Бра́слаў (, ) — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Браслаўскага раёна. Размешчаны на паўночным беразе возера Дрывяты. За 220 км ад Віцебска, за 40 км ад чыгуначнай станцыі Друя на лініі Варапаева—Друя.
Назва Упершыню Браслаў згаданы ў «Хроніцы Быхаўца» як Браславль і хроніцы Мацея Стрыйкоўскага як Braslaw (абедзве створаны ў XVI ст.) у сувязі з паходам на Полацк міфалагізаваных літоўскіх князёў Кернуса і Гімбута.
Паводле адной з версій, тапонім Браслаў ад пачатковага Брачыслаўль — уладальніцкай назвы полацкага князя Брачыслава Ізяславіча.
Больш імавернай выглядае сувязь з латышскім словам brasla «брод». Браслаў узнік на месцы балцкага паселішча на Замкавай гары, паміж азёрамі Дрывяты і Навята, каля гары пратока паміж гэтымі азёрамі. Апроч таго, у паўночнай частцы Латвіі вядомая рака Brasla.
Зусім падобная назоўная сітуацыя і з тапонімам Барысаў. Паводле адной з версій, ад імя полацкага князя Барыса Усяславіча, паводле меней пашыранай — ад назвы бярэзінскага прытку ракі Барыса́, пазначанай на на карце 1595 года.
Іншая паралель — назва Брэст (Берасце), якую ў некаторых версіях звязаваюць з літоўскім brasta і асабліва прускім *brastan «брод».
Гісторыя
Сярэднявечча У пісьмовых крыніцах вядомы пад назвамі Браславль, Браслав Завельский, Брячиславль, Брятисав. Упершыню згаданы пад 1065 годам у «Хроніцы» Мацея Стрыйкоўскага, якая ў легендарнай частцы выклікае асаблівы недавер навукоўцаў. На думку некаторых даследчыкаў, Браслаў быў заснаваны полацкім князем Брачыславам Ізяславічам як памежнае ўмацаванне Полацкага княства. Гэты факт пацвярджаюць археалагічныя даныя. Дзяцінец старажытнага Браслава размяшчаўся на перамычцы паміж азёрамі Дрывяты і Навята на Замкавай гары, быў умацаваны валам вышынёй ад 3 да 9 м, побач размяшчаўся пасадСемянчук, Г. М. Браслаў / Г. М. Семянчук // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 218—222. — ISBN 5-85700-077-7.. У XI—XIII стст. памежны горад Полацкага княства.
У складзе ВКЛ З пачатку XIV ст. велікакняжацкае ўладанне. У XIV ст. Браслаў, магчыма, пакінуты вялікім князем Гедымінам як частка спадчыны малодшаму сыну Яўнуту. У час вайны паміж Жыгімонтам і Свідрыгайлам, войскі апошняга злучыліся ў Браславе з сіламі саюзнікаў — Лівонскага ордэна (1434) і татарскай конніцай (1435).
3 1500 года вядомы Браслаўскі мужчынскі манастыр на востраве возера Неспіш (спачатку праваслаўны, пазней уніяцкі). 8 кастрычніка 1500 года вялікі князь Аляксандр Ягелончык падчас знаходжання ў Браславе даў гораду прывілей на магдэбургскае права (няпоўнае), які некалькі разоў пацвярджалі. З 1506 года, пасля смерці вялікага князя Аляксандра, належаў яго ўдаве Алене Іванаўне, якая пасялілася ў Браславе. Алена заснавала на Замкавай гары жаночы праваслаўны манастыр, дзе памерла ў 1513 годзе. У 1517 годзе праз Браслаў праязджаў дыпламат і падарожнік Сігізмунд Герберштэйн, які адзначыў размяшчэнне горада каля вялізнага возера.
Герб «Вока прадбачання» (сімвалічная выява чалавечага вока ў трохвугольніку на фоне сонечных прамянёў) горад атрымаў 2 чэрвеня 1792 года прывілеям караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
У 1793—1795 гадах існавала Браслаўскае ваяводства.
Пад уладай Расійскай імперыі У XIX ст. мястэчка, цэнтр воласці Браслаўскага павета (цэнтрам павета былі Відзы), з 1795 года ў Віленскай, з 1797 — Літоўскай, з 1801 — Віленскай губерні. У вайну 1812 года ў Браславе 9 дзён размяшчаўся штаб маршала М. Нэя. Восенню 1812 вызвалены армейскім партызанскім атрадам палкоўніка Я. І. Властава. 3 1843 года мястэчка Новааляксандраўскага павета Ковенскай губерні. У 1850-я гады ў Браславе 220 жыхароў, 60 двароў, бальніца, касцёл, сінагога, вучылішча, піваварня.
У 1864 годзе мастаком і археолагам Д. Струкавым зроблена 14 малюнкаў, прысвечаных гістарычным мясцінам Браслава і наваколля. Замалёўку Браслава рабіў у канцы 1870-х гадоў Н. Орда. У 1913 годзе ў Браславе 1550 жыхароў, бальніца, сельскае вучылішча, вінакурны завод.
