Асіпо́вічы (; ), таксама Асі́павічы — горад у Беларусі, на левым беразе ракі Сіняя (прыток Свіслачы). Адміністрацыйны цэнтр Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Размешчаны за 136 км на паўднёвы захад ад Магілёва, 3 км ад аўтамабільнай дарогі Мінск — Гомель. Буйны чыгуначны вузел: лініі на Мінск, Гомель, Магілёў, Баранавічы.

Заснаваны ў 1872 годзе як станцыя Лібава-Роменскай чыгункі. У 1900 годзе пасёлку Асіповічы, што паўстаў вакол станцыі, нададзены статус гарадскога паселішча. З 25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 г. пад уладай бальшавікоў. Некаторы час у студзені-лютым 1918 г. паселішча знаходзілася пад акупацыяй польскіх легіянераў Доўбара-Мусніцкага, затым з 19 лютага па 4 снежня 1918 г. акупаванае нямецкай арміяй. З 20 жніўня 1919 года да 10 ліпеня 1920 года тэрыторыя Асіповічаў знаходзіцца пад акупацыяй Польшчай. Пасля — у складзе Беларускай ССР. 15 ліпеня 1935 года Асіповічы атрымліваюць стан горада. У Другую сусветную вайну быў пад нямецкай акупацыяй, у горадзе дзейнічала савецкае падполле, дзеяч якога, Фёдар Крыловіч, ажыццявіў на чыгуначнай станцыі Асіповічы найбуйнейшую дыверсію. На перыяд 1966—1985 гг. прыходзіцца найбуйнейшы рост вытворчасці горада, засноўваюцца шматлікія прамысловыя прадпрыемствы, актыўна будуецца жыллё. З 1991 г. — у складзе незалежнай Беларусі.

Гісторыя

Да заснавання У пачатку 1980-х гадоў настаўнік гісторыі В. П. Шчыглоў выявіў каля Асіповічаў стаянку эпохі неаліту. Былі знойдзены ножападобныя пласціны, скрабкі, адшчэпы, сабраны ўзоры неалітычнай керамікі.

Акрамя таго, паблізу Асіповіч знойдзена каменная матыка (паводле меркаванняў вучоных-археолагаў, яна адносіцца да бронзавага веку), сведчанне развіцця земляробства ў гэты час.

Пасля заснавання На XVIII ст. прыпадае імаверны час узнікнення паселішча. У 1777 годзе паводле тарыфа Слуцкай парафіі, у Асіповічах было 16 дымоў.

У 1793 годзе ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў Асіповічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Па падзеле ўвайшлі ў Бабруйскі павет Мінскай губерні. Паводле рэвізіі Бабруйскага павета гэтага ж года з’яўляліся ўласнасцю Дамініка Гераніма Радзівіла, размяшчаліся ў складзе заставы Ратынскага. Паводле гэтай жа рэвізіі, у тагачасных Асіповічах налічвалася 83 мужчынскія душы і 71 жаночая, існавала карчма.

У другой палове 1794 года падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі ў Мінскай губерні адбыўся рэйд 3-тысячнага атраду палкоўніка Стэфана Грабоўскага, які прайшоў у тым ліку і цераз Асіповічы, аднак 4 верасня быў разбіты пад Любанню.

Ураджайнасць на Асіповіччыне была адной з ніжэйшых па губерні. 3 паўночнага боку вёску Асіповічы падпірала вялікае балота, усю астатнюю прастору займалі лясы. Сяляне Асіповічаў акрамя земляробства лавілі рыбу і баброў у рэчцы і вазілі ў Бабруйск на продаж, зараблялі на дарозе рамізніцтвам і сплаўлялі лес. У 1834 г. у вёсцы 26 двароў.

