«Пінская шляхта» — п’еса Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (фарс-вадэвіль у адной дзеі). Напісана ў 1866 годзе, першая публікацыя з’явілася ў 1918 годзе ў часопісе «Вольная Беларусь» (№ 30-31), у беларускім перакладзе Язэпа Лёсіка.
Гістарычны кантэкст
П’еса была напісана ў 1866 годзе. Дзеянне адбываецца ў часы жорсткай рэакцыі, якая наступіла ў Беларусі і Польшчы пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў, асноўнай рухальнай сілай якога была шляхта. Асобныя кіраўнікі і ўдзельнікі паўстання былі павешаны, расстраляны, дзясяткі тысяч трапілі ў турмы, на катаргу. Нават за спачуванне паўстанцам, спяванне гімнаў або чытанне паўстанцкіх пракламацый ссылалі ў Сібір, як гэта здарылася з дачкой Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Камілай.
Рэзка павялічыўся клас царскіх чыноўнікаў. Іх патрэбна было ўтрымліваць у асноўным сялянскай працай. Чыноўніцтва зрабілася нахабным, стала займацца паборамі, не баялася адкрыта браць хабары. Рэпрэсіі закранулі і Заходняе Палессе, дзе адбываецца дзеянне п’есы. Гратэскна пісьменнік паказвае не столькі «цемнату» пінскай шляхты, колькі яе запалоханасць.Рагойша В. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч // Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі / пад рэд. В. П. Рагойшы. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2011.
Жанравыя асаблівасці Паводле вызначэння аўтара жанр п’есы вызначаецца як «фарс-вадэвіль у 1-й дзеі».
Вадэвіль — гэта аднаактовы лёгкі камедыйны твор з займальнай інтрыгай, анекдатычным парадаксальным сюжэтам, дынамічнымі дыялогамі, песнямі, часам танцамі і шчаслівай развязкай. Усё гэта прысутнічае ў «Пінскай шляхце».
Слова «фарс» паказвае, што ў вадэвілі вострая камедыйнасць павінна «напаўняцца» жыццёвай злабадзённасцю, рэалістычнай канкрэтнасцю, нават вальнадумствам. Многае з гэтага маецца і ў «Пінскай шляхце».
Відавочная сатырычная скіраванасць фарса-вадэвіля. Пісьменнік на першы погляд лёгка падсмейваўся з абмежаванасці, запалоханасці засцянковай шляхты, гратэскна, шаржыравана жартаваў з царскага чынавенства. Але за падсмейваннем і жартамі былі сатырычныя кпіны і выкрыццё тыповых з’яў тагачаснай рэчаіснасці. Нават вадэвільныя песні ў творы — не заўсёды любоўныя рамансы, але і сатырычныя куплеты.
Асобы Кручкоў — станавы прыстаў. Пісулькін — яго пісарчук. Пінская ваколічная шляхта Ціхон Пратасавіцкі. Куліна — яго жонка. Марыся — іх дачка. Іван Цюхай-Ліпскі. Грышка — яго сын. Цімох Альпенскі. Базыль Статкевіч. Харытон Куторга. Дзесяць іншых асоб. Дзесяцкі.
Прозвішчы герояў п’есы нададзеныя з пэўнымі аўтарскімі інтэнцыямі, у некаторых з іх зашыфраваныя не да канца расшыфраваныя пасланні. Прозвішчы сем’яў галоўных герояў, варагуючых радоў Цюхай-Ліпскіх і Пратасавіцкіх — рэальныя прозвішчы спадчыннай пінскай шляхты. Парадыйныя прозвішчы «Кручкоў» і «Пісулькін» намякаюць на кручкатворства, бюракратызм, бяздушнасць царскай судовай і карнай сістэмы. Персанаж Цімох Альпенскі — магчыма, паходзіць з Альпені, што можа быць ускосным намёкам на аўтарства Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які бываў у Альпені ў 1849 годзе і напісаў тут вершы «Вясна» і «Прыпяць». Даволі рэдкае прозвішча Куторга можа быць намёкам на адмоўнае стаўленне аўтара да ідэялогіі заходнерусізма, адным з прадстаўнікоў якой быў рускі гісторык Міхаіл Кутарга, ураджэнец Мсціслава і якая настойліва заявіла пра сябе ў другой палове 1860-х гадоў, калі стваралася п’есаАлесь Белы. Хто быў прататыпам цыніка Куторгі з «Пінскай шляхты»? Магчыма, эталонны заходнерус // Наша Ніва, 01.05.2023.
