Го́ркі (, ) — горад раённага падпарадкавання ў Магілёўскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Горацкага раёна, на рацэ Проні. За 86 км ад Магілёва, 3 км ад чыгуначнай станцыі Пагодзіна на лініі Орша—Крычаў. Вузел аўтамабільных дарог на Оршу, Магілёў, Чавусы, Мсціслаў, Смаленск.
Гісторыя
У дзяржаве Рурыкавічаў X-XI ст. тэрыторыя сучаснага Горацкага раёна ўваходзілі дзяржаву Рурыкавічаў, а з XI стагоддзя былі часткай асобнага Смаленскага княства. Упершыню горацкія землі згадваюцца ў грамаце 1136 года смаленскага князя Расціслава Мсціславіча, якой ён надаў са сваіх валасцей дзесяціну новазаснаванага Смаленскаму епіскапству, сярод іх была воласць Басея, якую гісторыкі лакалізуюць у верхоўях Басі, а таксама воласць Мярацічы, якую лакалізуюць у басейне Мярэі. XII-XIII ст. – археалагічныя раскопкі сведчаць пра добра ўмацаваны замак каля сучасных Гор.
Вялікае Княства Літоўскае Да 1440 года Басейская і Горская воласці нейкім чынам перайшлі да князёў Друцкіх, магчыма, як наданне вялікіх князёў літоўскіх, прынамсі тым часам яны належалі князю Івану Сямёнавічу Пуцяце з гэтага роду.
1544: першая згадка Горак у Літоўскай метрыцы у тэстаменце князя Васіля Талачынскага, як сяла ва ўладанні князя Друцкага-Горскага. 1565: княгіня Масальская з Друі напісала ліст да княгіні Друцкай-Гарской, жонкі гаспадара Горы-Горацкага маёнтка, у якім запрасіла на вяселле дачкі і папрасіла прывезці з Горак каштоўны вэлюм, таму што ў Друі такога вясельнага ўбору для нявесты няма. XVI ст.: у складзе Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. XVII—XIX стст.: мелі назву Горы-Горкі. 1584: належалі Сапегам. 1590-х гадах Леў Сапега ажыццявіў шэраг абменаў і купляў, у выніку якіх Горская воласць, а хутка яе пачалі называць Горы-Горацкае графства, цалкам апынулася ў ягоных руках і стала адным з буйнейшых у ВКЛ. 1619: атрымалі ад Льва Сапегі «Статут пра вольнасці», «малое магдэбургскае права». 1643: узнікла яўрэйская грамада. 1654—1667: падчас маскоўка-рэчыпаспалітаўскай вайны мясцовых жыхароў, як і жыхароў іншых беларускіх зямель, зганялі ў палон на ўсход, ператваравалі ў прыгонных маскоўскіх служылых людзей, прадавалі ў рабства. Сакавік 1659: горацкія жыхары, які ўзняліся на ўзброеную барацьбу з усходнімі захопнікамі, доўга трымалі ў аблозе ў Вялікіх Гарах атрад маскоўскіх салдат. 1676: у Горках існавалі праваслаўнае брацтва і школа. 1683: налічвалі 510 будынкаў, існавала 2 прадмесці — Казіміраўская Слабада і Зарэчча. 1700—1721: у часы Паўночнай вайны знаходзіліся ў зоне ваенных дзеянняў. У ліпені-жніўні 1708 тут размяшчаліся расійскія войскі на чале з А.Меншыкавым і Б. Шарамецьевым, 9 ліпеня — 16 жніўня 1708 у Горках быў Пётр I. Узгорак, дзе знаходзілася стаўка расійскага цара, атрымаў назву Пятрова горка. Пасля 1704 года Сапегі страцілі Горы-Горацкае графства, яно перайшло да Людвіга Пацея. 1717: горад з навакольнымі землямі набыў князь А. Меншыкаў і валодаў да высылкі ў Сібір у 1727 годзе. Каля 1740 Горы-Горацкае графства набыў віцебскі ваявода Ян Міхал Салагуб, пасля смерці ў 1748 г. маёнтак быў падзелены на дзве часткі паміж ягонымі сынамі – Горкі і Горы.
Расійская імперыя
1772: у выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, мястэчка Аршанскага павета. 1799: у Горках і навакольных вёсках быў расійскі паэт Г. Дзяржавін і напісаў тут вершы «Горкі», «Млынар», «Вішы» і інш. 1809: у Горы-Горацкім маёнтку пачала дзейнічаць мануфактура з фарбавальняй. 1811: у Гарах адкрылася найбуйнейшая ў Беларусі палатняна-парусінавая фабрыка (150 станкоў, 200 рабочых). 14 ліпеня 1812 г. французскія войскі Напалеона Банапарта захапілі Горкі. У горадзе з ліпеня па лістапад знаходзіўся французскі вайсковы магазін для збору харчавання і фуражу. 1828: за невыкананне абавязкаў па забеспячэнні арміі Кутузава ў 1812 г. харчаваннем, расійскі ўрад вырашыў канфіскаваць Горы-Горацкі маёнтак у Л.Салагуба. 1829: прыгонныя музыкі з аркестра графа Салагуба перавезены ў Санкт-Пецярбург. Дзесяць чалавек, што гралі на скрыпках, віяланчэлях, альтах і кантрабасах, былі прызначаны ў тэатральную Дырэкцыю. Астатнія 19, якія гралі на духавых інструментах – у палкі лейб-гвардыі. 15 жніўня 1840: адбылося ўрачыстае адкрыццё Горыгорацкай земляробчай школы (з 1848 — Горыгорацкі земляробчы інстытут). 1840: у Горках з'явіўся першы ў Беларусі яблыневы гадавальнік. Саджанцы паступалі з усёй Расійскай імперыі – ад Рыгі да Пензы. 1841: пачала працаваць Горацкая мэтэастанцыя. 1 лістапада 1848: у Горках нарадзіўся Дзмітрый Іванавіч Азарэвіч – вучоны ў галіне юрыспрудэнцыі, доктар грамадзянскага права, прафесар Наварасійскага і Варшаўскага ўніверсітэтаў. Займаўся даследаваннямі гісторыі Старажытнага Рыма і Рымскага права. Канец XIX ст.: дзякуючы працы Эдуарда Рэга, прафесара батанікі, па праекце італьянскага архітэктара А. Кампіёні на тэрыторыі Горацкага інстытута быў закладзены дэндрарый. 1852: выйшаў першы том «Запісак Горыгорацкага земляробчага інстытута». У перыёдыку размяшчаліся матэрыялы па працы вучэбнай фермы, адлюстроўваліся дасягненні сельскагаспадарчай навукі таго часу. 1853: у Горках адбылася сельскагаспадарчая выстава, у якой прымалі ўдзел агароднікі Магілёўскай і сумежнай Смаленскай губерняў. Выстаўляліся гарбузы вагою па два пуды, кавуны, іспанская кукуруза, амерыканскі, турэцкі і гавайскі тытунь, кітайскі рэвень. 1857: у горадзе ўтвораны легальны прафесарска-студэнцкі клуб. Яго ўдзельнікі абмяркоўвалі надзённыя пытанні і будучую сялянскую рэформу па адмене прыгоннага права. 26 снежня 1861: горад, цэнтр павета. 1862: у горадзе сфарміравалася падпольная студэнцкая арганізацыя, якая рыхтавалася да ўдзелу ў паўстанні К. Каліноўскага. У яе склад уваходзілі С. Віскоўскі, В. Дамарацкі, В. Антановіч, Р. Чарвінскі, З. Міткевіч, С. Дымкевіч і іншыя. Яны разам з іншымі студэнтамі адкрылі для сялянскіх дзяцей народную школу, выкладанне ў якой вялося на беларускай мове. 21 красавіка 1862: паўсотні студэнтаў зладзілі ў фальварку Шыманоўка палітычную акцыю, падчас якой спявалі патрыятычныя і рэвалюцыйныя песні. 24 красавіка 1863: атрад Л. Звяждоўскага, паплечніка К. Каліноўскага, вызваліў горад ад царскай улады, але паўстанне было задушана. 1864: за ўдзел мясцовых студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні К. Каліноўскага 1863—1864 гг. інстытут у Горках зачынены і пераведзены ў Санкт-Пецярбург. 27 жніўня 1867: зацверджаны герб Горак «у залатым полі тры чорныя горкі, з іх вырастае па аднаму зялёнаму коласу». 1873: каля вёскі Пнёўшчына на правым беразе ракі Лядня на складзеным з камянёў кургане быў знойдзены гранітны валун пірамідальнай формы з рунічнымі ці фінікійскімі надпісамі: «Помнік Ваала. Тут мы яго выдзеўбалі (высеклі)». Канец XIX ст.: у горадзе з’явіліся паштовая станцыя, аптэка, пачаў працаваць чыгуналіцейны завод, метэастанцыя. 1881: на земскія сродкі ў горадзе пракладзеныя два масты цераз Парасіцу і Проню.
