Міха́сь Се́ўрук, поўнае імя Міхаі́л Канстанці́навіч Се́ўрук (; ) — беларускі мастак-жывапісец і графік.

Біяграфія thumb|270px|Марка з працай «Жніво» (1937), выдадзеная ў 2005 годзе|злева thumb|270px|справа|Маркіраваны канверт (2020) з карцінай «На сенажаці» (1953) Нарадзіўся ў Варшаве, дзе на той момант рэвізорам-эканамістам Надвісленскай чыгункі працаваў яго бацька, У 1909 годзе сям’я пераехала ў Брэст, дзе Міхась Сеўрук пайшоў у першы клас гімназіі. З пачаткам Першай сусветнай вайны сям’я эвакуіравалася ў Маскву, дзе на фармаванне зацікаўленасці жывапісам вялікае ўражанне зрабіла наведванне Траццякоўскай галерэі.

У 1919 годзе сям’я вярнулася ў мястэчка Сноў, дзе праваслаўным святаром служыў дзед па маці Стэфан. У выніку Рыжскага мірнага дагавора гэтыя землі канчаткова адышлі да Польшчы (Заходняя Беларусь). У 1926 годзе скончыў Нясвіжскую гімназію. У 1927 годзе пасля звальнення з тэрміновай службы ў польскай арміі з’ехаў у Вільню, дзе 18 верасня напісаў прашэнне аб залічэнні на мастацкі факультэт Віленскага ўніверсітэта Стэфана Баторыя, дзе, сярод іншых, быў вучнем Фердынанда Рушчыца. Першыя два гады навучання аддаваў перавагу скульптуры ў майстэрні Баляслава Балзукевіча. З трэцяга курса перайшоў у майстэрню да Людаміра Сляндзінскага. Сярод яго любімых настаўнікаў быў таксама Аляксандр Штурман, які вёў майстэрню пейзажу. Скончыўшы мастацкі факультэт у 1932 годзе, жыў і працаваў у Вільні.

У выставах пачаў удзельнічаць з 1937 года. Разам з Язэпам Драздовічам, Пётрам Сергіевічам, Язэпам Горыдам быў адным з арганізатараў Віленскага таварыства мастакоў. Сябраваў з Пётрам СергіевічамОн рисовал людей труда // Таямніцы Нясвіжа.

Па паходзе Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь і далучэнні гэтых земляў да БССР, з 1939 года жыў у Нясвіжы. Пасля Другой сусветнай вайны выкладаў маляванне і чарчэнне ў агульнаадукацыйнай школе, кіраваў мастацкай студыяй пры Доме культуры. Член Саюза мастакоў БССР з 1946 года.

У сярэдзіне 1950-х гадоў адна з карцін Міхася Сеўрука была раскрытыкавана савецкімі мовазнаўцамі за «безсюжэтнасць», пасля чаго мастак амаль не выстаўляў свае працы. Першая персанальная выстаўка Сеўрука адбылася ў Мінску праз год пасля яго смерці.

Памёр у Нясвіжы. Пахаваны на мясцовых могілках.

Творчасць Аўтар прац у станковым жывапісе і графіцы. Як пісаў Віктар Шматаў, «у асобных малюнках Сяўрука адчуваецца пэўны ўплыў Сляндзінскага з яго імкненнем да манументалізацыі і абагульнення формы, яе скульптурнасці»Шматаў В. Ф. Міхась Канстанцінавіч Сеўрук. — Мінск, 1980. — С. 14.. Пачатковым працам характэрны рысы рамантызму. Больш познія работы вызначаюцца народнасцю вобразаў. Сярод мастацкіх прац: тэматычныя жывапісныя кампазіцыі «На ўборцы буракоў» (1936), «Жніво» (1937), «Новы дом» (1968), графічныя творы «Віленская Alma mater» (1937) і інш.

Аўтар вокладак часопіса «Калоссе», зборнікаў вершаў Максіма Танка «На этапах» (1936) і песень Рыгора Шырмы «Наша песня» (1938).

У пасляваенныя гады па-ранейшаму шмат маляваў, пераважна партрэты, выкананыя алоўкам, сангінай, вуглём. Большасць карцін 1960—1970-х гадоў прысвечана людзям калгаснай вёскі. Таксама займаўся дрэварытам, афортам, медзярытам, кніжнай графікай.

Працы Сеўрука захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, музеях Вільні, квартэры-музеі, а таксама ў фондах Нясвіжскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея (1114 работ).

У 2024 годзе вярнуліся з-за мяжы 15 твораў жывапісу і графікі Міхася Сеўрука, якія перададзены ў склад нясвіжскіх музейных фондаў.

Памяць У 1980 годзе ў Палацы Мастацтваў упершыню адбыўся шырокі паказ творчасці Міхася Сеўрука. Мемарыяльная дошка ў Нясвіжы (1989, скульптар У. Слінчанка). 9 ліпеня 1996 года ў Нясвіжы адкрыта кватэра-музей Міхася Сеўрука, у 2013 годзе экспазіцыя была пашыраная і абноўленая. У 2005 годзе (да 100-годдзя мастака) прайшла юбілейная выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. 27 лютага 2025 года ў Палацавым будынку Нясвіжа адчынілася выстаўка «Міхаіл Сеўрук. Дакрануцца да невядомага», прымеркаваная да 120–годдзя з дня нараджэння мастака. Выдадзены ілюстраваны каталог выстаўкі. 17 кастрычніка 2025 — 14 студзеня 2026 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь працавала рэтраспектыўная выстаўка «Міхась Сеўрук. Ідылія» да 120–годдзя з дня нараджэння мастака. У экспазіцыі было прадстаўлена больш за 120 твораў жывапісу і графікі з калекцый музеяў Беларусі і прыватных збораў, рэдкія архіўныя фотаздымкі.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

10 фактаў пра класіка беларускага мастацтва Міхася Сеўрука // Сайт «Радыё Свабода» 27 лютага 2020 Выстава мастакоў віленскай школы адкрылася ў Менску // Сайт «Радыё Свабода» 16 снежня 2016 Наталья Писарева Уездный мастер // Партал «Беларусь Сегодня» 19.10.2007 Міхаіл Сеўрук. Знаёмства з Майстрам (2014) Творчасць Міхася Сеўрука // Нясвіжскія навіны Вечарына памяці «Святло таленту», прысвечаная 110-годдзю з дня нараджэння мастака М. К. Сеўрука // Дзяржаўная ўстанова «Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей»

Катэгорыя:Графікі СССР Катэгорыя:Графікі Беларусі Катэгорыя:Графікі паводле алфавіта Катэгорыя:Мастакі Беларусі Катэгорыя:Члены Саюза мастакоў БССР Катэгорыя:Асобы на марках Катэгорыя:Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта