Бобр () — гарадскі пасёлак у Крупскім раёне Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Бобрскага сельсавета. Знаходзіцца за 10 км ад Крупак, за 2 км ад чыгуначнай станцыі Бобр (лінія Мінск — Орша). Насельніцтва 948 чал. (2017).
Назва Яшчэ ў 1897 г. наконт назвы бярэзінскага прытоку рэчкі Бобр філолаг-славіст А. Качубінскі ў 1897 г. пісаў:"Выглядае так, што ў славянстве гэтага імені наўрад ці можна сумнявацца. Але мы думаем, што і тут мы маем справу з літоўскай мовай: у аснове імя ляжыць літоўскае слова, якое блізкае па форме да славянскага і тоеснае па значэнні. У літоўскім bėbrus, babras - наша "бобр"; у латышскім bebra. Без вялікай цяжкасці літоўскае імя пазней магло атрымаць рускую афарбоўку".А. А. Кочубинскій. Территория доисторической Литвы // Журналъ Министерства народнаго просвѣщенія. CCCIX. 1897. Январь. С.-Петербургъ, 1897. С. 87.Паводле В. Жучкевіча, назва Бобр відавочна звязаная з назвай жывёлы бабёрВ. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 29..
На думку У. Тапарова, у назве ракі Бабруя (> Бабруйка) фармант -уя мяркуе зыходную аснову на -u (літ. bebrus), параўн. літ. BebrujtsВ. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 165, 177..
Літоўскія гідронімы Babrūngas, Babrūnė, Babrinis, Babrūtė А. Вананас тлумачыць ад bãbras — тое ж, што і літ. bebras «бабёр»A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 55..
Паводле Ю. Покарнага, ад індаеўрапейскага кораня *bhe-bhros «карычневы; бабёр» паходзяць ст.-інд. babhrú-h «чырвона-карычневы», авест. bawra- «бабёр», ст.-верх.-ням. bibar, літ. bė̃bras, bãbras, bė̃brus, слав. *bebrъ у польскай рачной назве Biebrza, рус. bobr і інш.J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 136..
На думку У. Тапарова, верхнедняпроўская Бебря, судзячы па вакалізму -е-, з балц., параўн. ст.-пруск. BebraВ. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 176.. Паводле А. Ванагаса, літоўская Bebrė ад літ. bė̃brasA. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 60..
Гісторыя Першы пісьмовы ўспамін пра Бобр датуецца 1516 годам, калі князь Іван Друцкі-Красны адпісаў яго разам з Сакаловічамі і Недаходавым сваёй жонцы Марыне з князёў Заслаўскіх. У 1559 годзе мясцовасць згадваецца як уладанне Хадкевічаў. Захаваўся дакумент 1573 года на перадачу Бабра ў заставу швагру Яна Хадкевіча Станіславу Пацу, у якім паселішча значыцца як мястэчка Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. У гэты час тут, паводле інвентару, быў 71 дом, дзейнічаў гасціны двор. Чыншавыя сяляне маёнтка плацілі чынш памерам 50—60 грошаў, па адной бочцы жыта і аўса, па паўтара пуда мёду, «кликуновщину» (1 грош), «вепровщину» (4 грошы), «бирчее» (5—6 грошаў), «поповщину» (1 грош) и па адным кольцы ильну, а таксама павінны былі рамантаваць двор, масты, гаці і млыныАкты, издаваемые Виленской комиссией для разбора древних актов / [личный состав Виленской комиссии для разбора древних актов: Ф. Н. Добрянский (председатель) и др.]. Т. 14: Инвентари имений XVI столетия. — Вильна: в тип. губерн. правл., 1887. — XXIV, 702 с. — № 11..
