Андрэй Аляксандравіч Бароўскі () — расійскі рэвалюцыянер, кіраўнік Дыпламатычнай місіі БНР у Берліне.

Біяграфія

Паходжанне і сям’я Са збяднелых дваран Магілёўскай губерні. Нарадзіўся 28 лістапада (10 снежня) 1873 года ў Мітаве (цяпер — Елгава, Латвія), дзе служыў бацька. Андрэй быў першым сынам і другім з шасці дзяцей у сям’і. 30 снежня 1873 года ахрышчаны ў палкавой Аляксандра-Неўскай царкве .

Бацька — Аляксандр Іосіфавіч Бароўскі (1847—1915), пачаў ваенную службу ў 16 гадоў радавым салдатам, даслужыўся да палкоўніка. На думку Ігара Барынава, ваенная служба была для яго вымушаным крокам, «сацыяльным ліфтам», а нізкія балы ў вучылішчы і доўгая служба ў чыне капітана сведчылі пра нястачу таленту да гэтай справы. Дасягнуў, аднак, поспеху ў бюракратычнай галіне, як павятовы воінскі начальнік, узнагароджаны ўсімі асноўнымі ордэнамі, у тым ліку Св. Уладзіміра 3-й ступені, даволі высокім для звычайнага армейскага афіцэра. Маці — Вольга Аляксандраўна Нікалаева, дачка калежскага рэгістратара, узяла шлюб з Аляксандрам Бароўскім у Дынабургу 19 красавіка 1870 года ў гарадской Аляксандра-Неўскай царкве, калі ёй было 17 гадоў.

Біяграфія Андрэя Бароўскага як прыклад «транзіту ідэнтычнасці» ад імперскай расійскай да беларускай нацыянальнай адлюстравала крызіс дваранскага ўкладу, калі прадстаўнікі эліты станавіліся шараговымі службоўцамі, ператвараліся ў разначынцаў-інтэлігентаў. У адрозненне ад малодшых братоў, якія не заспелі гарнізоннай службы бацькі і рабілі ваенную кар’еру (Аляксандра, які стаў генералам, Сяргея і Фёдара), Андрэй ніколі не цікавіўся арміяй. Барынаў характарызуе яго як чалавека з «унутранай дабрадушнасцю», які праз уласны характар не быў схільны да сістэматычнай працы, што не дазволіла яму атрымаць скончаную адукацыю.

Раннія гады Вучыўся ў Смаленскай гімназіі, адкуль выбыў у пачатку 1896 года з 6-га класа. Прычынай была цяжарнасць Караліны-Елізаветы (Ліны) Гейне, 28-гадовай дачкі купца з курляндскага Гольдынгена.

28 лютага 1896 года Бароўскі атрымаў пашпарт па месцы прапіскі ў Сянне, пасля чаго пара выехала ў Маскву. 14 ліпеня 1896 года яны вянчаліся ў Ярмолаеўскай царкве на Садовым кальцы пасля лютэранскага абраду агалашэння ў Петрапаўлаўскім саборы. 14 кастрычніка 1896 года ў іх нарадзіўся сын Андрэй, хрышчаны ў Уваскрасенскай царкве на Малой Броннай. Сям’я спачатку жыла ў танным даходным доме Гірша на Малай Броннай, а пасля пераязджала на паўднёвы захад горада: у Грыбаедаў завулак (дом Бекез, кватэра Валахонскага) і Буцікоўскі завулак (дом Ульянава, кв. 14).

У многіх публікацыях (у прыватнасці, у Уладзіміра Сакалоўскага) згадана, што Бароўскі вучыўся ў Юр’еўскім і Пецярбургскім універсітэтах і яшчэ студэнтам далучыўся да беларускага руху, крыніца такіх звестак не даецца. Выяўленыя дакументы не пацвярджаюць гэтага, Андрэй Бароўскі не меў універсітэцкай адукацыі.

