Пячора Горама () — помнік археалогіі ў Гібралтары.

Пячора знаходзіцца ў паўднёва-усходняй частцы Гібралтара з боку Міжземнага мора. Мае натуральнае паходжанне, утворана вадою 250 тыс. гадоў таму. У ледавіковы перыяд пры змяненні ўзроўню мора знаходзілася ў 4,5 кіламетрах ад вады. Вядома як апошняе месца, населенае неандэртальцамі.

Гісторыя даследаванняў Адкрыта ў 1907 г. брытанскім ваенным А. Горамам, ад імя якога атрымала сваю назву. Была картаграфавана ў 1943 г. і 1945 г. Пры гэтым там былі знойдзены рэшткі прыладаў працы старажытных людзей. Пячору наведаў губернатар, і яна была закансервавана для далейшых раскопак. У 1948 г. улады Гібралтара звярнуліся ў Брытанскі музей з запытам аб правядзенні даследаванняў.

Першы этап археалагічных раскопак пачаўся толькі ў 1950 г. і працягваўся да сакавіка 1951 г. У далейшым, даследаванне пячоры перарывалася з-за недахопу фінансавання. Але ў выніку ў 1950-ыя гг. быў выяўлены гарызонт, які цягнуўся на 16 м углыб, уключаў пласты антычнай эпохі, неаліту і далей да мусцье.

У 1989, 1997—2005 гг. адбылося комплекснае даследаванне пячоры Горама, суседніх пячор, а таксама марскога дна каля пячоры. Пераважна вывучаліся пласты, якія адносіліся да сярэдняга і позняга палеаліту. Разам з рэшткамі людзей і іх прыладаў працы экспертызе падвергнуліся знойдзеныя рэшткі птушак, ракавіны малюскаў, драўняны вугаль. На аснове атрыманых дадзеных было праведзена мадэляванне мясцовасці, а таксама навакольнага асяроддзя ў перыяд каменнага века.

Вынікі даследаванняў

Умоўна археалагічны гарызонт падзелены на 4 буйныя пласты.

Верхні пласт адносіцца да 1 тысячагоддзя да н. э., сканцэнтраваны ля ўваходу ў пячору і належыць фінікійцам. Мяркуецца, што ў пячоры знаходзілася месца шанавання багіні Таніт.

Другі пласт сфарміраваны ў 6 тысячагоддзі да н. э. старажытнейшымі еўрапейскімі земляробамі, якія, аднак, таксама займаліся ловам рыбы і малюскаў.

Трэці і чацвёрты пласты належаць салютрэйцам і неандэртальцам.

Гібралтар — першае месца, дзе ў 1848 г. быў знойдзены чэрап жанчыны-неандэртальца, таму знаходка неандэртальскай стаянкі не выклікала асаблівай сенсацыі. Аднак знаходкі 1997—2005 гг. паказалі, што неандэртальцы маглі жыць тут 23360±320 гадоў таму. Такім чынам, пячора Горама стала вядома як апошняе ў свеце месца, населенае неандэртальцамі.

Папуляцыя горамскіх неандэртальцаў не была вялікай. Лічаць, што яна ніколі не перавышала 15 асоб. Мясцовасць вакол пячоры ў тую пару адрознівалася разнастайнасцю — горы, пясчаныя выдмы і балота. Мора знаходзілася ў 4,5 км. Кліматычныя ўмовы на тэрыторыі Гібралтара заставаліся мяккімі, у той час як на астатняй тэрыторыі Еўропы адбывалася значнае пахаладанне, якое дасягнула максімуму 30 тысяч гадоў таму. З гэтым пахаладаннем і скарачэннем лясоў звычайна звязваюць выміранне неандэртальцаў, якія ўжывалі ў ежу пераважна мяса і маглі з-за сваіх фізічных уласцівасцяў паляваць на буйных жывёлін толькі з блізкай адлегласці. У тундры і ў стэпавых раёнах гэта было немагчыма. Але горамскія неандэртальцы дэманстравалі добрую прыстасаванасць да змен. Яны палявалі на горных коз і аленяў, дробную дзічыну, ужывалі рыбу, чарапах, малюскаў і птушак. Той факт, што акрамя ядомых відаў птушак, былі знойдзены птушкі-драпежнікі, выклікаў гіпотэзу, што неандэртальцы лавілі іх для назапашвання пер’я, якое выкарыстоўвалі як упрыгажэнне. Яны ўмелі апрацоўваць камень, выраблялі даволі складаныя прылады працы.

Ахова У 2012 г. пячора Горама была ўнесена ў папярэдні спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА разам з суседнімі пячорамі Бенета (), Авангард () і Гіена ().

Спасылкі

UNESCO: Gorham's Cave Complex Neandertals Neanderthal's last stand Neanderthals at Gorham's Cave, Gibraltar The Gibraltar Museum Neandertals' Last Stand Was in Gibraltar, Study Suggests Neanderthals' 'last rock refuge' Gorham's Cave Complex, Gibraltar GORHAM'S CAVE REVEALS A BRAINIER NEANDERTHAL WALKED OUR SHORES On the new dates for Gorham's Cave and the late survival of Iberian Neanderthals Sabatino Moscati, Phoenicians

Катэгорыя:Сусветная спадчына паводле алфавіта Катэгорыя:Сусветная спадчына ў Вялікабрытаніі Катэгорыя:Геаграфія Гібралтара Катэгорыя:Неандэртальцы Катэгорыя:Пячоры — археалагічныя помнікі Катэгорыя:Пячоры Еўропы