У час 1-й Сусветнай вайны недалёка ад Браслава стабілізавалася лінія фронту (з канца 1915 да лютага 1918 года).
Найноўшы час Савецкая ўлада была ўстаноўлена ў лістападзе 1917 года. У лютым 1918 года Браслаў акупіраваны войскамі Германіі. Пасля вызвалення ў пач. снежня 1918 года створаны павятовы Новааляксандраўскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт (23 снежня 1918 перайменаваны ў Браслаўскі раённы ВРК). У пач. 1919 года Браслаў абвешчаны цэнтрам раёна (з лютага 1919 павета) Літоўскай ССР, потым ЛітБел ССР. У сакавіку 1919 года ў сувязі з набліжэннем фронту савецкія ўстановы пераведзены з Браслава ў Друю. У красавіку 1919 ў Браславе сфарміраваны і адпраўлены на фронт атрад чырвонаармейцаў. Са жніўня 1919 да чэрвеня 1920 года горад заняты польскімі войскамі. 5 чэрвеня 1920 года вызвалены часцямі 3-га коннага корпуса Чырвонай Арміі.
У кастрычніку 1920 года Браслаў зноў заняты польскімі войскамі і апынуўся на тэрыторыі Сярэдняй Літвы, якая ў лютым 1922 года ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы. Быў цэнтрам павета Віленскага ваяводства. У верасні 1921 года ў горадзе 1587 жыхар, 243 дамы, млын, тартак, цагельня, шэраг дробных прыватных крам. Дзейнічалі акруговыя камітэты КПЗБ і КСМЗБ.
З восені 1939 года Браслаў у БССР, з 1940 года цэнтр Браслаўскага раёна. Да 1941 года ў Браславе пражывала больш за 2000 яўрэяў.
Браслаў быў захоплены нямецкімі войскамі 27 чэрвеня 1941 года, акупацыя доўжылася да 6 ліпеня 1944 года. Нацысты стварылі гета ў Браславе. 3 чэрвеня 1942 года было знішчана 2000 чалавек яўрэйскай нацыянальнасціНацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 1с/р-370. — Воп. 1. — Спр. 483. — Л. 15..
6 красавіка 1944 года каля Браслава савецкая партызанская брыгада імя Жукава знішчыла атрад Арміі Краёвай пад кіраўніцтвам Казіміра Краўзэ «Ваўжэцкага». У баі загінуў 21 салдат АК, партызаны дабілі раненых.
Гарадская сімволіка Упершыню герб быў атрыманы Браславам 2 чэрвеня 1792 года па прывілеі польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У хрысціянскай іканаграфіі вока ў цэнтры сонечных прамянёў або ў трохвугольніку з’яўляецца агульнавядомым сімвалам чароўнай сілы або ж Тройцы. Вока сімвалізуе назіранне Бога за жыццём і дзеяннямі людзей, трохвугольнік — гэта трыадзінства Бога — Айца, Сына і Духа Святога. Сонца з найстаражытнейшых часоў з’яўляецца сімвалам жыцця, агню, які валодае ачышчальнай сілай. «Вока Божае» на гербе Браслава ў сімвалічнай форме перадае Божую апеку над горадам, захоўвае яго ад усіх бед. Выява чалавечага вока шырока выкарыстоўваецца для ўпрыгажэння алтароў ў храмах і на прадметах культавага прызначэння.
Цяперашнія герб і сцяг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 36 ад 20 студзеня 2006 года. Апісанне герба
У блакітным полі барочнага шчыта залатое сонца, на якім блакітны трохвугольнік з выявай вока — вока Божага благаславення. Апісанне сцяга
Сцяг горада Браслава ўяўляе сабой прамавугольнае палотнішча белага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, пасярэдзіне знаходзіцца блакітная паласа шырынёй, роўнай 1 / 3 шырыні палотнішча, у цэнтры якой — выява герба горада Браслава.
Пры распрацоўцы каляровага эталона герба горада Браслава раённая камісія кіравалася ўжо існуючымі гістарычнымі рэканструкцыямі герба. Дакумент «Грамата на аднаўленне правоў і вольнасцяў г. Браслава» ад 2 чэрвень 1792 г. не ўтрымлівае ніякай характарыстыкі каляровай гамы герба. Сцяг створаны з ужываннем асноўных колераў герба і ўласна яго выявы. Мастак — А. В. Леўчык.
У краязнаўчым музеі Браслава сабраны шматлікія дакументы з выявай гарадскога сімвала. Больш чым за два стагоддзі свайго існавання ізаграфія герба практычна заставалася нязменнай. Герб Браслава адносіцца да гісторыка-геральдычных помнікаў Беларусі.
