Вінцэнт Гадлеўскі або Вікенцій Іванавіч Гадлеўскі (, в. Шурычы, Ваўкавыскі павет — 24 снежня 1942, урочышча Благаўшчына, канцлагер Трасцянец) — каталіцкі святар, беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст. Актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага руху, сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Займаўся беларусізацыяй каталіцкага касцёла на Беларусі, адным з першых перайшоў да казанняў на беларускай мове.

Біяграфія

Раннія гады

Паходзіў з сялянскай сям’і, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, займаўся сталярнымі работамі. Каб вучыць сына, бацька прадаў маёмасць і пераехаў у Варшаву, дзе Вінцэнт скончыў 3 класы гімназіі. Пасля Вінцэнт за грошы вучыў вясковых дзяцей, каб скончыць Гродзенскую гімназію.

У 1912 годзе скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, у 1916 годзе Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію. Пасвячоны ў святары 3 чэрвеня 1914 года. У гады вучобы ў духоўнай акадэміі быў сябрам культурна-асветнага гуртка беларускіх студэнтаў. Душпастырскую дзейнасць распачаў у 1916 годзе. Служыў вікарыем пры кафедральным касцёле ў Мінску.

Пачатак палітычнай дзейнасці. БНР Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года браў удзел у дзейнасці беларускіх культурна-адраджэнскіх, рэлігійных і палітычных арганізацый. У адным з дакументаў значыцца сябрам Беларускай народнай партыі сацыялістаў, аднак на З’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый у сакавіку 1917 года ў Мінску выступаў ад імя Каталіцкай дэмакратычнай партыі (папярэдніца БХД). На з’ездзе абраны ў склад Беларускага нацыянальнага камітэта. Адзін з ініцыятараў З’езда беларускага каталіцкага духавенства 24—25 траўня 1917 года.

Удзельнік Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 года, чытаў на ім лекцыі па гісторыі Беларусі. З лютага 1918 года ўваходзіў у Менскае беларускае прадстаўніцтва, ад якога ў красавіку кааптаваны ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Да 26 траўня 1918 года працаваў асобаўпаўнаважаным у камісіі па бежанскіх справах пры Радзе БНР.

Заходняя Беларусь

У 1919 годзе за актыўную палітычную дзейнасць біскуп Зыгмунт Лазінскі перавёў Вінцэнта Гадлеўскага на пасаду прэфекта Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. У семінарыі Гадлеўскі выкладаў беларускую мову, а таксама для навучэнцаў-каталікоў выкладаў па-беларуску асновы рэлігіі. Адным з вучняў Гадлеўскага быў Мікалай Раманоўскі (Кузьма Чорны). У снежні 1919 года семінарыя была закрытая польскімі ўладамі.

З 1921 года служыў настаяцелем у Жодзішках Свянцянскага павета, якія паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года апынуліся ў складзе Польскай Рэспублікі. Сярод прыхаджан разгарнуў шырокую беларускую нацыянальна-культурную дзейнасць. Польская паліцыя адзначала ў 1923 годзе, што ў часе калядавання Гадлеўскі сабраў натоўп людзей у Жодзішках, які спяваў беларускі гімн. Адзін з аўтараў мемарыялу каталіцкага беларускага духавенства супраць пэўных палажэнняў канкардату паміж Ватыканам і Польскай Рэспублікай (1925). Узначальваў у Жодзішках гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. За беларускую дзейнасць пераследаваўся польскімі дзяржаўнай і царкоўнай уладамі.

25 чэрвеня 1925 года арыштаваны, пасля непрацяглага зняволення ў віленскай турме Лукішкі выпушчаны пад заклад, але ў ноч на 30 верасня арыштаваны зноў. 1 сакавіка 1926 года паводле абвінавачвання ў падбухторванні насельніцтва да бунту і аддзялення беларускіх зямель ад Польшчы асуджаны Віленскім акруговым судом на 2 гады турмы, але зняволенне было замененае штрафам.

У сакавіку 1927 года ізноў арыштаваны. За «антыдзяржаўную дзейнасць» Варшаўскім судом асуджаны на 2 гады зняволення. У судзе, сярод абвінавачванняў адзначалася: Гадлеўскі падкрэсліваў, што паводле закону любы грамадзянін Польшчы можа карыстацца ў дзяржаўных інстытуцыях роднай мовай (у тым ліку і беларускай) і патрабаваць, каб да яго таксама звярталіся на роднай мове; заклікаў парафіян не падпісваць паліцэйскіх пратаколаў, напісаных па-польску. 16 месяцаў правёў у адзіночнай камеры Макатоўскай турмы ў Варшаве, пасля гэтага вызвалены паводле амністыі.

