Хвошчападобныя, Членістасцябловыя (Equisetopsida, Equisetóphytina) — клас (пададдзел) вышэйшых споравых раслін. Для іх характэрна прысутнасць парасткаў, якія маюць членістую будову, складаюцца з вузлоў і міжвузелляў. У вузлах кальчакамі размешчаны лісты. Гэтай рысай хвошчападобныя рэзка адрозніваюцца ад астатніх безнасенных вышэйшых раслін.

Апісанне

Сучасныя хвошчападобныя — шматгадовыя карэнішчавыя травы са сцябламі ад некалькіх сантыметраў да некалькіх метраў, існавалі таксама вымерлыя дрэвападобныя расліны, якія дасягалі 15 м увышыню і больш чым 0,5 м у дыяметры. Раўнаспоравыя расліны (некаторыя выкапнёвыя формы былі разнаспоравымі) з чаргаваннем пакаленняў — спарафіту (бясполае, пераважае) і гаметафіту (полавае). Абодва пакаленні фізіялагічна незалежныя і жывуць самастойна.

Праводзячая сістэма сцябла хвошчападобных прадстаўлена актынастэлай (ад грэч. ακτίς — прамень) ці артрастэлай (ад грэч. άρθρωσις — сустаў), ці членістай стэлай, якая складаецца з чаргуючых паміж сабой на працягу сцябла і парасткаў участкаў рознай будовы. Праводзячыя элементы ксілемы прадстаўлены трахеідамі розных тыпаў, а ў хвашчоў нават і сасудамі; флаэма складаецца з сітападобных элементаў і парэнхімных клетак.

Сцёблы зялёныя (фотасінтэзавальныя) або двух тыпаў: бесхларафільныя (спараносныя, хутка адміраюць) і зялёныя (вегетатыўныя). Усе віды сцёблаў бараэнаватыя, расчлянёныя, як і карэнішчы, на вузлы і полыя міжвузеллі (адсюль другая назва). Своеасаблівасць хвашчоў заключаецца ў наяўнасці лістоў сінтэломнага паходжання, якія ў ходзе эвалюцыі падвергліся значнай рэдукцыі. У вузлах кальчакі галін і дробнага, часта лускападобнага і бесхларафільнага лісця, якое зрастаецца похвамі ў трубку.

Спарангіі ў верхавінкавых стробілах. Характэрнай рысай хвошчападобных з'яўляецца наяўнасць у іх своеасаблівых спараносных структур — спарангіяфораў, якія адрозніваюцца па сваёй будове ад спарафілаў іншых безнасенных раслін. Кальчакі спарангіяфораў утвараюць на сцябле спараносныя зоны, якія чаргуюцца са звычайнымі вегетатыўнымі лістамі, ці сядзяць на канцах восей і ўтвараюць чыстыя (складаюцца толькі са спарангіяфораў) ці змешаныя (са спарангіяфораў і стэрыльных лістоў) стробілы.

Падземная частка спарафіту — карэнішча з прыдаткавымі каранямі, у некаторых відаў утвараюцца клубеньчыкі, якія назапашваюць крухмал. Для хвашчоў характэрна фарміраванне бакавых каранёў, якія закладваюцца ў апікальнай мерыстэме маладога парастка. Наяўнасць шмат'ярусных карэнішчаў з сістэмай бакавых каранёў двух тыпаў дазваляе расліне не толькі захопліваць новыя тэрыторыі, але і ўтрымліваць іх.

Гаметафіт (зарастак) адна- ці двухполы, зялёны, маленькі (некалькі міліметраў). На гаметафітах утвараюцца антэрыдыі і архегоніі. У антэрыдыях развіваюцца сперматазоіды, у архегоніях — яйцаклеткі.

Апладненне адбываецца пры наяўнасці воднага кропельна-вадкага асяроддзя на паверхні гаметафіту, і з зіготы без перыяду спакою вырастае новае бясполае пакаленне — спарафіт.

Класіфікацыя

Падзяляюцца на 3 класы: , , . Паходзяць ад псілафітаў. Вядомы з верхняга дэвону, найбольш пашырыліся ў карбоне, вымерлі ў пачатку мезазою. Прадстаўнікі ўсіх класаў існуюць у выкапнёвым стане, акрамя роду хвошч.

Крыніцы

Літаратура Дзеразападобныя, хвошчападобныя, папарацепадобныя, голанасенныя, пакрытанасенныя / [В. І. Парфёнаў і інш.]. — Мінск: Народная асвета, 1980. — 142, с. — (Наша прырода). Зубкевіч Г. Хвошчападобныя // Траццякоў Дз. Хвошчападобныя // Сапегін Л. Батаніка. Сістэматыка вышэйшых раслін: вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па біялагічных спецыяльнасцях. — Гомель: ГДУ, 2012. — 337 с. ISBN 978-985-439-644-6