ХХ стагоддзе
1902: арганізаваная першая сацыял-дэмакратычная група. 1904: у горадзе працавала 10 гасцёвень і нумароў, 7 заезных дамоў, 5 шынкоў, харчэвень і чайных. Вуліцы асвятляла 45 ліхтароў. Тут працавала прыватная бібліятэка, таварыства дапамогі бедным, прыватная друкарня, чатыры царквы, пры адной з якіх дзейнічала школа граматы. Падобная школа абслугоўвала і яўрэйскае насельніцтва горада. 19 лютага 1904 у Горках нарадзіўся Іцхак (Ісаак) Барысавіч (Каган) Каганаў, яўрэйскі паэт і мысляр. Выданне кніг на іўрыце было забаронена савецкімі ўладамі, Каган вымушаны быў хаваць сваю літаратурную дзейнасць. У 1949 г. быў арыштаваны і 6 гадоў правёў у турмах і лагерах, дзе сачыніў і запомніў 480 вершаў і кнігу Торат ха-Таміру "Вучэнне аб патаемным". 16 студзеня 1905: падчас мірнай дэманстрацыі супраць расійскага царызму забіты горацкія навучэнцы Ф.Ярафееў і П.Бруцэр. 1 красавіка 1908 г. у Горках нарадзіўся Леў Эмануілавіч Разгон, пісьменнік, крытык і праваабаронца. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Сахарава "За грамадзянскую мужнасць пісьменніка". У 1988 ён разам з А. Сахаравым і А. Адамовічам стаў адным з заснавальнікаў гісторыка-асветніцкага і праваабарончага таварыства «Мемарыял». Да апошніх дзён ён дапамагаў ствараць музей і архіў таварыства. Узнагароджаны Ордэнам "За заслуги перед Отечеством" IV ступені за асабісты ўклад у літаратуру, актыўны ўдзел у дэмакратычных пераўтварэннях у Расіі і ў сувязі з 90-годдзем з дня нараджэння. 12 ліпеня 1916 г. у Горках нарадзіўся Лаўрэнцій Сямёнавіч Абецэбарскі (Абецэдарскі) – беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт АПН СССР. 1917: узнікла Секцыя вучняў горацкіх сельскагаспадарчых школ, якая займалася вывучэннем беларускай мовы, пашырэннем цікавасці мясцовага насельніцтва да нацыянальнай культуры, ладзіла выступленні маладзёжнага тэатра. 1919: у складзе Гомельскай, з 1922 у Смаленскай губерні РСФСР. 7 красавіка 1919: горацкія сярэднія сельгасустановы рэарганізаваныя ў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут. 10 кастрычніка 1919: пачала працаваць маладзёжная арганізацыя Беларуская секцыя студэнтаў. Яна мела на мэце пашыраць свядомасць паміж беларусамі, знаёміць з літаратурай, тэатральнымі творамі, гісторыяй, культурным і эканамічным становішчам Беларусі і дапамагаць беларускаму нацыянальнаму руху. 1921: пабудаваны будынак чыгуначнай станцыі «Беларускія Горкі» (з 1930 г. — «Пагодзіна»). 1924: вярнуліся ў склад БССР, цэнтр раёна. 28 лістапада 1925: горад наведалі народныя пісьменнікі Янка Купала і Якуб Колас.
