачыя спрэчкі; некаторыя пытанні часам перарашаліся па 2—3 разы.

Закончаны і надрукаваны ў 1933 годзе «Праект спрашчэння беларускага правапісу» ўключаў 84 правілы. Ён разглядаўся на пасяджэннях калегіі Наркамасветы, на нарадзе пры Дзяржаўным вучоным савеце, на Камфракцыі Аргкамітэта Саюза савецкіх пісьменнікаў, на сходах студэнтаў і выкладчыкаў Літаратурна-лінгвістычнага аддзялення Менскага педагагічнага інстытута, у НДІ Камвыхавання і нарэшце на пасяджэнні спецыяльнай правапіснай камісіі пад старшынствам наркама асветы БССР Аляксандра Чарнушэвіча. На гэтым пасяджэнні ў яго былі ўнесены дадатковыя змены. У такім выглядзе ён і стаў асновай для Пастановы СНК БССР ад 26 жніўня 1933 года «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». З улікам гэтай пастановы ў 1934 годзе быў выдадзены разгорнуты і дэталёвы звод арфаграфічных правілаў «Правапіс беларускай мовы».

Правапіс уключаў шэраг палажэнняў забароненага праекта рэформы Правапіснай камісіі Сцяпана Некрашэвіча 1930 года, але дадаткова змяшчаў і змяненні ў граматыцы. У параўнанні з граматыкай Тарашкевіча 1918 года быў узмоцнены марфалагічны прынцып будовы граматыкі, шэраг правіл спрасцілі і ўпарадкавалі.

Палітычны і ідэалагічны кантэкст рэформы (1930–1933) Рэформа 1933 года адбывалася ў спецыфічных умовах узмацнення палітычна-ідэалагічнага кантролю за беларускай лінгвістыкай, якое пачалося ў канцы 1920-х гадоў. Мовазнаўцам пачалі навязваць класавы падыход і «новае вучэнне аб мове» расійскага акадэміка М. Мара. З 1930 года, пасля арыштаў па справе «Саюза вызвалення Беларусі», дзейнасць беларускіх лінгвістаў 1920-х гадоў, іх слоўнікі і правапісныя ініцыятывы былі абвешчаны «шкодніцкімі» і «нацыянал-дэмакратычнымі».

У 1933 годзе падрыхтоўка да моўнай рэформы знаходзілася пад беспрэцэдэнтным ціскам як мясцовых партыйных органаў, так і саюзнага цэнтра. Пасля зрыву хлебанарыхтовак і актыўнага супраціўлення сялянства калектывізацыі, урад вінаваціў ва ўсім «кулацка-буржуазныя» і «нацыяналістычныя» элементы. Цэнтральная газета «Правда» надрукавала серыю артыкулаў, якія раскрытыкавалі нацыянальную палітыку КП(б)Б у Беларусі, звязваючы яе са шкодніцтвам на культурным і моўным франтах.

У выніку кіраўніцтва БССР паскорыла рэформу, зрабіўшы яе інструментам палітычнай барацьбы. Распрацоўка правапісу была даручана людзям без належнай лінгвістычнай адукацыі, а саміх мовазнаўцаў змясцілі на другі план або зусім выкраслілі з працэсу. У маі 1933 года бюро ЦК КП(б)Б стварыла «палітычную камісію па праглядзе расійска-беларускага слоўніка і новых правіл правапісу беларускай мовы» (В. Шаранговіч, В. Жаброўскі, А. Чарвякоў і інш.), якая ўзяла на сябе канчатковае рэдагаванне праекта.

Для рэформы была характэрная імітацыя навуковасці: правапісныя пытанні змешваліся з марфалогіяй, а ў сам тэкст дэкрэта былі ўстаўлены пункты, якія мелі выключна ідэалагічны характар. Найбольш яскравым прыкладам такога ўмяшання стала прамое ўказанне не распаўсюджваць правіла акання на «інтэрнацыянальныя рэвалюцыйныя словы» (напрыклад, рэволюцыя, совет, большэвік), што нагадвала рэлігійную практыку вылучэння святых слоў (nomina sacra). Мэтай рэформы было абвешчана «рашучае выгнанне з беларускага правапісу нацыянал-дэмакратычных уплываў і скажэнняў» і «поўнае падпарадкаванне беларускага правапісу задачам выхавання працоўных мас у духу пралетарскага інтэрнацыяналізму».

