Ілга́йцы, таксама Ілгайца — возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Дрысвята, за 17 км на паўднёвы захад ад Браслава, каля вёскі Ілгайцы.

Плошча паверхні 0,45 км², даўжыня 2,02 км, найбольшая шырыня 450 м, даўжыня берагавой лініі 5,99 км. Найбольшая глыбіня 20,2 м, сярэдняя 6 м. Аб'ём вады ў возеры 2,72 млн. м³. Плошча вадазбору 4,4 км².

Катлавіна возера складанага тыпу, моцна выцягнутая ў напрамку з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Схілы катлавіны вышынёй 5—8 м (на поўначы 2—5 м), у ніжняй частцы параслі хмызняком, у верхняй — разараныя. Берагавая лінія звілістая. Берагі зліваюцца са схіламі катлавіны, у залівах нізкія, пясчаныя, задзернаваныя. Дно мелкаводнымі падняццямі падзяляецца на шэраг адасобленых замкнёных катлавін, да глыбіні 2 метраў — пясчанае. У глыбакаводнай частцы дно возера выслана сапрапелем і гліністым ілам. Найбольшыя глыбіні ў паўднёвым плёсе. Зона мелкаводдзя вузкая. Возера эўтрофнае, слабапраточнае. Зарастае слаба. Прыбярэжная расліннасць пашыраецца на адлегласці 5—15 м ад берага возера, падводная — да глыбіні 4—5 м.

У возеры водзяцца шчупак звычайны, лешч, акунь, плотка, лінь, язь, судак, мянтуз і іншыя віды рыб.

Літаратура Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Белэн, 1998. — 608 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2

Катэгорыя:Азёры Браслаўскага раёна Катэгорыя:Басейн Дрысвяты