Ставо́к — возера ў Беларусі, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Дрысвята, за 23 кіламетры на паўднёвы захад ад горада Браслаў.
Возера Ставок сумесна з возерам Дрысвя́ты стала азёрным вадасховішчам пасля будаўніцтва на рацэ Прорва ў 1953 годзе плаціны ГЭС «Дружба народаў». Гідратэхнічныя збудаванні ГЭС рэгулююць узровень возера Дрысвяты, якое выкарыстоўваецца ў якасці вадаёма-ахаладжальніка Ігналінскай АЭС.
Плошча паверхні 0,25 км². Даўжыня 1,37 км, найбольшая шырыня 360 метраў, найбольшая глыбіня 2,3 м. Даўжыня берагавой лініі 3,88 км. Плошча вадазбору 666 км². Катлавіна запруднага тыпу. Схілы катлавіны вышынёй 6—10 метраў (на захадзе да 25 метраў), разараныя, участкамі тэрасаваныя. Берагавая лінія моцна звілістая. Берагі нізкія, вышынёй 0,1—0,3 м. Ёсць 3 вузкія залівы, каля паўночнага берага востраў плошчай 0,2 га. Дно да глыбіні 1 м пясчанае, глыбей глеістае, на поўдні выслана крэменязёмістым сапрапелем. Зарастае падводнай расліннасцю. Возера эўтрофнае. Праз возера цячэ рака Прорва (злучае з азёрамі Дрысвяты і Аболе).
У возеры водзяцца шчупак, акунь, лешч, плотка, гусцяра і іншыя віды рыб.
Літаратура
Спасылкі Общая характеристика озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь» Морфометрические параметры озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь»
Катэгорыя:Азёры Браслаўскага раёна Катэгорыя:Басейн Дрысвяты