Чачэ́рск () — горад раённага падпарадкавання ў Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Чачэрскага раёна.

Геаграфія Знаходзіцца за 65 км ад Гомеля, за 37 км ад чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (лінія Гомель — Жлобін). Аўтамабільныя дарогі злучаюць горад з Кармой, Буда-Кашалёвам і Веткай і аўтамагістраллю Гомель — Магілёў. Прыстань на Сажы пры ўпадзенні ў яе Чачоры.

У цэнтры Чачэрску канцэнтруюцца 2—5-павярховыя будынкі. Заснаваны новы мікрараён з 3—5-павярховых жылых дамоў. Пераважае індывідуальная сядзібная забудова.

Назва Назва Чачэрск пайшла ад назвы ракі Чачоры, на якой паселішча ўзнікла.

У непасрэднай блізіні да Чачэрску, вышэй па Сажы, такімі двума спосабамі ўтвораныя назвы Карма і Прапойск ("Прапошаск"). У гэтым рэгіёне днепра-сожскага міжрэчча асабліва сканцэнтравана ўтвораных суфіксальным чынам тапонімаў тыпу Доўск, Крыўск, Свенск, Турск і інш.

Гісторыя

Сярэднявечча Паводле археалагічных звестак, горад узнік у кан. X ст. на месцы гарадзішча Замкавая Гара на беразе Чачоры пры ўпадзенні яе ў р. Сож. Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159 годзе як горад радзімічаў Чичерск, які кіеўскі князь Ізяслаў Давыдавіч вярнуў разам з Мазыром чарнігаўскаму князю Святаполку Алегавічу. З XIII ст. умацаваны цэнтр паселішча быў абведзены валам, найпазней з XIV ст. існаваў Чачэрскі замак (у паўночна-усходняй частцы горада).

Вялікае Княства Літоўскае

У сяр. XIV ст. Чачэрск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стаў цэнтрам воласці. У 1387—1390 гадах ён знаходзілася ў валоданні Скіргайлы, потым горадам кіравалі намеснікі вялікага князя. У гэты час на месцы дзядзінца летапіснага горада збудавалі замак. У 1501—1518 гадах Чачэрск належаў вялікай княгіні Алене Іванаўне, потым кіраваўся дзяржаўцамі з буйных феадалаў (Чартарыйскімі, Дашковічамі, Зяновічамі, Львом Сапегай і інш.). У 1506 годзе горад вытрымаў спярша татарскую, потым маскоўскую аблогу.

У 1509 Чачэрск упамінаецца як мястэчка Віленскага ваяводства. У 1510 ён стаў цэнтрам Чачэрскага староства і атрымаў Магдэбургскае права. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Чачэрск увайшоў у склад Рэчыцкага павета Менскага ваяводства. 22 кастрычніка 1629 года мястэчка Чачэрск і вёска Зяцькавічы па просьбе мяшчан атрымалі ад караля і вялікага князя Жыгімонта III права на правядзенне таргоў — 2 двухтыднёвыя кірмашы ў год.

У 1704 у Чачэрску было 542 будынкі і 7 вуліц, дзейнічалі 4 царквы і касцёл, працавалі карчма, 3 крамы, млын і мытня. У 1754 у месце пачала дзейнічаць езуіцкая місія. Пад 1765 у попісе Чачэрску ўпамінаюцца замак і гарадскія ўмацаванні.

Пад уладай Расійскай імперыі

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Чачэрск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам Рагачоўскага павета Рагачоўскай правінцыі, пазней — цэнтрам воласці Рагачоўскага павета. У 1774 годзе падораны Кацярынай II генерал-губернатару графу З. Г. Чарнышову, паводле ініцыятывы якога ў горадзе пабудаваныя ратуша, 3 царквы, касцёл, тэатр, 2 шпіталя і інш. Праведзена перапланіроўка горада паводле рэгулярнага плана, пры гэтым былі разбураныя замак і гарадскія ўмацаванні, якія згадваліся яшчэ ў «Попісе» Чачэрска за 1765 год.

У 1780 годзе ў мястэчку пачала працаваць шкляная мануфактура, у 1788 — паштовая кантора, у 1796 — цагельня. У другой пал. XVIII ст. у Чачэрску існавалі царква, мураваная ратуша, парк, 2 лякарні, прыстань «Крэмень». Апроч таго, тут збудавалі 3 царквы, касцёл і палац. З 1788 дзейнічала езуіцкая школа. На 1838 у мястэчку было 273 двары.

На 1880 у Чачэрску было 266 двароў, працавалі 2 вучылішча і 76 крамаў, штогод праводзіліся 4 кірмашы. У 1885 пачала працаваць метэаралагічная станцыя. Паводле перапісу (1897) у мястэчку было 328 двароў, дзейнічалі 4 цэрквы, касцёл і 6 іўдзейскіх малітоўных школ, працавалі бальніца, аптэка, паштова-тэлеграфнае кантора, паштовая станцыя, 80 крамаў, карчма; працавала прыстань на рацэ Сож, з якой у 1900 адправілі 21 судна і 48 плытоў з грузам 1530 тыс. пудоў. На 1908 — 369 двароў, дзейнічала пазыкова-ашчадная каса. Каля Чачэрску вялася распрацоўка вапнякоў. У 1911 пры мужчынскай і жаночай вучэльнях працавалі бібліятэкі, адкрылася крэдытнае, у 1913 — спажывецкае таварыствы. З 1 сакавіка 1918 да 14 студзеня 1919 Чачэрск займалі нямецкія войскі.

