Максім Ярмалініч Вашча́нка (1650-я,  — 1708) — беларускі друкар, гравёр па медзі і дрэве, кнігавыдавец і асветнік. Адзін з заснавальнікаў Магілёўскай школы гравюры, кіраўнік і арандатар Магілёўскай брацкай друкарні. З'яўляецца бацькам яшчэ аднаго выдатнага магілёўскага мастака і друкара Васіля Вашчанкі.

Біяграфія Сваю адукацыю Максім Вашчанка атрымаў у каталіцкай Віленскай езуіцкай акадэміі. У 1672 годзе ён здабыў там ступень бакалаўра філасофіі і вольных мастацтваў, а ў 1673 годзе — званне магістра навук. Мастацтву малюнка і гравюры ён навучаўся непасрэдна ў Вільні, верагодна, у мастацкім гуртку, які дзейнічаў пры акадэміі. У гэты ж час ён працаваў і ўдасканальваў сваё майстэрства разам з такімі вядомымі беларускімі гравёрамі, як Аляксандр Тарасевіч, Іван Шчырскі і Лаўрэнцій Кршчановіч.

У канцы 1670-х гадоў Вашчанка працаваў у Слуцку, пры двары князёў Радзівілаў. З пачатку 1680-х гадоў ён вярнуўся ў родны Магілёў, дзе пачаў працаваць у Магілёўскай брацкай (Богаяўленскай) друкарні. Менавіта тут прайшла асноўная частка яго жыцця. З 1680-х гадоў і ажно да сваёй смерці ў 1708 годзе Максім Вашчанка быў кіраўніком і арандатарам гэтай друкарні, ператварыўшы яе ў адзін з галоўных выдавецкіх цэнтраў праваслаўнага насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага.

Творчасць і выдавецкая дзейнасць

Максім Вашчанка ўвайшоў у гісторыю мастацтва як адзін з першых беларускіх майстроў, які ўжыў у кнігадрукаванні складаную тэхніку разцовага медзярыту (гравюры на медзі).

Сваю актыўную гравёрскую дзейнасць ён пачаў у Слуцку, выканаўшы ў 1678 годзе надзвычай якасныя ілюстрацыі да кнігі англійскага дыпламата Поля Рыко «Манархія Турэцкая» (у арыгінале: «Monarchia turecka opisana przez Ricota», Слуцк, 1678). Для гэтага выдання мастак стварыў 19 падпісных медзярытаў, якія з'яўляліся творчымі копіямі гравюр французскіх мастакоў і для парыжскага выдання гэтай кнігі 1670 года. Медзярыты М. Вашчанкі сталі вельмі яскравай з'явай у беларускай кніжнай гравюры XVII стагоддзя. Гэта быў цалкам свецкі цыкл, выкананы з вялікай жыццёвай пераканаўчасцю і ўвагай да дэталяў экзатычнай усходняй вопраткі, што надало творам жанравы характар. На гравюрах мастак пакінуў свой подпіс: «Scul. Maxim Woszczanka».

Пасля пераезду ў Магілёў Вашчанка засяродзіўся пераважна на выданні і мастацкім афармленні багаслужбовай і навучальнай літаратуры. Пад яго кіраўніцтвам Магілёўская брацкая друкарня дасягнула свайго росквіту і выпусціла шэраг папулярных праваслаўных кніг: «Псалтыр» (1693), «Малітваслоў» (1695) і «Часаслоў» (1695).

Асаблівай з'явай стала выданне ў 1693 годзе кнігі «Акафісты і каноны». Нягледзячы на невялікі фармат (у 8-ю долю аркуша) і аб'ём у 250 старонак, гэтая кніга стала першым магілёўскім выданнем, якое было настолькі багата аздоблена гравюрамі. Яна змяшчае 45 ілюстрацый, у тым ліку вялікую колькасць медзярытаў (іх адбіткі часам сустракаюцца па некалькі разоў), а таксама цэлы цыкл гравюр на дрэве з евангельскімі сюжэтамі, выкананымі самім М. Вашчанкам. Сярод ілюстрацый можна ўбачыць выявы Хрыста, стражнікаў і рымскіх жаўнераў. Цікава, што ў некаторых біблейскіх сцэнах мастак адлюстраваў рымскіх салдат у выглядзе сучасных яму польскіх крылатых гусараў.

Творы Вашчанкі вылучаюцца ўмелай кампаноўкай шматфігурных сцэн, багаццем светлаценявой мадэліроўкі, якой ён дасягаў за кошт разнастайнай штрыхоўкі. Асаблівую цікавасць у даследчыкаў выклікаюць прадмовы мастака і выдаўца да шэрагу кніг, дзе ён яскрава раскрывае свае погляды як асветніка і гуманіста.

Крыніцы

Літаратура

Вашчанка Максім Ярмалініч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 128. — 737 с. Шматаў В. Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стагоддзяў. — Мінск, 1984.

Спасылкі ВАШЧАНКА Максім Ярмалініч Вашчанка Максім Ярмалініч МЛВОСЛОВЕ(Ц) | в не(м)же Чи́нъ | Ча́со(в) Цр҃ко(в)ны(х) | и про(ч): мл҃ені̏

Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1650-я гады Катэгорыя:Памерлі ў 1708 годзе Катэгорыя:Асобы:Магілёў Катэгорыя:Друкары Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Гравёры Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Магілёўская школа гравюры