Рэспу́бліка Карэ́лія або Карэ́лія (, ) — суб’ект Расійскай Федэрацыі.
Размешчана на паўночным захадзе Еўрапейскай часткі Расіі. На паўночным усходзе абмываецца Белым морам, на поўдні — Ладажскім і Анежскім азёрамі. На захадзе мяжуе з Фінляндыяй. Уваходзіць у склад Паўночна-Заходняй федэральнай акругі.
Плошча — 180 520 км². Насельніцтва — 614,6 тыс. чал. (2019 год)БРЭ. Карелия.
Сталіца — горад Петразаводск. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел: 3 горада рэспубліканскага значэння (Петразаводск, Кастамукша і Сортавала) і 15 раёнаўРеестр административно-территориального устройства Республики Карелия.
Нацыянальны склад: рускія — 76,6 %, карэлы — 9,2 %, беларусы — 5,3 %, украінцы 2,7 %, фіны 2,0 %, вепсы 0,7 %. Карэльская і вепская мовы не з’яўляюцца дзяржаўнымі.
Рэгіянальная ўлада Рэспубліка Карэлія валодае ўсёй паўнатой дзяржаўнай улады на сваёй тэрыторыі, акрамя тых паўнамоцтваў, якія ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Расіі знаходзяцца ў падпарадкаванні федэральных органаў улады.
Вышэйшая кіруючая пасада рэспублікі — кіраўнік рэспублікі. Рэспубліка мае свой Заканадаўчы Сход, які складаецца з абраных на пяцігадовы тэрмін 36 дэпутатаў, і рэгіянальны Урад.
Геаграфія Рэспубліка Карэлія мяжуе з чатырма абласцямі Расіі: Архангельскай (усход), Валагодскай (паўднёвы ўсход), Ленінградскай (поўдзень, паўднёвы захад) і Мурманскай (поўнач); на захадзе праходзіць дзяржаўная мяжа Расіі і Фінляндыі.
Традыцыйна тэрыторыя сучаснай рэспублікі падзялялася між трыма гістарычнымі рэгіёнамі: Белай Карэліяй (цэнтр і поўнач рэспублікі), Ладажскай Карэліяй (паўднёвы захад, ля ўзбярэжжа Ладажскага возера) і Алонецкай Карэліяй (поўдзень).
На тэрыторыі суб’екта працякае каля 27 000 рэк, найбольшыя з якіх: Водла (149 км), Кем (191), Коўда, Шуя, Суна і Выг. Акрамя гэтага, у рэспубліцы знаходзіцца каля 60 тыс. азёраў, якія ўключаюць у сябе Ладажскае і Анежскае азёры, адны з найбольшых азёраў Еўропы. Берагавая лінія тэрыторыі рэспублікі на Белым моры складае 630 км.
У рэспубліцы месцяцца чатыры нацыянальныя паркі Расіі: Вадлозерскі, Калевала, Паанаярві і Ладажскія шхеры. 148 тыс. км² або 85 % ад тэрыторыі рэспублікі складаюць землі дзяржаўнага ляснога фонду, агульны аб’ём лясных рэсурсаў налічвае прыблізна 807 млн м³, пры гэтым 375,2 млн з якіх складаюць іглічныя пароды драўніны.
У Рэспубліцы Карэлія вядома каля пяцідзесяці карысных выкапняў, якія размеркаваны па больш чым 400 радовішчах і руданосных пластах. Сярод найбольш выбітных карысных выкапняў адзначаецца наяўнасць жалезнае руды, алмазаў, ванадыю і малібдэну.
Карэлія размешчаная ў атлантычнай кантынентальнай кліматычнай зоне. Сярэдняя тэмпература студзеня — −8 °C, ліпеня — 16,4 °C, сярэднегадавая колькасць ападкаў налічвае 500—700 мм.
Гісторыя Першае засяленне людзьмі сучаснага тыпу тэрыторыі цяперашняй Рэспублікі Карэлія датуецца VII—VI тыс. да н.э. Асноўнымі заняткамі людзей з’яўляліся паляванне і рыбалоўства.