Змены Урадавая пастанова змяшчала 23 палажэнні. Яны датычыліся пераважна тых правілаў, пры рэалізацыі якіх на практыцы існаваў разнабой. Пастанова складалася з пяці раздзелаў: правапіс галосных; правапіс зычных; правапіс слоў іншамоўнага паходжання; правапіс уласных імёнаў, прозвішчаў і геаграфічных назваў; марфалогія.

Апошнія чатыры пункты (24–27) не былі выдзелены ў асобны раздзел і структураваліся ў межах «Марфалогіі», што супярэчыла логіцы пастановы.

Яканне Да рэформы ў правапісе галосных найбольш складаным і спрэчным было пытанне перадачы на пісьме галосных у ненаціскных (слабых) пазіцыях. У беларускіх гаворках ненаціскны вакалізм вельмі разнастайны. Граматыка Браніслава Тарашкевіча замацоўвала фанетычны прынцып напісання галосных з даволі складанай формулай адлюстравання акання пасля мяккіх зычных: я ў першым пераднаціскным складзе пасля мяккіх зычных (лясні́к, вясна́); у другім пераднаціскным складзе — паводле прынцыпу дысіміляцыі (распадабнення): калі ў першым пераднаціскным складзе галосны а, то ў другім е (лесаві́к, цецяру́к), калі ж у першым галосныя і, ы, у, то ў другім пераднаціскным я (лясуна́, цяплыня́); у іншых перад- і паслянаціскных складах — е.

Урадавая пастанова 1933 года (палажэнні 1 і 2) замацавала правіла аб перадачы на пісьме якання ў такім выглядзе, як яно было прынята на канферэнцыі 1926 года: у першым пераднаціскным складзе пасля мяккіх зычных пісаць я: зямля́, вядзе́, але дзевя́ты, дзеся́ты. Ва ўсіх астатніх ненаціскных складах — е: веліза́рны, ваеніза́цыя, невысо́кі; нязменна пісаць часціцу не і прыназоўнік без незалежна ад месца націску: не бы́ў, без ва́с, не прыйшо́ў.

Прыстаўны «в» Новы правапіс удакладняў напісанне прыстаўнога зычнага в перад націскнымі о, у, за выключэннем геаграфічных назваў: восень, вусень, але Орша, Ула.

Асіміляцыя зычных Рэформа 1933 года значна ўніфікавала правапіс зычных, у аснове якога з самага пачатку развіцця новага беларускага пісьменства пераважаў фанемна-марфалагічны (традыцыйна яго называюць этымалагічным ці марфалагічным) прынцып. Сутнасць яго ў тым, што пазіцыйныя (асіміляцыйныя) змены зычных на пісьме не адлюстроўваюцца: «пішацца не так, як чуваць», гэта значыць зычныя гукі слабых пазіцый незалежна ад вымаўлення абазначаюцца тымі ж літарамі, што і гукі моцных пазіцый, з якімі яны чаргуюцца ў складзе марфемы.

У граматыцы Браніслава Тарашкевіча гэты прынцып не паслядоўны. Асіміляцыйныя змены звонкіх — глухіх, змычных — афрыкат на пісьме не перадаюцца: хлеб, малацьба, падтрымаць (а не хлеп, маладзьба, паттрымаць), матчын, матцы (а не маччын, маццы), а пазіцыйныя змены цвёрдых — мяккіх, свісцячых — шыпячых на пісьме адлюстроўваюцца: вясьне, сьпіць, чэскі.

Мяккасць Аўтары правапіснага праекта, кіруючыся ў асноўным прынцыпамі, вызначанымі Тарашкевічам («фанетычны — для галосных, этымалагічны — для зычных»), пашыраюць іх і на іншыя злучэнні зычных. У прыватнасці: не перадаецца на пісьме асімілятыўная мяккасць зычных: ляснік, вясне, спіць (у моцных пазіцыях яна знікае: лясны, вясна, спаць); не пішацца мяккі знак паміж падоўжанымі мяккімі зычнымі: калоссе, жыццё, суддзя; мяккі знак пішацца толькі для абазначэння этымалагічнай (уласнай) мяккасці, якая не знікае і перад цвёрдымі: пісьменнік, касьбе (бо пісьмо, касьба).