Насельніцтва XVI стагоддзе: 1554 — каля 1 тыс. чал. XX стагоддзе: 1913 — 1 550 чал.; 1921 — 1 587 чал.; 1939 — 4,9 тыс. чал.; 1959 — 4,2 тыс. чал.; 1995 — 10,7 тыс. чал. XXI стагоддзе: 2009 — 9,9 тыс. чал.; 2016 — 9 857 чал.; 2017 — 9 817 чал.; 2019 — 9 899 чал.Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2019 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2018 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу
Эканоміка i турызм Прадпрыемствы харчовай, лёгкай прамысловасці і сацыяльна-бытавога абслугоўвання. У Браславе функцыянуюць наступныя прадпрыемствы: ААТ «Браслаўскі льнозавод», Філіял РУВП «Віцебскхлебпрам» Браслаўскі хлебазавод, УП «Браслаўскі коопзаготпром» — каўбасныя вырабы і мясныя паўфабрыкаты, Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры».
Браслаў — цэнтр турызму нацыянальнага значэння. Турагенцкую і тураператарскую дзейнасць ажыццяўляюць турысцка-аздараўленчае прыватнае дачэрняе УП (ТАПДУП) «Браслаўскія азёры» (туркомплексы: «Дрывяты», «Золава», «Слабодка») і дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова "Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры». 2 гасцініцы, у т.л. «Заезны двор». Дамы паляўнічага «Абаб’е», «Браслаў», дом рыбака «Леошкі», агратурыстычная сядзіба «На Браслаўскіх азёрах». Размешчаны ў сэрцы Беларускага Паазер’я, Браслаў з даўніх часоў прыцягваў турыстаў. Штогод сотні тых, хто адпачывае з Расіі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Германіі і многіх іншых краін прыязджаюць у Браслаў купляцца ў чыстых азёрах, палавіць рыбу або агледзець славутасці азёрнага края. Горад стаіць на беразе найбуйнейшага ў раёне возера Дрывяты, на берагах якога маецца мноства пляжаў, кемпінгаў і баз адпачынку. У самім горадзе ёсць некалькі гасцініц і турбазы «Дрывяты». Акрамя таго, да паслуг адпачываючых многія мясцовыя жыхары ў летні перыяд здаюць дома або пакоі, даюць напракат лодкі, веласіпеды, паказваюць рыбныя месцы.
Транспарт Браслаў мае добрае транспартнае паведамленне з іншымі гарадамі краіны. Праз горад праходзяць аўтадарогі Лагойск — Глыбокае — мяжа Латвіі, Полацк — Браслаў і Браслаў — Мядзел. Маюцца рэгулярныя аўтобусная зносіны з Рыгай, Мінскам, Віцебскам, Полацкам, Міёрамі, Глыбокім.
Гарадскі транспарт прадстаўлены 3 маршрутамі аўтобусаў. Чыгуначнага паведамлення ў Браславе няма.
Культура
Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў (Браслаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, Браслаўскі музей традыцыйнай культуры). Браслаўскі народны тэатр.
Славутасці Гарадзішча (ІХ — ХV стагоддзі), у цэнтры горада, на перашыйку паміж азёрамі Дрывяты і Навята, на Замкавай гары (14 м) — Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1824) Свята-Успенская царква (1897) — Калодзежны шацёр (1924—1926) — Помнік на магіле доктара медыцыны Станіслава Нарбута (1927). Будынак былой земскай бальніцы, зараз у ім знаходзіцца Свята-Панцеляймонаўскі жаночы манастыр (1906) — Будынак былога староства (цяпер Браслаўскага райвыканкама; 1928—1929) Драўляны будынак былой чыгуначнай станцыі (пач. XX ст.) Гарадская забудова (XIX — 1-я пал. XX стст.) Млын (XIX — пач. XX стст.) Стараверская Пакроўская царква Брацкая магіла (1944) — Вайсковыя могілкі Першай сусветнай вайны (1915—1918) Хрысціянскія могілкі Склеп-пахавальня (кан. XIX — пач. XX стст.)
Вядомыя асобы
Алег Буткевіч (нар. 1972) — беларускі каталіцкі дзеяч, біскуп віцебскі (з 2013 года). Мікалай Раманавіч Дзікоўскі (1886—?) — гісторык, краязнаўца, педагог, грамадскі дзеяч. Ігар Уладзіміравіч Магалінскі (нар. 1986) — беларускі гісторык, археолаг. Міхал Сапель (1967—2021) — каталіцкі святар, першы пробашч адроджанай парафіі касцёла Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) у Мінску. Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская — беларуская перакладчыца і выдавец.
Гл. таксама Гарады Віцебскай вобласці Гарады Беларусі Спіс вуліц Браслава
Зноскі
Літаратура Markowski Damian. Płonące Kresy. Operacja «Burza» na Kresach Wschodnich II Rzeczypospolitej. — Warszawa: Oficyna Wydawnicza RYTM, 2011, s. 320. ISBN 978-83-7399-454-6. Wojtkowiak Z. Sprawa przyłączenia Brasławia do Litwy. Przyczynek do tworzenia nowych podziałów terytorialnych w W. Ks. Litewskim // Ars historica. Prace z dziejów powszechnych i Polski. (UAM. Ser. Historia. № 71). — Poznań, 1976;
Спасылкі
Браслаў — westki.info Надвор’е ў горадзе Браслаў
Катэгорыя:Курорты Беларусі