У пачатку 1870-х гадоў адбылася падзея, якая карэнным чынам змяніла жыццё на Асіповіччыне: была пабудавана і адкрыта Лібава-Роменская чыгунка. На пачатак будаўніцтва чыгункі ў вёсцы Асіповічы было ўжо ўсяго 4 двары і 20 жыхароў. Памяншэнне колькасці насельніцтва тлумачыцца даволі прымітыўнай тэхнікай земляробства, якая паволі збядняла глебу. Таму вёскі ў краі аж да пачатку XX ст. перакачоўвалі з месца на месца, асвойваючы новыя землі.

У 1872 годзе за 2 км ад Асіповічаў заснавалі аднайменную станцыю Лібава-Роменскай чыгункі, дзе існавала 5 двароў і пражывала 40 чалавек. Станцыя пушчана ў эксплуатацыю ў 1876 годзе. У 1889 годзе каля станцыі быў пабудаваны лесапільны завод. Праз пяць гадоў (у 1894 г.) паўсталі другі лесапільны завод, млын і некалькі жылых дамоў. Са спіленага лесу тут вырабляліся мачты, карабельны дубовы брус, розныя сарты клёпкі, якія карысталіся попытам на замежных рынках. У 1895 г. (па некаторых звестках — у 1893) адкрыта паштовае аддзяленне, якое карысталася тэлеграфам чыгункі.

Станам на 1890 год станцыя Асіповічы займала на Лібава-Роменскай чыгунцы трэцяе месца па звароце грузаў пасля Рудзенска і Беразіны. У гэты час даследчыкі казалі, што лясы края нішчацца па-драпежніцку. 28 снежня 1896 году па ініцыятыве сям’і Дараганаў для вывазу лесу, спірту і сельскагаспадарчай прадукцыі была пракладзена вузкакалейка Асіповічы — Дараганава, якая ў 1905 г. прадоўжана да Старых Дарог, у 1907 г. — да Урэчча. Пракладанне вузкакалейкі значна павялічыла грузаабарот станцыі, паспрыяла росту пасёлка. Пасля ўводу яе ў эксплуатацыю станцыя стала другой па грузаабароце на Лібава-Роменскай чыгунцы (пасля Беразіны). У 1897 г. быў здадзены новы мураваны будынак чыгуначнай станцыі і рамонтных майстэрань.

Перапіс насельніцтва Расійскай імперыі 1897 года засведчыў існаванне на месцы сучасных Асіповічаў трох асобных населеных пунктаў з назвай Асіповічы: вёскі з насельніцтвам у 526 жыхароў і ўтрыманнем 78 гаспадарак, чыгуначнай станцыі з насельніцтвам каля ста жыхароў і ўтрыманнем адзінаццаці гаспадарак, а таксама пасёлка насельніцтвам у прыкладна дзвесце чалавек з утрыманнем 3 гаспадарак і наяўнасцю заезнага двара і чатырох крам. Пазней гэтыя населеныя пункты зліліся і ўтварылі сучаснае адзінае паселішча. У 1900 годзе кіраўніцтвам Лібава-Роменскай чыгункі на станцыі засноўваецца шпалапрапітны завод, што садзейнічала прытоку працоўнай сілы. У гэтым жа годзе Асіповічам нададзены статус гарадскога паселішчаСобрание узаконений и распоряжений Правительства, издаваемое при Правительствующем сенате. — СПб.: Сенат. тип., 1900. — С. 5116—5117 . Гэта прыцягнула да сябе яўрэйскае насельніцтва. Адпаведна стала разрастацца паўднёвая так званая «яўрэйская» палавіна горада.

Развіццё

Спрыяльныя ўмовы для развіцця вытворчасці і гандлю прыцягвалі ў мястэчка рамеснікаў і купцоў. У пачатку 1901 году ў паселішчы ўзнік шэраг майстэрань і кузняў, у якіх рамантаваліся сельскагаспадарчыя інструменты, прадметы быту, акоўваліся падводы і сані. Адчынілася сапожная майстэрня, дзве цырульні, пякарня і некалькі бакалейных і мануфактурных крам. Мясцовае земства абсталявала невялікую бальніцу, якую абслугоўвалі фельчар і акушэрка.