Сюжэт «Пінская шляхта» — гэта гарэзлівая, смешная і, адначасова, пазнавальная гісторыя на тэму жыцця мясцовай беларускай "засцянковай" або "аколічнай" шляхты. У ёй апавядаецца пра фанабэрыстых і пыхлівых дробных шляхцюкоў, якія па свайму матэрыяльнаму становішчу і ладу жыцця не нашмат адрозніваюцца ад сялян. Але, нягледзячы на тое, яны для сябе лічаць найвялікшай абразай, калі іх хтосьці называе «мужыкамі». І пры ўсёй іх фанабэрыстасці яны жудасна баяцца начальства, тых, хто мае над імі ўладу.
Два збяднелыя, але ганарыстыя шляхціцы з Піншчыны, Ціхон Пратасавіцкі і Іван Цюхай-Ліпскі, «п’яныя завяліся ды пабіліся з сабою за шляхецтва», бо другі назваў першага «мужыком». Сварка бацькоў пагражае шлюбу закаханых дзяцей — дачкі Пратасавіцкага Марысі і сына Цюхай-Ліпскага Грышкі. Куторга, шасцідзесяцігадовы «кавалер», хоча ўзяць замуж 17-гадовую Марысю (насуперак яе волі), а за гэта гатоў «крыва» сведчыць на карысць Ціхона Пратасавіцкага. Але на разбор справы прыязджае станавы прыстаў Кручкоў, і ўсё канчаецца шчасліва: шляхціцы мірацца, замацоўваючы прымірэнне гарачым крупнікам, дзяцей бласлаўляюць да шлюбу, і ўсе радасна танцуюць, спяваюць.
У п’есе В. Дунін-Марцінкевіч высмейвае царскі суд, бюракратызм і хабарніцтва чыноўнікаў, якія самі ж і парушаюць усе магчымыя законы, якія яны прадстаўляюць, і выносяць абсурдныя прыгаворы.
Станавы прыстаў Кручкоў, якога палешукі называюць «Найяснейшая Карона» (гэты зварот афіцыйна прымяняўся толькі ў дачыненні да манарха), піша і тут жа чытае пастановы і «следства» і «суда», звяртаючыся да царскіх «указаў» і «законаў» Статута Вялікага Княства Літоўскага. «Як ён, на нашу бяду, усе ўказы і законы як рэпу грызе і не заікнецца, хрэн яму ў вочы!» — здзіўляецца Пратасавіцкі, не задумваючыся нават, што дзеянне Статута ВКЛ у Беларусі было адменена яшчэ ў 1840 годзе, а расійскія цары Пётр І, Кацярына ІІ і Елізавета Пятроўна, якія жылі ў ХVІІІ стагоддзі, ніяк не маглі выдаць свае ўказы ў 1895, 1903 і нават у… 1988 гадах. Страх настолькі паралізаваў свядомасць пінскай шляхты, што яна нават не разумее, у якім стагоддзі жыве або што ў месяцы не можа быць больш чым 31 дзень (у вуснах жа Кручкова гучыць і «49 апреля», і «марта 69 дня», і «октября 45 числа»).
Кручкоў з дапамогай пісарчука Пісулькіна абсурднымі штрафамі абірае запалоханую пінскую шляхту да ніткі. Не толькі ўдзельнікам бойкі, але і яе сведкам, нават тым, хто бойкі не бачыў, прысуджаецца кара і вялікі штраф:
Дэталі «на голай зямлі без дывана» і «на дыване» — красамоўныя. Лічылася вялікай абразай, калі шляхціца каралі розгамі, паклаўшы яго на голую зямлю, без посцілкі. Маёмасны стан цяперашняй пінскай шляхты не адрозніваецца ад навакольных сялян, але фанабэрыя, ганарыстасць засталіся. «Даў бы сто рублёў, каб дыван падаслалі», — кажа Пратасавіцкі і просіць у пісарчука Пісулькіна парады, як «ад лазы пазбавіцца». Ведаючы тарбахвата і кручкатвора (адсюль — і прозвішча персанажа) Кручкова, той раіць: «Злажыце яму добры гасцінчык, авось паквапіцца?» Кручкоў, зразумела, на хабар «паквапіўся».
У «Пінскай шляхце» развязка супадае з завязкай наступнага дзеяння. Кручкоў, імкнучыся да нажывы, пры сваім ад’ездзе страўлівае яшчэ адну пару пінскай шляхты. Ён адводзіць убок Альпенскага і паведамляе, што Статкевіч адмаўляе яму ў праве называцца шляхціцам. Затым падыходзіць да Статкевіча і кажа: «Знаеш? Цябе Альпенскі аблаяў мужыком». Статкевіч раз’юшыўся: «Ён смеў назваць мяне мужыком?! Мне сам Юры КабылінскіКалекцыянер і гумарыст Ю. Кабылінскі быў сябрам В. Дуніна-Марцінкевіча. Маючы ў калекцыі старую паперу, пячаткі, узоры подпісаў, ён мог дзеля жарту любому выдаць „грамату шляхціца“. падпісаў грамату — дык я ж на шкуры яго выпішу сваё шляхецтва!». Зноў пачынаецца бойка. Калі ж Ліпскі просіць Кручкова разняць «дерущихся», «а то і з вас штраф будзе належыць», той адказвае: «Не ка мне, не ка мне, — няхай у суд падаюць, тагды прыеду на следства! Бывайце здаровы!» І з Пісулькіным пакідае пінскую шляхту ў надзеі на новы прыезд, на новы добры «ўлоў». Апрача іншага, у гэтай сцэне бачна, з чаго пачала разгортвацца інтрыга твора, як завязваўся яго сюжэт.