З 1928 года жыў у Вільні. На загад царкоўнай улады афіцыйна выйшаў з БХД, аднак фактычна заставаўся яе сябрам. Служыў капеланам у шпіталі, выконваў абавязкі прэфекта ў школе пры кляштары бернардзінак.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні (кастрычнік 1928). У 1930 годзе пераклаў на беларускую мову Новы Запавет (Вільня, 1939). Выдаў 2 кнігі са святой гісторыі Старога і Новага Запаветаў (1930, 1933). Пераклаў на беларускую мову Евангеллі і Дзеі святых апосталаў (1939). Напісаў таксама працу «Палітычныя і грамадскія кірункі ў мінуўшчыне і сучаснасці» (1931). У 1936 годзе цалкам выйшаў з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, не пагадзіўшыся на яе рэарганізацыю ў Беларускае народнае аб’яднанне. Арганізаваў і ўзначаліў выданне газеты «Беларускі фронт», у якой шырока выступаў як публіцыст.

Другая сусветная вайна

З пачаткам Другой сусветнай вайны і акупацыяй Вільні Чырвонай арміяй пераехаў у Каўнас. Пад канец 1939 года ў Вільні разам з іншымі беларускімі дзеячамі заснаваў Беларускую незалежніцкую партыю. З чэрвеня 1940 года ў Варшаве. У чэрвені 1941 года ўвайшоў у створаны ў Берліне «Беларускі нацыянальны цэнтр».

З верасня 1941 года ў Мінску. Падчас нямецкай акупацыі прызначаны галоўным школьным інспектарам пры генеральным камісарыяце Беларусі (кастрычнік 1941), кіраваў працай па падрыхтоўцы праграм навучання для беларускіх пачатковых школ, адначасова быў сябрам Цэнтралі Беларускай народнай самапомачы. Правіў службу ў Чырвоным касцёле ў Мінску.

Ад пачатку быў вялікім прыхільнікам немцаў, лічыў, што па сканчэнні вайны немцы аддадуць беларусам усё кіраўніцтва на Беларусі, спрабаваў выкарыстаць супрацоўніцтва з немцамі для мабілізацыі беларускіх патрыятычных сіл. Гадлеўскі разам з Янам Станкевічам спрабаваў наладзіць у Беларусі культурна-асветную працу, але іх планы былі перапынены нямецкім кіраўніцтвам, генеральны камісарыят нават забараніў ксяндзу зносіцца непасрэдна са школьнымі аддзеламі акругі. Быў адным з падпісантаў вядомай адозвы да беларускага народа, якая заклікала беларусаў змагацца супраць бальшавіцкай Расіі.

Неўзабаве Гадлеўскі пачаў крытыкаваць нямецкую палітыку ў дачыненні беларускага народа. Быў арыштаваны нямецкай паліцыяй у Мінску ў ноч на 24 снежня 1942 года, тады ж застрэлены ва ўрочышчы Благаўшчына канцлагера Трасцянец.

Памяць

У 2008 годзе ва ўрочышчы Благаўшчына, дзе быў забіты Гадлеўскі, быў усталяваны памятны крыж. Пасля пабудовы мемарыяльнага комплексу ў Благаўшчыне, крыж быў перанесены на каталіцкія Залатагорскія могілкі ў Мінску, на тэрыторыю касцёла Святога Роха.

У ліпені 2023 года крыж быў прыбраны праз кампанію прарасійскіх актывістаў рэжыму Лукашэнкі пры падтрымцы Камуністычнай партыі Беларусі.

Крыніцы

Літаратура

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Аўтар-укладальнік: Ю. Гарбінскі. — Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3 Вашкевіч А. Навуковая спадчына ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага // Białoruskie Zeszyty Historyczne, nr 26, 2006, s. 218—235

Спасылкі

Катэгорыя:Постаці беларускага каталіцтва Катэгорыя:Члены Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Катэгорыя:Члены Беларускай незалежніцкай партыі Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Ваўкавыскім павеце (Расійская імперыя) Катэгорыя:Памерлі ў Трасцянцы Катэгорыя:Члены Беларускай народнай самапомачы Катэгорыя:Расстраляныя на акупаванай тэрыторыі СССР Катэгорыя:Рэпрэсаваныя ў Польскай Рэспубліцы (1918—1939)