Жыгімонт Кейстутавіч (~1365 — 20 сакавіка 1440, Трокі) — вялікі князь літоўскі (1432—1440). Малодшы сын Кейстута і Біруты, брат Вітаўта.

Падчас барацьбы за ўладу паміж Вітаўтам і Ягайлам быў зняволены апошнім (1382—1384). У 1384 годзе ў Прусіі разам з Вітаўтам заключыў дагавор з Тэўтонскім ордэнам супраць Ягайлы, але ў 1386 прысягнуў яму. У 1389 пасланы Вітаўтам у Прусію для перамоў аб сумесным з Ордэнам выступленні супраць Ягайлы. Да 1398 быў заложнікам у вялікага магістра ў Марыенбургу. Пасля вяртання атрымаў ад Вітаўта Старадубскае княства.

Прымаў удзел у перамовах і заключэнні пагадненняў з Тэўтонскім ордэнам у 1398, 1411, 1422, 1431 гадах, уній з Польшчай. Удзельнічаў у бітве на Ворскле (1399), Грунвальдскай бітве (1410). Пры панаванні Вітаўта не меў палітычнага ўплыву, падтрымліваў брата.

Феадальная вайна 1432—1437 Пасля смерці Вітаўта і абрання вялікім князем Свідрыгайлы ў 1432 удзельнічаў у змове супраць яго прапольскі настроенай часткі князёў і баяраў ВКЛ і польскіх паноў, якія намагаліся ўзмацніць унію з Польшчай і пашырыць польскі ўплыў на палітыку ВКЛ. Пасля ўцёкаў Свідрыгайлы ў Полацк Жыгімонт абвешчаны вялікім князем, яго ўладу прызналі Вільня, Трокі, Коўна, Жамойць, Гародня, Менск, Новагародак, узброенай сілай было падпарадкавана Берасце. Астатнія землі засталіся адданымі Свідрыгайле, які замацаваўся ў Віцебску.

Паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам пачалася барацьба — феадальная вайна (1432—1437). Каб залучыць на свой бок феадалаў з незалежніцкай партыі, Жыгімонт выдаў Троцкі прывілей (1434), якім пашырыў усе правы, дадзеныя Прывілеем Ягайлы (1387) і Гарадзельскім прывілеем (1413) феадалам, прыняўшым каталіцтва, на ўсіх феадалаў ВКЛ незалежна ад іх веравызнання. Але значная частка баяраў усё адно не падтрымлівала Жыгімонта, бо ён вёў палітыку на падпарадкаванне ВКЛ Польшчы. У выніку цяжкай паразы ў бітве пад Вількамірам (1435) падтрымка Свідрыгайлы стала маламагчымай, хутка (1437) Жыгімонт стаў адзінаўладным вялікім князем.

Забойства Жыгімонт быў занадта падазроным, імаверна, ведаў, што незалежніцкая партыя ўсё адно мае шмат прыхільнікаў, таму ўвесь час шукаў змоўнікаў, часта ўяўных, жорстка караў іх, канфіскоўваў маёнткі, асуджаў да смерці. Ад гэтага нават пайшлі чуткі, што ён хоча вынішчыць усіх князёў і баяраў. Супраць яго арганізавалі змову праваслаўныя князі і Аляксандр Чартарыйскія і два католікі — віленскі ваявода Даўгерд і троцкі ваявода Лялюш. Усе чацвёра належалі да незалежніцкай партыі і былі звязаны са Свідрыгайлам. Жыгімонта забілі ў Троцкім замку.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Вялікія князі літоўскія Катэгорыя:Гедзімінавічы Катэгорыя:Зрынутыя манархі Катэгорыя:Забітыя манархі Катэгорыя:Пахаваныя ў Кафедральным саборы (Вільнюс)