Касцёл Святога Мікалая — рымска-каталіцкі храм у г.п. Свір, помнік эклектычнай архітэктуры з перавагай элементаў неабарока. Гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя Пабудаваны ў 1908 годзе з цэглы на месцы храма, узведзенага у 1653 годзе і асвечанага ў 1680 годзе. У 1961 годзе закрыты савецкімі ўладамі.

У чэрвені 1990 годзе вернуты вернікам.

Архітэктура Абнесены бутавай агароджай з убудаванымі ў яе капліцамі, абсаджаны радамі ліп і клёнаў. Дамінуе над прылеглай малапавярховай забудовай.

Касцёл ўяўляе сабой шасціслуповую трохнефную базіліку. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дамінуюць прыбудаваныя да тарцоў трансепта вежа-званіца і капліца з ліхтаром. Галоўны фасад двух’ярусны, раскрапаваны пілястрамі, прафіляванымі карнізамі з пінаклямі па баках. У завяршэнні фасада шчыт з бакавымі валютамі і трохвугольным франтонам. Алтарны кубападобны аб’ём мае шчытавое завяршэнне. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёныя буйнымі пілястрамі і паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. У дэкоры выкарыстаныя стылізаваныя барочныя элементы, напрыклад, валюты, ліштвы паўцыркульных аконных праёмаў, пуцці, матывы архаічнай архітэктуры (пінаклі), ордарныя формы класікі (карынфскія калоны, кесоны, трыгліфы).

Сцены інтэр’ера дэкарыраваныя карнізамі, фрэскавай размалёўкай, ляпнінай, разеткамі. Унутраная прастора перакрытая крыжовымі скляпеннямі. Купал над сяродкрыжжам абапіраецца на цэнтральныя слупы з дапамогай ветразяў. Алтарнае памяшканне адкрытае ў цэнтральны неф шырокай аркай з арнаментаваным імпастам. Цэнтральны неф асветлены паўкруглымі люкарнамі. Над уваходам размешчаныя хоры, пад алтаром — крыпта.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі неабарока Катэгорыя:Свір (гарадскі пасёлак) Катэгорыя:Касцёлы Мядзельскага раёна Катэгорыя:Касцёлы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі