Камі́ла Вінцэ́нтаўна Марцінке́віч, у шлюбе Асіпо́віч (, ; ) — беларуская піяністка, кампазітар, педагог, удзельніца рэвалюцыйнага руху на Беларусі ў 1860-я гады. Дачка беларускага паэта і драматура Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
Біяграфія
Фартэпіяннай ігры вучылася ў мінскім пансіёне Мантэграндзі. Адна з вучаніц Дамініка Стафановіча. Выступала з васьмігадовага ўзросту з канцэртамі ў Мінску, Слуцку, Кіеве, Варшаве. Разам з творамі Фрыдэрыка Шапена і Ферэнца Ліста выконвала ўласныя варыяцыі на тэму песні Аляксандра Варламава «Чырвоны сарафан». 3 іншых яе твораў вядома фантазія «У летуценні мінулага». Уваходзіла ў тэатральную трупу бацькі; у 1852 годзе брала ўдзел у паказе ў Мінску першай беларускай оперы «Сялянка». Выкладала музыку ў прыватных пансіёнах.
Цяжкае матэрыяльнае становішча сям’і не дазволіла Каміле скончыць кансерваторыю. Асноўным яе заняткам з сярэдзіны 1850-х гадоў стала музычна-педагагічная і асветніцкая дзейнасць. На пачатку 1860-х гадоў яна арганізавала ў Мінску і мястэчку Гарадок Віленскага павета школы для дзяцей беднаты.
У 1861—1863 гадах была сяброўкай мінскай арганізацыі кіраўнічага органа паўстанцаў Літоўскага правінцыяльнага камітэта. Удзельнічала ў вулічных дэманстрацыях, вучыла сяброў нелегальных гурткоў рэвалюцыйным гімнам, уласным прыкладам натхняла на рэвалюцыйную барацьбу супраць расійскай улады. Першы раз была арыштавана і змешчана ў псіхіятрычную бальніцу ў чэрвені 1861 года. Выпушчана пасля маніфестацый пратэсту. Зноў арыштавана 3 лютага 1863 года, саслана ў Салікамск (Пермская губерня). У ссылцы ажанілася з урачом Казімірам Асіповічам. Цяжка хворая, атрымала дазвол вярнуцца на радзіму ў 1880-х гадах, дзе і памерла.
Пахаваная разам з мужам на Бернардзінскіх могілках у Вільні (месца II-77)«Обольстительница» и «икона стиля» — что вы знаете об одной из самых влиятельных и сумасшедших минчанок
Крыніцы
Літаратура Арлоў У. Імёны Свабоды. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе.) / Уладзімер Арлоў. — 4-е выд., дап. — Радыё СвабоднаяЕўропа / Радыё Свабода, 2020. — 826 с.: іл. ISBN 978-0-929849-83-6
Катэгорыя:Кампазітары Беларусі Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў Катэгорыя:Рэпрэсаваныя ў Расійскай імперыі Катэгорыя:Сасланыя Катэгорыя:Піяністы XIX стагоддзя Катэгорыя:Піяністы Беларусі Катэгорыя:Кампазітары XIX стагоддзя