Такую ж рэдакцыю гэтага правіла дае і праект 1930 года. У праекце 1933 года прапанавалі не пазначаць падоўжаныя зычныя на пісьме, але ў пастанову такі варыянт не ўвайшоў: калосе, жыцё, судзя.

На стыку марфем Урадавай пастановай 1933 года зацверджаны правілы: зычныя т, к, ц, ч зліваюцца з суфіксальным с у ц: сваяцкі, брацкі; зычны д перад суфіксальным с захоўваецца: гарадскі, суседства, замест напісанняў тыпу гарадзкі, што не адпавядала ні фанетычнаму, ні фанемна-марфалагічнаму прынцыпу; зычныя г, ж, з, к, х, ш у геаграфічных назвах не зліваюцца з суфіксальным с: волжскі, чэшскі, каўказскі, выбаргскі, цурыхскі, узбекскі; у беларускіх словах ж і ш перад суфіксальным с не пішуцца: мноства, таварыства.

Праект 1933 года прапанаваў выпадзенне г, з, ж, х, ш, с перад суфіксальным с, але ў пастанову такі варыянт не ўвайшоў: волскі, чэскі, каўкаскі.

Апостраф Рэформа 1933 года ўпарадкавала, паводле прапановы аўтараў Праектаў правапісу 1930 года і 1933 года, ужыванне апострафа перад ётаванымі галоснымі для вызначэння раздзельнага вымаўлення зычнага з наступным галосным: б’ю, з’еў, сям’я, Лавуаз’е, за выключэннем л, пасля якога трэба пісаць мяккі знак: рэльеф, Васільеў. Адмянялася і ранейшая практыка абазначэння праз мяккі знак раздзельнага вымаўлення перад j зычнай з (напрыклад: зьезд), а таксама арфаграма лл у формах тыпу Ілліч, лле.

Іншамоўныя словы Пастановай рэгламентавалася адно з найбольш складаных і нераспрацаваных пытанняў беларускай арфаграфіі — правапіс іншамоўных слоў. Адсутнасць сталых пісьмовых традыцый і дэталёва распрацаваных правілаў, неакрэсленасць саміх прынцыпаў фанетычнага і арфаграфічнага асваення запазычанай лексікі вялі да значнага разнабою ў правапісе гэтых слоў.

У адрозненне ад асноўных палажэнняў першых двух раздзелаў урадавай пастановы (правапіс галосных і зычных у беларускіх словах), якія вынікалі з арфаграфічных канцэпцый папярэднікаў, правілы напісання іншамоўнай лексікі значна разыходзяцца з прапановамі беларускіх мовазнаўцаў 1920-х гадоў, якія імкнуліся перадаваць запазычанні бліжэй да мовы-крыніцы. Рэформа 1933 года ў большай ступені падводзіла напісанне запазычаных слоў пад агульныя правілы беларускага правапісу.

Аканне Урадавая пастанова 1933 года таксама замацавала правапіс ненаціскных галосных у запазычаных словах паводле пастановы Акадэмічнай канферэнцыі 1926 года: ненаціскны о пераходзіць у а (прафесар, эканоміка), за выключэннем слоў радыё, бруто, інкогніто і г.д., дзе канцавыя ненаціскныя о, ё захоўваюцца.

Аднак было зроблена выключэнне, абумоўленае, відавочна, пазамоўнымі прычынамі, для дзясятка «інтэрнацыянальных рэвалюцыйных слоў», на якія аканне не павінна пашырацца: рэволюцыя, совет, большэвік, комуна, соцыялізм, комунізм, Комінтэрн, комсамол, пролетарый, піонер, Профінтэрн і г.д. Гэтае выключэнне як навукова беспадстаўнае і практычна неапраўданае пазней было адменена ўрадавай пастановай 1957 года.

Цвёрдасць/мяккасць