Паміж I ст. н.э. і канцом I тыс. н.э. у рэгіёне пачалася здабыча медзі, іншыя датыроўкі на I тыс. да н.э. адносяць вытворчасць жалеза і зачаткі земляробства і жывёлагадоўлі.
Устаноўлена, што ўжо ў I тыс. н.э. тэрыторыю сучаснай Карэліі насялялі фіна-ўгорскія плямёны, якія пазней леглі ў аснову карэльскага і вепскага этнасаў. Існуе гіпотэза, што карэлы сфарміраваліся на аснове абарыгенных плямёнаў поўдня Карэліі і паўднёвага ўсходу Фінляндыі, адкуль яны потым рассяліліся ў напрамку Белага мора і Заанежжа. У пачатку II тыс. н.э. частка карэлаў перасялілася да берагоў Батнічнага заліва і Белага мора, адначасна з гэтым на ўсход Карэліі (г.зв. Абанежжа) і на ўзбярэжжа Белага мора пранікла славянскае насельніцтва, якое спрыяла развіццю земляробства, вытворчасці солі і марскім промыслам. Існуюць гіпотэзы, якія ўзводзяць паходжанне карэльскага этнасу да кантактаў карэлы з іншымі фіна-ўгорскімі этнапляменнымі групамі, вессю і лоп’ю, у часе якога апошнія былі асіміляваны, а карэла магла ўспрыняць асаблівасці іх мовы і культуры. Іншыя гіпотэзы звязваюць паходжанне карэлаў з прыходам прыбалтыйска-фінскіх плямёнаў у VI ст. н.э. на Карэльскі перашыек, дзе да гэтага пражывала лоп — этнапляменная група, якая пазней утварыла этнас саамаў. Меркавалася таксама ўзаемадзеянне весі і чудзі.
Найранейшыя меркаваныя згадкі карэлаў адносяць да працы Іардана VI ст. «Аб паходжанні і дзеяннях готаў», дзе ў спісе заваяваных Германарыхам народаў узгадваюцца Thiudos in Aunxis, што Ф. Браўнам трактавалася як «чудзь алонецкая».
Сярэднявечча Упершыню згадана ў берасцяной грамаце 1065—1085 гадоў, дзе паведамляецца пра карэлу як аб’ект нападу літоўцаў.
З ХІ ст. тэрыторыя сучаснай Рэспублікі Карэлія трапляе ў залежнасць ад усходніх славян, урэшце над большай часткай рэгіёна была ўсталявана ўлада Наўгародскай рэспублікі.
З XIII ст. Карэлія становіцца аб’ектам нападаў Швецыі, у выніку чаго апошняя атрымала значныя часткі карэльскіх земляў на поўдні сучаснай рэспублікі; з гэтага ж перыяду арэал карэльскага этнасу з прычыны дзяржаўнай прыналежнасці быў падзелены на пераважна праваслаўную і каталіцкую (пазней лютэранскую) часткі. У пачатку гэтага ж стагоддзя цэнтрам аўтаномнай наўгародскай Карэліі стала мястэчка Карэла (цяп. Прыазерск на паўночным захадзе Ленінградскай вобласці). У 1323 годзе Арэхаўскі мір падзяліў Карэльскі перашыек на заходнюю і ўсходнюю часткі, якія адышлі Швецыі і Ноўгараду адпаведна, пры гэтым да апошняга таксама адыходзілі карэльскія землі за поўнач ад усталяванай мяжы. Да гэтага ў 1314—1315 гг. у наўгародскай Карэліі адбываліся антынаўгародскія паўстанні, падчас якіх карэлы перабілі славянскіх жыхароў Карэлы і ўпусцілі ў горада шведаў. З 1333 года Арэхаў, які меў ролю ваеннай крэпасці наўгародцаў, разам з гарадамі Карэліі, а таксама суседняе Воцкай зямлі быў перададзены ў кіраванне літоўскаму князю Нарымонту, пасля чаго перададзеныя Нарымонту землі ўтварылі асобнае княства. Тым не менш, праз два гады Нарымонт з’ехаў з Ноўгараду з прычыны ўласных палітычных амбіцый, пакінуўшы на пасадзе сына Аляксандра, у 1338 годзе адклікаў Аляксандра і нават адмовіўся аказаць падтрымку ў супраціве шведам. Намеснікі князя заставаліся ў Арэхаўскай крэпасці да 1348 годаА. Белы. Нарымонт // .
