Мі́нскае тавары́ства се́льскай гаспада́ркі — грамадская арганізацыя гаспадарчага (а пазней і палітычнага) характару, якая існавала з 20 жніўня 1876 г. па 1 мая 1921 г. і мела ў сваім складзе галоўным чынам сярэднезаможных і заможных землеўласнікаў Мінскай губерні. Сядзіба таварыства знаходзілася большую частку часу свайго існавання ў Мінску — спачатку ў дваранскім доме, пасля на Захараўскай вуліцы ў доме Паўлоўскага (да 1898 г.), а затым (з 1898 г.) — у доме № 47 на Захар’еўскай вуліцы, набытым у графа Караля Эмерыкавіча Чапскага (1860—1904). Таварыства атрымала сваю вядомасць і ўплыў у Мінскай губерні (і шырэй) дзякуючы намаганням галоўных кіраўнікоў арганізацыі — доўгачасовага і аўтарытэтнага віцэ-старшыні (1888—1907), старшыні (1907—1921) Эдварда Адамавіча Вайніловіча; графа Караля Эмерыкавіча Чапскага (1860—1904); графа Ежы Эмерыкавіча Чапскага (1861—1930); віцэ-старшыні (1907—1917, 1918—?) Рамана Аляксандравіча Скірмунта (1868—1939); Урбана Баніфацевіча Крупскага (1863—1915) і інш. Таварыства выйшла ў шэрагі самых эфектыўных і прагрэсіўных гаспадарчых арганізацый Расійскай Імперыі. Дзякуючы свайму лідару Эдварду Вайніловічу Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі стала ўзорным і цэнтральным у літоўска-беларускім краі, на якое ў сваёй дзейнасці аглядаліся сельскагаспадарчыя таварыствы астатніх літоўска-беларускіх губерняўРаюк, А. Р. Эвалюцыя прасторавых меж «Края» у палітычных праграмах краёўцаў-кансерватараў Беларусі і Літвы ў 1905—1908 гг… С. 146., што дазваляла паслабляць негатыўнае ўздзеянне дыскрымінацыйных законаў, уведзеных расійскімі ўладамі пасля паўстання 1863—1864 гадоў у адносінах да мясцовых каталіцкіх дваран. Па сутнасці, у канцы XIX — пачатку XX ст. Эдвард Вайніловіч стаў неафіцыйным лідарам карэнных (каталіцкіх і польскамоўных) дваран літоўска-беларускіх губерняў. Менавіта лідары і члены Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі вылучыліся на ролю лідараў у распрацоўцы і рэалізацыі ідэй «краёвасці» ў 1905—1918 гг., сталі галоўнымі заснавальнікамі Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907). Пасля падзення расійскага самаўладдзя ў ходзе Лютаўскай рэвалюцыі (1917) лідары таварыства станоўча ўспрынялі працэс палітычнага самавызначэння беларусаў і сталі актыўнымі прыхільнікамі палітычнай суб’ектнасці Беларусі (аж да стварэння беларускай дзяржаўнасці), робячы для таго канкрэтныя крокі. У 1918 г. выступілі з праектам стварэння Вялікага Княства Літоўска-Беларускага, а ў 1919—1921 гг. былі прыхільнікамі стварэння польска-беларускай федэрацыі.
Стварэнне Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (1876) Першым нефіліяльным сельскагаспадарчым таварыствам у шасці губернях Паўночна-Заходняга краю было Віцебскае таварыства сельскай гаспадаркі, статут якога быў зацверджаны 28 ліпеня (8 жніўня) 1876 г. Міністэрствам дзяржаўных маёмасцей Расійскай імперыіJurkowski, R. Polacy-mińszczanie… С. 81.. Неўзабаве 20 жніўня (1 верасня) 1876 г., калі быў зацверджаны статут, было створана Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі (1876—1921) па ініцыятыве будучага міністра ўнутраных спраў (1879—1880) Расійскай імперыі Льва Савіча Макава (1830—1883), які атрымаў ва ўласнасць маёнтак Блонь (Мар’іна Горка) і Навасёлкі ў Ігуменскім павеце, канфіскаваныя расійскай уладай пасля Студзеньскага паўстання (1863—1864) у мясцовай каталіцкай шляхтыWoyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 39.. Галоўнай задачай таварыства ставілася падтрымка рускага землеўладання ў Мінскай губерні, а таксама падтрымка развіцця сельскай гаспадаркі рускіх уладальнікаў маёнткаў, каб супольнымі сіламі падарваць эканамічнае і колькаснае дамінаванне карэнных землеўласнікаў, аслабленых разбуральнымі вынікамі паўстання, увядзеннем «выключнага заканадаўства» і кантрыбуцыямі, выштурхнуць іх з маёнткаў.