Як сведчыць інвентар, станам на 1614 год у Бабры было 180 аселых мяшчанскіх двароў (пляцаў) на абодвух берагах рэчкі. Апрача таго, мяшчанам належала 90 надзелаў ворыўнай зямлі, вымеранай у валоках і моргах, і 16 г.зв. «гуменных» пляцаў пад гаспадарчымі пабудовамі. Сярод уладальнікаў валокаў і гуменных пляцаў сустракаюцца прозвішчы яшчэ прыкладна 44 мяшчан, не пазначаных у ліку ўладальнікаў мяшчанскіх пляцаў. У Бабры існавала царква, святару якой айцу Фёдару належалі пляц і валока, вольныя ад усіх падаткаў. Згадваюцца таксама карчма на рыначнай плошчы, вадзяны млын з дзвюма коламі і мост, якія здаваліся ў арэнду. У 1699 годзе маёнткам валодаў Бенедыкт Павел Сапега, які ў 1700 годзе прадаў яго Яну Казіміру Лендорфу.
У 1733 годзе Бобр перайшоў у валоданне Агінскіх. Станам на 1743 год у мястэчку было 60 дымоў. У 1760 годзе тут збудавалі мураваны Марыінскі касцёл; мястэчка налічвала каля 100 двароў і было найбуйнейшым з усіх паселішчаў сучаснай Крупшчыны.
1 снежня 1762 года (паводле іншых звестак у 1735 годзе) кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў Бабру магдэбургскае права і герб: «у блакітным полі дзве збройныя постаці святых Глеба і Барыса ў каронах».
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бобр апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні. У 1828 годзе ў мястэчку пачала працаваць цагельня. У 1842 годзе тут збудавалі царкву. Станам на 1885 год існавалі 2 царквы, касцёл, капліца, сінагога, лячэбніца на 12 месцаў, народнае вучылішча, праваслаўная і 3 яўрэйскія і школы, 2 млыны, 22 крамы; праводзіліся 3 рэгулярныя кірмашы. У 1904 годзе працавалі 2 цагельні. На 1907 год — 445 будынкаў. У Першую сусветную вайну ў 1918 годзе мястэчка занялі нямецкія войскі.
1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Бобр увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Бобр вярнулі БССР. 27 верасня 1938 года статус паселішча панізілі да вёскі, аднак ужо 17 лютага 1941 года яно атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадскога тыпу. У Другую сусветную вайну з ліпеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года Бобр знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. З 31 сакавіка 1977 года да 18 лютага 2010 года цэнтр Бобрскага пасялковага савета.
Насельніцтва
XIX стагоддзе: 1857 год — 1151 чал., у тым ліку 721 іўдзей; 1863 год — 1113 чал. XX стагоддзе: 1907 год — 2340 чал.; 1969 год — 3 тыс. чал.; 1992 год — 1522 чал. XXI стагоддзе: 2005 год — 1,2 тыс.; 2006 год — 1,2 тыс.; 2008 год — 1,1 тыс.; 2009 год — 1118 чал. (перапіс); 2016 год — 957 чал.; 2017 год — 948 чал.
Эканоміка Прадпрыемствы лёгкай, харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасці.
Транспарт Знаходзіцца за 120 км на паўночны ўсход ад Мінска, на аўтамабільнай дарозе . За 4 км на поўдзень ад мястэчка праходзіць шаша ()
Інфраструктура У Бабры працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, 2 бібліятэкі, кінатэатр.
Славутасці thumb|Касцёл Найсв. Дзевы Марыі, знішчаны бальшавікамі Могілкі яўрэйскія Сядзіба (XIX ст.) Свята-Мікалаеўская царква (пабудаваная ў 1992-1995 гг.)
Страчаная спадчына:
Мікалаеўская Царква (1842—1928) Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (пач. XX ст.)
Вядомыя асобы Міхаіл Дзмітрыевіч Конанаў (1906—1972) — падпалкоўнік Савецкай Арміі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза. Іван Андрэевіч Кіслякоў — беларускі вучоны-аграрнік. Алесь Пушкін (1965–2023) — беларускі мастак.
Зноскі
Літаратура
Бобр //
Спасылкі
г. п. Бобр на Radzima.org г. п. Бобр на сайце Глобус Беларусі Бобр. Падарожжы Свабоды // Радыё Свабода, 24.11.2005
Катэгорыя:Хадкевічы Катэгорыя:Сапегі Катэгорыя:Мястэчкі Віцебскага ваяводства