Сяля́ва — ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння ў Беларусі, у Крупскім раёне Мінскай вобласці і Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці.
Заснаваны ў 1993 годзе з мэтай аховы ўнікальнага ландшафтна-азёрнага комплексу з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Плошча 19 261 га, уключае азёры Сялява, Абіда, Худава, Болюцкае, Квеціна, прылеглыя лясы і сельскагаспадарчы ўгоддзі.
Рэльеф буйна- і дробнаўзгорысты з хваліста-марэнна-азёрнымі ландшафтамі Беларускага Паазер’я. У флоры 578 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, 27 водарасцей, у т.л. 11 рэдкіх і знікаючых відаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі: купальнік горны, баранец звычайны, гайнік цёмна-чырвоны, пярэсна еўрапейская, шпажнік чарапіцавы і інш. Шмат лекавых, дэкаратыўных, кармавых відаў. У фаўне 40 відаў млекакормячых, 142 — птушак, 10 — амфібій, 5 — рэптылій, у т.л. ў Чырвонай кнізе 20 відаў: соня арэшнікавая, барсук, буры мядзведзь, скапа, змеяед вялікі, падворлік малы, паганка малая, бугай вялікі, бугай малы, каршачок, дзербнік, пустальга звычайная. У азёрах прамысловымі з’яўляюцца лешч, шчупак, сом, язь, судак, плотка, гусцяра.
Зноскі
Літаратура
Особо охраняемые природные территории Беларуси. Исследования : сборник научных статей / Управление делами Президента Республики Беларусь, Государственное природоохранное учреждение «Березинский биосферный заповедник». — С. 247—270.
Спасылкі Республиканский ландшафтный заказник «Селява»
Катэгорыя:Ландшафтныя заказнікі рэспубліканскага значэння Беларусі Катэгорыя:Геаграфія Крупскага раёна Катэгорыя:Геаграфія Чашніцкага раёна Катэгорыя:З’явіліся ў 1993 годзе