Расійскае кіраванне
У 1478 годзе тэрыторыя Ноўгарада скараецца Масквой, у выніку чаго наступныя тэрытарыяльныя пераўтварэнні ў Карэліі вырашаліся дзякуючы расійска-шведскім знешнепалітычным зносінам. У 1500 годзе ўпершыню згадваецца Карэльскі павет (займаў Карэльскі перашыек і паўночнае Прыладажжа) у складзе Воцкай пяціны Наўгародскай зямлі, аднак пад канец 1530 — напачатку 1550 гг. гадоў маскоўскі ўрад правёў адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу (вядомую як «губная»), падчас якой Арэшкаўскі, Ладажскі і Карэльскі паветы склалі Карэльскую палову Водскай пяціны, усходнія карэльскія землі (г.зв. заанескія пагосты) увайшлі ў склад заанескай паловы Абанескай пяціны.
Цягам Смутнага часу ў Маскоўскай дзяржаве (1598—1613) Швецыя заваёўвае Карэлію і суседнюю Інгерманландыю, пры гэтым складзены 27 лютага 1617 года Сталбоўскі мір захаваў паўднёвы захад Карэліі за Швецыяй, якія склалі асобную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку краіны — Карэльскае герцагства. Рэлігійная палітыка ўраду Швецыі, якая стала прычынай ганенняў на праваслаўнае карэльскае насельніцтва рэгіёна, заклала пачатак масавага перасялення карэлаў у Расію і, у прыватнасці, стала прычынай узнікнення этнагрупы, вядомай як цвярскія карэлы. У сваю чаргу, шведскую Карэлію займалі фінскія перасяленцы з суседняга гістарычнага рэгіёна Сава, што стала прычынай складання субэтнічнай групы фінаў, вядомай як фінскія карэлы. Расійскія землі Карэліі ў 1708 годзе ўвайшлі ў склад Інгерманландскай губерні, якая кіравалася з Санкт-Пецярбурга; з 1710 года губерня пераназвана ў Санкт-Пецярбургскую.
Па Ніштацкім мірным дагаворы 1721 года тэрыторыя Карэліі была падзелена паміж Расіяй і Швецыяй — большая частка сучаснай рэспублікі была далучана да Расійскай імперыі.
4 верасня 1776 года было ўтворана Наўгародскае намесніцтва, праз чатыры гады ўтворанае Валагодскае намесніцтва, між якімі і была размеркавана тэрыторыя расійскай Карэліі.
У 1781 годзе Аланецкая вобласць Наўгародскага намесніцтва (поўдзень рэспублікі) была перададзена Санкт-Пецярбургскай губерні, праз чатыры гады яна была падвышана да статусу самастойнага намесніцтва, але ў 1796 годзе гэтая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка была скасавана. 21 верасня 1801 года была ўтворана Аланецкая губерня, якая ахоплівала поўдзень сучаснай рэспублікі, астатнія тэрыторыі, як і дагэтуль, уключала ўтвораная Архангельская губерня, якая да гэтага перыядычна мяняла статус і да 1784 года падпарадкоўвалася Волагдзе (гл. вышэй). У 1802 годзе адміністрацыйным цэнтрам Аланецкай губерні стаў горад Петразаводск, заснаваны як заводскі пасёлак у 1703 годзе.
