Іміграцыя (ад  — усяляцца) — уезд іншаземцаў у якую-небудзь краіну на пастаяннае або працяглае жыхарства.

Пасажыры, турысты і іншыя асобы, якія знаходзяцца ў краіне прызначэння на кароткі тэрмін, не трапляюць пад вызначэнне іміграцыі ці міграцыі; аднак часам у гэта вызначэнне ўключаюць сезонную працоўную іміграцыю. У залежнасці ад прычын іміграцыю падзяляюць на палітычную і эканамічную або працоўную. З эканамічнага пункту гледжання даследаванні паказваюць, што міграцыя можа быць выгадная як краінам-атрымальніцам, так і краінам-адпраўніцам. Іміграцыя характэрна для многіх гістарычных эпох, адыгрывала важную ролю ў фармаванні насельніцтва некаторых краін і нават засяленні асобных частак свету.

Паняцце «іміграцыя» ўведзена ў XVII стагоддзі і значыла мірныя перамяшчэнні насельніцтва паміж дзяржавамі ў працэсе фарміравання. На фарміраванне насельніцтва Еўразіі паўплывалі міграцыі апошніх двух тысячагоддзяў, такія, як Вялікае перасяленне народаў у Еўропе (IV—VII стст.), міграцыі, звязаныя з арабскімі заваяваннямі (VII—VIII стст.), з экспансіяй цюрка-манголаў (XI—XVII стст.). Эпоха вялікіх геаграфічных адкрыццяў (XV—XVII стст.) паклала пачатак шырокаму развіццю міжкантынентальных міграцый, галоўным чынам з Еўропы ў Амерыку, Аўстралію і іншыя рэгіёны. Не аслаблі тэмпы іміграцыі, выкліканыя перамяшчэннямі насельніцтва ў дзвюх сусветных войнах, перасяленнем яўрэяў у Ізраіль. Працягваецца рабочая і іншая іміграцыя з Беларусі ў развітыя краіны Заходняй Еўропы і Расію.

Заканадаўства ў галіне іміграцыі адрозніваецца ў залежнасці ад краіны. Напрыклад, у Канадзе дзейнічае канкурэнтная іміграцыйная сістэма са спецыфічнымі крытэрыямі адбору і квотамі, што можа зрабіць іміграцыйны працэс складаным і працяглым. Нацыянальныя законы, якія тычацца іміграцыі грамадзян той ці іншай краіны, рэгулююцца міжнародным правам. Міжнародны пакт Арганізацыі Аб’яднаных Нацый пра грамадзянскія і палітычныя правы абавязвае ўсе краіны дазваляць уезд сваім грамадзянам. Гэты прынцып не заўсёды трымаецца на практыцы. Напрыклад, падчас пандэміі COVID-19 Аўстралія прымяніла палітыку адмовы ва ўездзе ўсім асобам з асабліва пацярпелых юрысдыкцый, уключаючы грамадзян Аўстраліі і пастаянных жыхароў.

У апошнія гады Іран сутыкаецца з масавым адтокам моладзі і кваліфікаванай рабочай сілы з краіны. У чэрвені 2023 года іранскі парламент забараніў размяшчэнне аб’яў пра іміграцыю ў інтэрнэце.

У аглядзе існых даследаванняў 2019 года, апублікаваным у часопісе Annual Review of Sociology, прысвечаным асіміляцыі імігрантаў у Злучаных Штатах, Злучаным Каралеўстве, Францыі, Германіі, Швецыі, Нарвегіі, Бельгіі, Нідэрландах і Іспаніі, зроблена выснова: «мы выяўляем агульную заканамернасць міжпакаленчай асіміляцыі з пункту гледжання сацыяльна-эканамічнага ўзроўню, сацыяльных адносін і культурных перакананняў».

Крыніцы

Гл. таксама Эміграцыя Міграцыя насельніцтва Рэпатрыяцыя Каэфіцыент іміграцыі

Літаратура Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. ISBN 985-11-0108-7

Спасылкі

Immigration and Labor: The Economic Aspects of European Immigration to the United States, (Нью-Ёрк, 1912)

Катэгорыя:Іміграцыя насельніцтва