Прыток насельніцтва выклікаў пашырэнне забудовы. Паселішча вылучалася правільнай планіроўкай — шырокімі вуліцамі і прамавугольнымі кварталамі. Аднак размяшчэнне яго па абодва бакі ад чыгункі ўскладняла рух гужавога транспарту ды пешаходаў.

Па стане на 1904 г. у Асіповічах дзейнічаў шпалапрапітны завод з 3 рабочымі, 2 лесапільныя заводы, 13 рамесных майстэрань з 47 рабочымі, лясны склад, бойня жывёлы, млын, былі адкрыты рынак і мноства крамак. У пасёлку (акрамя в. Асіповічы, у якой пражывалі 526 чалавек) налічвалася 1178 жыхароў і 150 будынкаў, у ім былі мяшчанская ўправа, амбулаторыя, пошта, тэлеграф і нават 100 метраў тратуара.

Існуюць звесткі пра існаванне ў тагачасных Асіповічах большай колькасці двароў (больш за 300), 41 вуліцы і аднаго завулку, пры гэтым насельніцтва мястэчка складала каля 1 500 чалавек.

Рэвалюцыйны перыяд

1905—1917 Умовы працы на заводах Асіповічаў былі складанымі, заробак нізкім. У мужчын ён складаў 60 кап., жанчын — 30 кап. у дзень. Гэта быў самы нізкі заробак ва ўсёй Мінскай губерні. Шырока прымяняліся штрафы. Толькі на лесапільным заводзе іх было 19 відаў. Працягласць працоўнага дня даходзіла да 13-14 гадзін. 1905 год быў адзначаны ў Асіповічах палітычнымі хваляваннямі на станцыі і сярод рабочых прыватных прадпрыемстваў. У снежні 1905 года працоўнымі Асіповічаў была зладжана першая забастоўка, запыніла працу станцыя.

За перыяд рэакцыі ў 1905—1907 гг. рэпрэсіраваны многія актыўныя ўдзельнікі рэвалюцыйнага руху, быў арыштаваны, асуджаны і сасланы І. І. Ляховіч, член РСДРП, які ўзначальваў стачку на станцыі. Знізілася заработная плата на шпалапрапітным заводзе, у паравозным дэпо і ў іншых прадпрыемствах. Падоўжаны працоўны дзень, павялічаны штрафы. Працоўныя шпалапрапітнага завода, незадаволеныя чарговым паніжэннем аплаты, 17 сакавіка 1908 года арганізавалі эканамічную стачку з патрабаваннямі паляпшэння ўмоў працы і адмены штрафаў, якая, аднак, была задушана паліцыяй і салдатамі.

У 1906 г. пры станцыі адкрылася чыгуначная школа 2-й ступені, а ў наступным годзе пачынае працу царкоўнапрыходская школа. У 1909 годзе ў Асіповічах адкрываецца тэлеграфны пункт. У 1913 г. у параўнанні з 1900 г. паступленне грузаў на станцыю павялічылася ў 3 разы, а вываз у 1,2 раза. Участак чыгункі ад Асіповіч да Старых Дарог быў пераведзены на шырокую каляіну, а ў 1915 г. даведзены да Слуцка.

На 1913 г. прамысловасць мястэчка была прадстаўлена паравозным дэпо, шпалапрапітным заводам, 2 лесапільнымі заводамі, 2 млынамі, смаляным заводам, піўзаводам, шэрагам мелкіх вытворчых і гандлёвых прадпрыемстваў. У пасёлку налічвалася 246 двароў і 1244 жыхара.