Першапачаткова яго ўзначаліў мінскі губернскі маршалак (1877—1897) Васіль Іванавіч Паўлаў, які быў рускім па паходжанні, а членамі сельскагаспадарчага таварыства сталі пераважна чыноўнікі губернскай канцылярыі. Адно з палажэнняў Статута сцвярджала, што сябрамі таварыства могуць быць толькі «асобы рускага паходжання» (праваслаўныя па веравызнанню). Так, сузаснавальнікамі і першымі членамі сталі Міхаіл Іванавіч Казарынаў, Аляксандр Васілевіч Лучынскі, Іван Андрэевіч Бунге (праваслаўны дваранін нямецкага паходжання), Мікалай Мікалаевіч Галіневіч (праваслаўны дваранін беларускага паходжання), Мікалай Мартынавіч Гарцінг, Пётр Васілевіч Занцэвіч (землеўласнік з беларускага праваслаўнага духоўнага саслоўя), Уладзімір Мікалаевіч Токараў (1869—1875), Павел Міхайлавіч Хамянтоўскі, Уладзімір Мацвеевіч Яргольскі і інш.Памятная книга Минской губернии на 1880 г. — С. 127—128. Аднак дыскрымінацыя мясцовых землеўладальнікаў каталіцкага веравызнання («палякаў») не спрыяла эфектыўнасці працы таварыства, праяўленні гаспадарчых альбо прадпрымальніцкіх ініцыятыў былі рэдкасцю на яго пасяджэнняхWoyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 40..
Пашырэнне складу і новыя задачы таварыства сельскай гаспадаркі (1878)
У 1878 г. губернскі маршалак Паўлаў быў вымушаны прыцягнуць да працы таварыства і мясцовых дваран каталіцкага паходжання («палякаў»). Так у 1878 г. аднымі з першых запрашэнні да членства ў арганізацыі атрымалі былы мінскі павятовы маршалак (1863—1872) Леў Апалінарыевіч Ваньковіч (1831—?) і землеўладальнікі Аляксандр Аляксандравіч Скірмунт (1830—1909), Аляксандр Ігнатавіч Горват (каля 1796—1888), Эдвард Фартунатавіч Здзяхоўскі (1836—1900), Мельхіёр Каралевіч Ваньковіч (1843—1892), Віктар Фларыянавіч Свіда, Зыгмунт Свянціцкі, Стэфан Верашчака, Віктар Цюндзявіцкі, Ян Кукевіч і малады Эдвард Адамавіч Вайніловіч (1847—1928)Szpoper, D. Edward Woyniłłowicz… С. 40.. Але гэта быў толькі пачатак. Як пісаў ва ўспамінах Эдвард Вайніловіч, «мундзіры» на пасяджэннях Таварыства саступілі месца «сапраўдным гаспадарам». У канцы 1878 колькасць членаў таварыства дасягнула 64 чалавек. Большасць з іх належала да мясцовай шляхты каталіцкага веравызнанняСмалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 92.. З самага пачатку, як адзначыў Вайніловіч у мемуарах, «раз і назаўсёды было сказана, <…> што рэпутацыя сельскагаспадарчага таварыства павінна быць без дакору і заганы»Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 66.. На першае месца ставілася добрасумленнае выкананне сваіх кантрактаў па арэндзе і гандлi, клопат аб прыбытковасці спраў таварыства ніколі не павінен быў ставіць пад сумненне ўзятыя перад кліентамі абавязкіWoyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 59, 66..
Пасля Віцебскага і Мінскага таварыстваў пачалі ўзнікаць аналагічныя сельскагаспадарчыя таварыствы і ў іншых літоўска-беларускіх губернях (Магілёўскае (1879), Віленскае (1899), Ковенскае (1900) і Гродзенскае таварыствы сельскай гаспадаркі (1901)), дзе таксама ў іх складзе пачалі пераважаць дваране-каталікі. Гэта спрыяла значнай актывізацыі дзейнасці таварыства. Цікавасць землеўладальнікаў краю да таварыстваў трымалася не толькі з мэтай паляпшэння прыбытковасці маёнткаў, але і на жаданні да аб’яднання і камунікацыі ў рамках адной арганізацыі. Прычым гэта датычыла не толькі гаспадарчых спраў. Хутка ў дзейнасці сельскагаспадарчага таварыства пачала праяўляцца і публічная дзейнасць мясцовага грамадства літоўска-беларускіх губерняў, якое было пазбаўлена земстваў, што меліся пасля земскай рэформы ў іншых губернях Расійскай імперыі.
