Свята-Васкрасенская царква — праваслаўны храм у в. Межава Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Пабудавана ў 2-й палавіне 19 ст. з цэглы ўладальнікам маёнтка Канстанцінам Любамірскім. Знаходзіцца ў паўзруйнаваным стане.
Архітэктура Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Падоўжна-восевую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю складаюць прытвор з чацверыковай званіцай, кароткая трапезная, кубападобны аб’ём малітоўнай залы з бакавымі прыдзеламі, паўкруглая апсіда з бакавымі рызніцамі. У сілуэце храма панавалі шацёр званіцы і 8-гранны светлавы барабан над цэнтральным аб’ёмам. Атынкаваныя фасады расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў кілепадобных ліштвах, крапаваны вуглавымі паўкалонкамі, прамавугольнымі нішамі і круглымі разеткамі. Уваход вылучаны рызалітам і арачным парталам кілепадобнай формы, над якім круглая люкарна, па баках прамавугольныя нішы. Царква апяразана магутным карнізам на сухарыках і зубчастым фрызам.
Інтэр’ер Унутры малітоўная зала перакрыта скляпеннем на ветразях, якое трымае светлавы барабан, трапезная і прыдзелы — цыліндрычнымі скляпеннямі, у апсідзе скляпенне-конха. Памяшканні злучаны шырокімі арачнымі прасветамі. Мае магутнае канструкцыйнае вырашэнне (таўшчыня сцен 1,5 м).
Літаратура Царква ў гонар Уваскрасення Гасподняга // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. — Мн., 2007. — С. 259.
Спасылкі
Катэгорыя:Колішнія праваслаўныя храмы Віцебскай вобласці Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў псеўдарускім стылі Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Аршанскага раёна Катэгорыя:Межава (Аршанскі раён)