Музычныя ўстаўкі У творы 9 песень. Гэта арыі Марысі (з’явы 1-я і 9-я), Куторгі (з’явы 4, 5, 6-я і апошняя), дуэты Марысі і Грышкі (з’ява 2-я), Марысі і Куторгі (з’ява 6-я). Такія музычныя інтэрмедыі характэрныя і для іншых драматычных твораў Дуніна-Марцінкевіча, які асабліва шмат стварыў іх у 1840-1850-х гадах, у тым ліку на музыку Станіслава Манюшкі.
Мова п’есы Аўтэнтычны тэкст напісаны на рускай мове — прозвішчы дзеючых асоб, усе аўтарскія рэплікі і заўвагі — і заходнепалескім (пінскім) дыялекце — маналогі і дыялогі дзеючых асоб, радкі песень. Тым самым драматург адчувальна ўзмацніў рэалістычны пачатак твора.
На думку прафесара Лепешава, мова пінчукоў у пачатковым тэксце п’есы несапраўдная, скажоная аўтарам, каб наблізіць яе гучанне да ўкраінскай, што, у сваю чаргу, было патрэбна, каб абысці забарону Аляксандрам II друку па-беларуску; а друкаваны варыянт 1918 году гэта ўжо пераклад Язэпа Лёсіка.Сучасная беларуская літаратурная мова: cпрэчныя пытанні: Дапаможнік / І. Я. Лепешаў. — Гродна: ГрДУ, 2002. — 207 с. ISBN 985-417-354-2. С.150.
В. Дунін-Марцінкевіч стылізаваў мову сваіх персанажаў пад вядомы яму пінскі дыялект. Літаратурную норму мове твора прыдаў на пачатку ХХ стагоддзя («апрацаваў») Янка Купала. Пры гэтым мова персанажаў індывідуалізавана. Так, Кручкоў гаворыць своеасаблівай «трасянкай», мешанінай мясцовых слоў і слоў рускай мовы. Мова Куторгі вызначаецца народным каларытам, багаццем ідыём, прыказак і прымавак («даганяючы не нацалавацца»; «здаровы, як рыжык баровы»; «калі абора цячэ — гаспадыня бліны пячэ, а калі гумно цячэ — гаспадар з хаты ўцячэ»; «млын меле — мука будзе, язык меле — бяда будзе» і г.д.).
Ацэнкі Беларускі літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч адзначыў: «Галоўная сіла, што рухае развіццё сюжэта камедыі (фарса-вадэвіля) Дуніна-Марцінкевіча, — страх. Абодва бакі выдатна разумеюць вынікі непадпарадкавання царскім указам, былым і існуючым. Прыстаў Кручкоў для пыхлівай шляхты ні больш, ні менш — „Найяснейшая Карона“. Паважным зваротам драматург нібы падкрэсліваў сувязь паміж дробным судовым кручкатворам і самадзержцам, што трымаў у страху ўсю імперыю»«Пінская шляхта».
Беларускі літаратар Альгерд Бахарэвіч называе Дуніна-Марцінкевіча з яго «Пінскай шляхтай» Эмірам Кустурыцам беларускай літатурнай класікі: «Тут табе і шляхціцы з тэмпэрамэнтам ня горшым, чым у балканскага цыгана — зь любой нагоды гатовыя даць у пысу, пусьціць сьлязу або пусьціцца ў скокі, тут і эротыка па загуменьнях, і інтрыгі на фоне пастаральных краявідаў, і прыродны, нязьменны, як зорнае неба над галавой, хабар, і п’янства пад раблезіянскую закуску, і шчымлівасьць фанэрных скрыпак: шчасьце абсалютнай самадастатковасьці. І, вядома, тут жа і дзяржава, абсалютна бясьсільная супраць усяго гэтага стракатага карнавалу, бо яе ўласныя чыноўнікі-бюракраты ня толькі не замінаюць пераможнаму шэсьцю вясёлага хаосу — гэты карнавал на іх і трымаецца»Бахарэвіч А. Гамбурскі рахунак Бахарэвіча. — Радыё СвабоднаяЕўропа / Радыё Свабода, 2012..