Так, напачатку 1880-х гг. прадстаўнікі сельскагаспадарчых таварыстваў літоўска-беларускіх губерняў прынялі ўдзел у спробе палітычнага рэфармавання Расійскай імперыі пры правядзенні г.зв. «акруговых з’ездаў», ідэя арганізацыі якіх належала расійскаму міністру ўнутраных спраў Міхаілу Лорыс-Мелікаву (1825—1888). Міністр паспрабаваў прыцягнуць да абмеркавання дзяржаўных праблем (галоўным чынам, праблем развіцця сельскай гаспадаркі ў дзяржаве) землеўладальнікаў імперыі. Ад рускіх губерняў, якія мелі земствы, прадстаўнікі-землеўладальнікі выбіраліся земствамі, а ад беларуска-літоўскіх земляў (з-за адсутнасці там земстваў) абраць прадстаўнікоў было даручана сельскагаспадарчым таварыствам. Акруговыя з’езды павінны былі абраць дэпутатаў на Усерасійскі з’езд, які многія лічылі пачаткам расійскага парламента. Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ) паводле сваіх выбараў накіравала ў Смаленск на з’езд V акругі, у якую размеркавалі Мінскую, Магілёўскую, Смаленскую і Калужскую губерні, Эдварда Вайніловіча і Віктара Свіду. Выбраныя ў Магілёўскім таварыстве сельскай гаспадаркі таксама мясцовыя дваране-каталікі (І. Мянжынскі, А. Сянажэцкі) прадстаўлялі Магілёўскую губернюWoyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 41..
Дэпутаты ад беларускіх земляў вельмі актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіях на Смаленскім з’ездзе, прычым у першую чаргу з гаспадарчымі ініцыятывамі (крэдытаванне, падаткі), у той час як расійскія земцы выступалі выключна з ліберальнымі палітычнымі ініцыятывамі, што вельмі ўразіла і здзівіла Эдварда Вайніловіча. У выніку І. Мянжынскі стаў адным з двух дэпутатаў, абраных для ўдзелу ва Усерасійскім сходзе. Эдвард Вайніловіч трапіў у лік запасныхWoyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 41—44.. Аднак «парламент» так і не быў створаны. Бомба Ігната Грынявіцкага 1 сакавіка 1881 г. забіла расійскага імператара Аляксандра II, што перакрэсліла праекты ліберальных рэформ у Расійскай імперыі.
Палітычныя перамены, з якімі члены таварыства звязвалі надзеі на адмену «мураўёўскага» заканадаўства і ўказу ад 10 снежня 1865 г., так і не адбыліся. Але таварыства спрабавала гаспадарчай актыўнасцю кампенсаваць адсутнасць палітычных правоў. Са з’езда ў Смаленску Эдвард Вайніловіч прывёз узор статута пазыкова-ашчаднага таварыства і дазвол на яго адкрыццё ў Клецку. Таварыства займалася крэдытаваннем землеўладальнікаў і сялян і атрымала ў народзе неафіцыйную назву «Клецкі банк». У асобныя гады яго капітал дасягаў 800 тыс. рублёў, прычым дваране болей бралі крэдыты, а сяляне болей рабілі дэпазіты. Эдвард Вайніловіч стаў ганаровым старшынёй наглядальнай рады «банка»Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 45..
У 1883 г. Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі арганізавала ў Мінску сельскагаспадарчую выстаўку. Выстаўка мела поспех, які стаў прычынай значнага росту колькасці сяброў таварыства. Менавіта з гэтага часу яно набыло выразныя рысы арганізацыі з карэнных дваран Мінскай губерні. «Асобы рускага паходжання» былі канчаткова адсунутыя ў таварыстве на другі план, а сама паспяховая дзейнасць таварыства сельскай гаспадаркі значна паляпшала эканамічнае становішча мясцовых дваран-каталікоў, у чым была немалая роля Эдварда ВайніловічаСмалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю… С. 94..
Пачатак росквіту (1888)
У 1888 г. Эдвард Вайніловіч (1847—1928) быў аднагалосна абраны віцэ-старшынём Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ) і стаў яго фактычным кіраўніком, бо пасаду старшыні, якая мела выключна ганаровы характар, звычайна займаў мінскі губернатар (у 1888 г. ім быў генерал-лейтэнант князь Мікалай Мікалаевіч Трубяцкі). З гэтага часу пачаўся сапраўдны ўзлёт дзейнасці сельскагаспадарчага таварыства ў Мінскай губерні. Справы заўсёды паспяхова вырашаліся дзякуючы таленту, актыўнасці і кемлівасці яго членаў, у першую чаргу — Эдварда Вайніловіча. Хутка склад таварыства станавіўся болей прадстаўнічым, бо далучаліся людзі справы, якія праяўлялі зацікаўлены клопат аб росквіце і дабрабыце гаспадаркі маёнткаў як спадчынных, так і набытых.