Эсэраўскі актывізм У Маскве Бароўскі працаваў у Маскоўскім таварыстве сельскай гаспадаркі, займаўся бягучай сельскагаспадарчай статыстыкай. Тым часам прафесія і заняцце статыстыкай часта сведчыла пра сацыялістычную арыентацыю асобы. У 1896 годзе Бароўскі ўпершыню трапіў пад нагляд паліцыі праз сувязі суседа па кватэры з рэвалюцыянерамі.

У пачатку 1897 года далучыўся да Экспедыцыі па даследаванні стэпавых абласцей (тэрыторыя сучаснага Казахстана), дзе загадваў самастойнай партыяй па вывучэнні кіргізскай гаспадаркі. Яго бліжэйшымі супрацоўнікамі ў экспедыцыі былі былы нарадаволец Іван Уродкаў і будучы дэпутат I-й Дзяржаўнай думы ад трудавікоў Рыгор Шапашнікаў. На думку Барынава, менавіта кіраўнік гэтай экспедыцыі , мог аказаць уплыў на ўсведамленне Бароўскім малой радзімы і сувязі з беларускасцю.

У канцы 1898 года рэчы Бароўскага знайшлі ў сябра «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа», што вымусіла Бароўскага тэрмінова зноў з’ехаць у экспедыцыю.

Вярнуўшыся з экспедыцыі ў 1900 годзе, Бароўскі кароткі час працаваў у ацэначна-статыстычным бюро Пецярбургскага земства, а ў 1902 годзе зноў быў у Маскве, працаваў камерцыйным агентам у праўленні Таварыства Маскоўска-Казанскай чыгункі, займаўся камерцыйнай чыгуначнай статыстыкай. 15 студзеня 1904 года падаў прашэнне на працаўладкаванне пры Маскоўскай гарадской управе і 9 лютага прызначаны на часовую працу па зборы звестак пра бедных, якія звярталіся ў гарадское папячыцельства, пры дабрачынным стале з акладам 50 рублёў (павышаны да 75 рублёў у сакавіку 1905 года).

Бароўскі быў актыўным дзеячам партыі эсэраў, займаўся арганізацыяй баявых дружын і пастаўкай зброі ў Маскву. Маскоўскае ахоўнае аддзяленне ў сакрэтных паведамленнях называла яго «сур’ёзным дзеячам мясцовай групы сацыялістаў-рэвалюцыянераў» і «асобай, крайне небяспечнай для грамадства». Пасля разгрому маскоўскай групы эсэраў у чэрвені 1905 года збег за мяжу і жыў у Берліне, аднак ужо 24 лістапада 1905 года вярнуўся ў Расію.

У ноч на 4 лютага 1906 года арыштаваны ў доме Торапава на Малай Мікіцкай вуліцы і змешчаны ў «Таганку»; пры вобыску знайшлі нелегальную літаратуру і каробку з рэвальвернымі патронамі. У лістападзе 1906 года за намеры заняцца рэвалюцыйнай дзейнасцю ў ваенным асяроддзі быў прысуджаны да чатырох гадоў высылкі ў Туруханскі край. Прашэнні маці і жонкі пра замену Сібіры выдварэннем за мяжу былі адхілены. Праз хранічны нефрыт пакаранне было заменена на тры гады высылкі ў горад Тара Табольскай губерні. Тут Бароўскі, яшчэ не развёўшыся з першай жонкай, ажаніўся другі раз з Ганнай Міхайлаўнай Мосавай. Шлюб з Лінай Гейне афіцыйна скасаваны толькі ў лістападзе 1913 года праз яго «без вестак адсутнасць» цягам пяці гадоў. У красавіку 1907 года збег з сібірскай высылкі за мяжу.

Першая эміграцыя (1907—1915) Жыў у Германіі, у прыватнасці ў Хелераў каля Дрэздэна. Меў шырокае кола кантактаў, сярод якіх былі дзеячы эмігранцкай сацыял-дэмакратыі Рыгор Алексінскі і Максім Літвінаў, пісьменнік Мікалай Рубакін, адзін з лідараў эсэраў Андрэй Аргунаў, а таксама дзеячы мастацтва Сяргей Дзягілеў і Леў Бакст, з якімі яго мог пазнаёміць брат Сяргей.