Найноўшы час 25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чачэрск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі перададзены ў склад РСФСР, дзе яно ўвайшло ў Гомельскую губерню. У 1926 годзе Чачэрск вярнулі ў БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёна. У 1938 паселішча атрымала афіцыйны статус гарадскога пасёлка. У Другую сусветную вайну з 14 жніўня 1941 да 27 лістапада 1943 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 1962—1965 Чачэрск уваходзіў у склад Буда-Кашалёўскага раёна, 3 лістапада 1971 ён атрымаў статус горадаУказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 3 лістапада 1971 г. Аб пераўтварэнні гарадскіх пасёлкаў Нароўля Нараўлянскага раёна і Чачэрск Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці ў гарады раённага падпарадкавання // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1971, № 31 (1333)..

20 кастрычніка 1995 года адміністрацыйныя адзінкі Чачэрскі раён і горад Чачэрск, якія маюць агульны адміністрацыйны цэнтр, аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку — Чачэрскі раён.

Насельніцтва

XIX стагоддзе: 1826 год — 888 чал.; 1880 год — 2 396 чал.; 1897 год — 2 325 чал. XX стагоддзе: 1903 год — 2 468 чал.; 1908 год — 3 190 чал.; 1939 год — 5,1 тыс. чал.; 1959 год — 2,7 тыс. чал.; 1970 год — 5,8 тыс. чал.; 1991 год — 8,1 тыс. чал. XXI стагоддзе: 2002 год — 7,7 тыс. чал. С. 266.; 2004 год — 7,7 тыс. чал.; 2006 год — 7,9 тыс. чал.; 2008 год — 7,7 тыс. чал.; 2009 год — 7 991 чал. (перапіс); 2016 год — 8 222 чал.; 2017 год — 8 312 чал.; 2026 год — 8 958 чал.

Эканоміка

Аснову эканомікі горада складаюць прадпрыемствы харчовай прамысловасці. Цэнтр мастацкіх рамёстваў (вышыўка, ткацтва і інш.). Спыніцца можна ў гарадскай гасцініцы.

Культура Дзейнічаюць бібліятэкі, Дом культуры, Цэнтр рамёстваў, фальклору і этнаграфіі, Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей.

Выдаецца раённая газета «Чачэрскі веснік».

Дзейнічае Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей.

Адукацыя У Чачэрску працуюць 2 сярэднія, мастацкая, спартыўная школы.

Славутасці Гістарычная забудова (ХІХ — пач. ХХ стст.; фрагменты) Замкавая Гара (археалагічны помнік, на паўночна-ўсходняй ускраіне горада) — старажытнае гарадзішча, колішні Чачэрскі замак. Замкавая крыніца — крыніца ля падножжа Замкавай гары, добраўпарадкаваная ў 2021 годзе«Родник Замковый» // Родники Беларуси. Комплекс былога палаца графаў Чарнышовых-Круглікавых: палац, парк, гаспадарчая пабудова, стайня (пач. ХІХ ст.) — . Ратуша (XVIII—XIX стст.) — . Сінагога Царква Праабражэння Гасподняга (1783) — .

Страчаная спадчына Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1784) Царква Нараджэння Божай Маці (1780) Царква Ушэсця Гасподняга (1780-я)

Вядомыя асобы

Сцяпан Скарапанаў, акадэмік НАН Беларусі. Мікалай Саўчанка, акадэмік НАН Беларусі, міністр аховы здароўя БССР ў 1966—1986 гг. Любоў Хатылёва, акадэмік НАН Беларусі. Інэса Драбышэўская, міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (1994—1997). Аляксандр Новікаў, доктар біялагічных навук. Аляксандр Болсун, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт, сябра Беларускага фізічнага таварыства. Людміла Корхава, народная артыстка Беларусі. Маркс Аронавіч Крэмень, вучоны ў галіне педагогікі і псіхалогіі. Аксана Бязлепкіна, пісьменніца і літаратуразнаўца. Зінаіда Ключынская, чэмпіёнка свету па акадэмічнай грэблі. Васілій Секуноў, чэмпіён свету сярод студэнтаў па грэка-рымскай барацьбе (1957). Сяргей Пернікаў, член нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па вольнай барацьбе, чэмпіён Беларусі 2005, 2007. Надзея Міхалкова, член нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па вольнай барацьбе. Анатоль Іванавіч Машуцін (нар. 1943) — беларускі архітэктар. Таццяна Сцепчанкава, член нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па дзюдо і самба. Герц Ізраілевіч Хайкін (1903—?) — беларускі архітэктар. Ігар Мяфодзьевіч Чарняўскі (нар. 1955) — беларускі археолаг архітэктуры.

Зноскі

Літаратура

Ткачоў М. Чачэрск // Castrum, urbis et bellum: Зборнік навуковых прац, 2002. — 421 с.

Спасылкі

Афіцыйны сайт Чачэрскага раённага выканаўчага камітэта м. Чачэрск на Radzima.org

Чачэрск на Залатое колца Гомельшчыны