З пачаткам Першай сусветнай вайны ва ўсіх губернях Паўночна-Заходняга краю было ўведзена ваеннае становішча. У мястэчку размясціліся рэзервовыя вайсковыя часці. Прамысловасць працавала на патрэбы фронту. Насельніцтва прыцягвалася да работ па рамонце чыгункі і дарог. У пасёлку знаходзілі сабе прыстанішча ўцекачы. Летам 1915 года адбыліся салдацкія хваляванні на чыгуначнай станцыі. У кастрычніку 1916 г. адбыліся хваляванні сярод салдатаў асіповіцкага гарнізону.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі на прамысловых прадпрыемствах пасёлка бальшавікамі пачалі стварацца «рабочыя камітэты», якія з красавіка 1917 г. усталёўваюць на месцах скарочаны працоўны дзень. 17 красавіка адбываецца 1-ы з’езд салдацкіх і рабочых дэпутатаў пасёлка. Пачынаюць арганізоўвацца антываенныя прабальшавіцкія мітынгі і дэманстрацыі.

Кастрычніцкая рэвалюцыя У 1917 годзе перапіс насельніцтва засведчыў пражыванне ў Асіповічах прыкладна 4 200 чалавек.

Вестка аб пачатку Кастрычніцкай рэвалюцыі прыйшла на тэлеграф чыгуначнай станцыі Асіповічы 25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 г. У гэты ж дзень аб пераходзе ўлады ў рукі бальшавікоў даведаліся жыхары Асіповічаў і ўсёй Замошскай воласці, у якую яны тады ўваходзілі. Актывісты чыгуначнага вузла стварылі рэвалюцыйны камітэт, які абвясціў сваю ўладу не толькі непасрэдна на чыгуначным вузле, але і ў рабочым пасёлку Асіповічы. Улада ў аднайменнай вёсцы перайшла да Савету рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Замошскай воласці. Пачаліся працэсы арганізацыі новага апарату кіраўніцтва, нацыяналізацыі зямлі, канфіскацыі памешчыцкай маёмасці. Такім чынам, па рэвалюцыі ў Расіі 1917 года ў Асіповічах былі ўсталяваны савецкія органы ўлады.

Польскія легіянеры Доўбара-Мусніцкага У гэты ж час у раёне Рагачова, Жлобіна і Бабруйска размяшчаўся 1-ы польскі корпус легіянераў генерала Ю. Р. Доўбара-Мусніцкага. У снежні 1917 г. галоўнакамандуючы Заходнім фронтам А. Ф. Мяснікоў загадаў Доўбару-Мусніцкаму падпарадкавацца рэвалюцыйнаму камандаванню. Але генерал адхіліў гэты загад. Легіянеры пачалі рух на захад. Асіповіцкі рэўком і бальшавіцкая ячэйка, выконваючы загады Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Заходняга фронту, пачалі работу па фарміраванні атрадаў Чырвонай гвардыі. На станцыі Асіповічы пры дапамозе Замошскага і Восаўскага валвыканкамаў быў сфарміраваны атрад колькасцю больш за 1000 чалавек. Многія жыхары Асіповічаў увайшлі ва ўнутраныя войскі пад камандаваннем намесніка загадчыка і члена калегіі Усерасійскай надзвычайнай камісіі (ВЧК) В. В. Каменшчыкава. Яны рыхтаваліся абараняць чыгуначную станцыю і пас. Асіповічы. Акрамя таго, супраць войскаў Доўбара-Мусніцкага ў асіповіцкім напрамку з Украіны былі накіраваны 2500 чырвонагвардзейцаў 1-га Мінскага рэвалюцыйнага атраду пад камандаваннем Р. І. Берзіна.

18 студзеня 1918 г. легіянеры падышлі да Асіповічаў. У ноч на 19 студзеня яны адкрылі па мястэчку моцны артылерыйскі і кулямётны агонь. Атрады Чырвонай гвардыі вымушаны былі адступіць, прадстаўнікі бальшавіцкай улады сышлі ў партызаны. Акупацыя працягвалася 3 тыдні. Трэцяга лютага пачалося агульнае наступленне атрадаў Чырвонай гвардыі, легіянерам быў нанесены ўдар, пасля якога 26 лютага 1918 г. у Бабруйску заключана пагадненне аб падпарадкаванні 1-га польскага корпуса немцам.

Германская акупацыя