У гэты перыяд яго сацыялістычныя погляды набылі ўтапічныя рысы, што выявілася ў захапленні ідэямі стварэння чалавека новага тыпу праз гармонію чалавека і прыроды, а таксама сістэму рытмічнай гімнастыкі Эміля Жака-Далькроза, які адкрыў Інстытут рытму ў Хелераў у 1911 годзе. Бароўскі быў рэдактарам-выдаўцом рускай версіі штогоднікаў гэтага інстытута і ўдзельнічаў у арганізацыі мерапрыемстваў гэтага інстытура. У Халераў стаў сябрам таварыства першага ў краіне «горада-сада».

У 1911 годзе выступаў як «карэспандэнт з Масквы» на III Міжнародным кангрэсе па жыллёвай гігіене і як «прадстаўнік ад Расіі» на XXI кангрэсе Саюза нямецкіх зямельных рэфарматараў у Дрэздэне.

Пасля пачатку ў 1914 годзе Першай сусветнай вайны выехаў у Швейцарыю, дзе стаў упаўнаважаным Бюро па росшуку ваеннапалонных расійскага-германскага фронту, якое мусіла шукаць аўстра-германскіх ваеннапалонных у Расіі, у абмен на такую самую інфармацыю пра расійскіх палонных у Цэнтральных дзяржавах. Паліцыя лічыла гэту працу прыкрыццём для партыйных даручэнняў, называючы яго «перадатачнай інстанцыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў і сацыял-дэмакратаў», былі зафіксаваны яго кантакты з тайным германскім агентам у Берне, таксама праз другія рукі ён набыў расійскую дыпламатычную пошту з Берна. На думку Барынава, Бароўскага ў гэты час можна было ахарактарызаваць як «слугу ўсіх гаспадароў», ён мог выконваць рознага роду даручэнні каго заўгодна, улічваючы кола яго сувязяў.

Вяртанне ў Расію (1915—1917) 24 верасня 1915 года кружным шляхам праз Англію, Нарвегію і Швецыю вярнуўся ў Петраград, афіцыйна — каб у Магілёве ўпарадкаваць справы пасля смерці бацькі. 11 лістапада 1915 года быў арыштаваны пасля назірання і адпраўлены на месца адбыцця ссылкі, дзе 21 снежня 1915 года заключаны ў Цюменскую павятовую турму. Вызвалены 4 студзеня 1916 года пасля прашэння брата Аляксандра на імя таварыша міністра ўнутраных спраў Бялецкага, у якім сцвярджалася, што Андрэй «раскайваецца», раней хацеў уступіць у армію добраахвотнікам і цяпер спадзяецца «паслужыць чым-небудзь» айчыне. Сам Бароўскі тады пісаў міністру Хвастову, што займаўся ў эміграцыі «распрацоўкай пытанняў гарадской гаспадаркі», пасля вызвалення Бароўскі паехаў у Маскву, невядома ці атрымаў нейкую пасаду ў гарадской гаспадарцы, але выехаць за мяжу яму не дазволілі.

У беларускім кантэксце Андрэй Бароўскі ўпершыню згаданы сярод кіраўніцтва Цэнтральнага саюза спажывецкіх таварыстваў Беларускага краю. У 1919 годзе быў членам Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні як прадстаўнік беларускіх эсэраў і актыўна ўдзельнічаў у развіцці кааператываў у Віленскім краі.

На думку Барынава, Бароўскі быў хутчэй «глыбокім сімпатызантам» беларускай справы, чым «палымяным змагаром», а БНР успрымалася ім як унікальны сацыялістычны праект «грамадства роўных». Працэс яго «(рэ)беларусізацыі» быў няпоўным і непаслядоўным, а на пачатку другой эміграцыі ён яўна вяртаўся да рускасці.