Распад Расійскай імперыі
Пачынаючы з распаду Расійскай імперыі пасля рэвалюцыі 1917 года ў рэгіёне ўзнікае шэраг нацыянальных арганізацый, якія канкуравалі з агульнарасійскімі палітычнымі арганізацыямі і ставілі на мэце стварэнне ўласных палітычных утварэнняў на тэрыторыі Карэліі. Некаторыя нацыянальныя арганізацыі разгортвалі сваю дзейнасць раней: так, у 1905 годзе быў заснаваны Саюз беламорскіх карэлаў, які імкнуўся да пашырэння выкарыстання фінскай мовы ў грамадскім жыцці і абвяшчаў блізкасць фінскага і карэльскага этнасаў. У 1911 годзе дзейнасць арганізацыі была забаронена, але ў 1917 годзе ў фінскім Тамперэ падобную дзейнасць таксама арганізавала Карэльскае асветніцкае таварыства.
3 сакавіка 1917 года ў Петразаводску быў сабраны часовы камітэт грамадскай бяспекі з прадстаўнікоў гарадскай думы, духавенства, інтэлігенцыі і рабочых горада. Неўзабаве ўдзельнікі камітэту дабіліся вызначанай лібералізацыі (скарачэнне працоўнага дня, павышэнне заработнай платы) і атрымалі некаторыя мясцовыя паўнамоцтвы. Падобныя камітэты ствараліся таксама ў суседніх Пудажы і Павянцы.
Пад канец сакавіка 1918 года, падчас савецка-фінскай вайны, фінскія войскі занялі паўночны ўсход Карэліі. Пры дапамозе войска было арганізавана мясцовае карэльскае самакіраванне. 21 ліпеня 1919 года быў створаны Часовы ўрад Беламорскай Карэліі на чале з С. Ціханавым, які неўзабаве, кіруючыся палітыкай самавызначэння, нададзенай савецкімі ўладамі, аб’явіў незалежнасць краіны, якая пазней стала вядомая як Паўночнакарэльская дзяржава. У маі 1920 года ўрад Карэліі быў прызнаны Фінляндыяй. 18 чысла часткі РСЧА без бою ўвайшлі ў сяло Ухта, дзе размяшчаўся ўрад Карэліі, пасля чаго ўрад краіны эвакуіраваўся ў суседняе сяло Вакнавалак, адкуль перабралося ў Фінляндыю. Паралельна з гэтым урадам, з 15 мая 1918 года ў Аланецкай губерні існаваў г.зв. Алонецкі ўрад, які ў кастрычніку 1920 года быў далучаны да Карэльскага аб’яднанага ўрада.
Акрамя гэтага, фінскія войскі паралельна з дзейнасцю карэльскіх нацыянальных арганізацый праводзілі экспедыцыі на ўсход Карэліі з мэтай будучага аб’яднання з Карэліяй. 7 сакавіка 1918 года ўрад Фінляндыі ў рамках савецка-фінскай вайны 1918—1920 гг. выказаў прэтэнзіі на сучасную Карэлію. 21 сакавіка гэтага ж года была арганізавана экспедыцыя фінскага войска праз поўнач Карэліі, якая скончылася далучэннем да Фінляндыі наваколляў вёсак Рэбалы і Порасазера, з красавіка па верасень 1919 года ў выніку паспяховага наступу Фінляндыі пад яе кантроль быў узяты поўдзень сучаснай тэрыторыі рэспублікі, Алонецкая Карэлія. У ліпені 1920 года расійская армія выбіла фінскае войска практычна з усёй Карэліі, пакінуўшы пад кантролем Фінляндыі толькі памежныя з Фінляндыяй Порасазера і Рэбалы, 14 кастрычніка гэтага ж года пасля чатырохмесяцовых перамоў Фінляндыя згодна з Тартускім мірам адмовілася ад тэрытарыяльных прэтэнзій, у выніку чаго фінска-расійская мяжа ў Карэліі набыла дарэвалюцыйны выгляд.