З ліпеня 1925 па снежань 1929 у Горках дацэнтам БДСГА працаваў Ян Серада, першы старшыня Рады БНР. 1926: У Горках жыў і працаваў загадчыкам кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі БДСГА Максім Гарэцкі. 22 кастрычніка 1930: Выйшаў першы нумар раённай газеты «Ленінскі шлях». 12 ліпеня 1941: горад заняты нямецка-фашысцкімі войскамі. 6 кастрычніка 1941 фашысты расстралялі больш за 2500 членаў яурэйскай абшчыны. Ліпень 1942: гітлераўцы арыштавалі 75 удзельнікаў падпольнага супраціўлення ў горадзе. 26 чэрвеня 1944: падчас аперацыі «Баграціён» Горкі былі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Пасляваенны перыяд 1948: Горацкі сельскагаспадарчы інстытут рэарганізавалі ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. 5 жніўня 1959: адкрылася паветраная лінія Горкі — Мінск, пачаў працаваць аэрапорт, які зараз не функцыянуе. 1967: на рацэ Парасіца створанае першае штучнае возера ў горадзе. 1975: пабудаваны мемарыял «Тужлівая маці». Ля яго запалены «Вечны агонь». 1984: заснаваны раённы гісторыка-этнаграфічны музей. 1987: пачаў працаваць гарадскі стадыён. Канец 1980-х: арганізаваны незалежны «Клуб выбаршчыкаў» начале з Я.Мажугіным. 1999: выйшаў першы нумар прыватнай газеты «Региональные ведомости». 2007: пачаў працу сайт http://horki.info. 2009: выйшаў першы нумар агульнапалітычнай газеты «УзГорак». У кастрычніку 2012 г. у Горках адбыўся рэспубліканскі фестываль-ярмарка "Дажынкі". Да свята ў горадзе з’явіўся новы інтэрнат БДСГА і хірургічны корпус раённай бальніцы, адрамантавана гасцініца "Проня", кінатэатр "Крыніца", чыгуначны і аўтавакзал. Пабудавана Лядовая арэна і моладзевы забаўляльны цэнтр ды іншае.
Насельніцтва
1888 год — 6 331 (з іх іудзеяў 3 326); 1900 год — 7 990 чал. 1970 год — 22 тыс. чал.; 1991 год — 32,6 тыс. чал. 2004 год — 33,9 тыс. чал.; 2006 год — 34,6 тыс. чал.; 2008 год — 34,3 тыс. чал.; 2016 год — 33 830 чал.; 2017 год — 34 553 чал.; 2024 год — 29 005 чал.. 2025 год — 28 626 чал.
Эканоміка
Прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў, харчовай і мясцовай прамысловасці. ААТ «Прэма» РУП «ІК-9» ДВП МУС Рэспублікі Беларусь РУВП «Магілёўхлебпрам» філіял «Горацкі хлебазавод» ААТ «Малочныя горкі» ААТ «Горкілён» «Скайфорэст» ПУП ФМПК «Вітраж» ПУВП «Праметэй» ПУ «АкваКрыстал»
Культура
Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, Горацкі раённы цэнтр культуры і Палац культуры БДСГА. На тэрыторыі горада для яго жыхароў створаная добраўпарадкаваная зона адпачынку — парк з сажалкамі.
Маецца добры вопыт працы школы мастацкіх рамёстваў. З’яўляецца месцам правядзення семінараў, навучання супрацоўнікаў школаў рамёстваў, якія працуюць у іншых раёнах.