Другая эміграцыя

Дыпламатычная місія БНР у Берліне 4 красавіка 1921 года прызначаны кіраўніком місіі БНР у Берліне з месячным акладам у 3 тысячы марак (у ліпені 1921 года павышаны да 4 тысяч). Бароўскі напэўна быў найлепшай кандыдатурай, бо выхаваны ў «старой» Курляндыі не меў моўнага і культурнага бар’ера для працы ў Германіі, таксама меў досвед жыцця ў краіне і талент завязваць знаёмствы.

Магчыма, на пачатку другой эміграцыі Бароўскі спадзяваўся на вяртанне «старога» рускага жыцця. У 1921 годзе, разам юрысконсультам місіі Бруна Мілерам, заснаваў рускамоўнае выдавецтва «Фаланга», яно выпускала прадукцыю з «галіны ваеннай навукі», у тым ліку часопіс «Вайна і мір», «веснік навукі і тэхнікі», заснаваны былымі афіцэрамі расійскага Генштаба і ідэйна блізкі да «зменавехаўцаў». У верасні 1921 года Бароўскі ўдзельнічаў у вечары памяці Аляксандра Блока, арганізаваным Саюзам рускіх журналістаў і літаратараў у Германіі. Магчыма, нездарма пазней, у сакавіку 1926 года, Бароўскі перадаў архіў берлінскай місіі БНР на захоўванне менавіта ў Рускі загранічны гістарычны архіў у Празе, за што атрымаў «суровую водпаведзь» ад былога кіраўніка ўраду БНР Вацлава Ластоўскага. Аднак, пра кантакты Бароўскага з рускай эміграцыяй у 1930-я гады няма ніякіх звестак.

Ва ўмовах пасля Рыжскага міру, імаверна, Бароўскі ўсведамляў, што разлічваць па палітычныя поспехі не выпадае і засяродзіўся на эканамічных пытаннях, бо беларускага руху меў вострую патрэбу ў грошах. На беларускія аб’явы ў нямецкіх профільных выданнях з прапановай удзелу ў распрацоўцы прыродных рэсурсаў было даволі шмат водгукаў. Аднак, урад БНР не кантраляваў беларускую тэрыторыю і не мог даць доступ да гэтых рэсурсаў. Напрыклад, у чэрвені 1921 года ў берлінскую місію БНР звярнуўся прадпрымальнік з Кенігсберга з запытам ці можна атрымаць ахоўныя граматы для паездак па Беларусі.

Буйнейшым партнёрам таго часу была фірма IWEG (Internationale Waren Export- und ImportGesellschaft, Міжнароднае экспартна-імпартнае таварнае таварыства). Урад БНР разлічваў з яе дапамогай насыціць прамтаварамі кааператывы Заходняй Беларусі. Бароўскі спрабаваў граць на антыпольскім настроі немцаў, у падрыхтаваным для IWEG мемарандуме ў жніўні 1921 года ён адзначаў, што Літва і Беларусь, якія «стагоддзямі складалі адну дзяржаву» і цяпер эканамічна і палітычна звязаны адна з адной, выступаюць супрацьвагай агульнаму ворагу — Польшчы. Літву Бароўскі апісваў як «астравок стабільнасці» на Усходзе і абяцаў партнёрам прэферэнцыі, хай і без манапольнага права. Партнёрства з IWEG характарызавалася складанымі ўзаемаразлікамі. Напрыклад, для хуткага атрымання грошай меркавалася браць пазыкі ў трэцяга боку, а затым гасіць іх за кошт грашовых паступленняў ад фірм-пасрэднікаў, якія рэалізуюць тавары IWEG. Часам да такіх схем прыцягвалі і фізічных асоб, прычым, каб зменшыць або абнуліць камісію, беларуская місія крэдытавала іх яшчэ не атрыманымі грошамі, прымаючы пад іх даўгавыя распіскі.