Станіслаў Іванавіч Грыб (н. , в. Савічы, Дзятлаўскі раён, Гродзенская вобласць) — беларускі вучоны ў галіне раслінаводства. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003), акадэмік Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (1994—2002), замежны член Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук (2001) і Украінскай акадэміі аграрных навук (2001), доктар сельскагаспадарчых навук (1988), прафесар (1998) . 

Біяграфія Скончыў у 1966 годзе Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. З 1970 г. загадчык лабараторыі Ганусаўскай доследна-селекцыйнай станцыі па цукровых бураках, з 1973 намеснік кіраўніка Заходняга селекцэнтра па збожжавых, зернебабовых і крупяных культурах, з 1978 г. кіраўнік Заходняга селекцыйнага цэнтра, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Беларускага НДІ земляробства і кармоў, адначасова з 1980 г. загадчык аддзела, з 1990 г. загадчык лабараторыі гэтага інстытута. У 1995—1997 гг. віцэ-прэзідэнт Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь, у 1997—2002 гг. акадэмік-сакратар аддзялення земляробства і раслінаводства ААН РБ. З 2002 г. галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута земляробства і селекцыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Навуковыя працы ў галіне селекцыі насенняводства і тэхналогіі вырошчвання збожжавых культур. Распрацаваў і рэалізаваў на практыцы інтэнсіўныя гатункі збожжавых культур з патэнцыйнай ураджайнасцю 8-10 т/га, прапанаваў метады стварэння генетычнай разнастайнасці і ідэнтыфікацыі генатыпаў, якія спалучаюць высокую прадуктыўнасць з талерантнасцю да біятычных і абіятычных фактараў асяроддзя, добрай якасцю прадукцыі. Распрацаваў і ўкараніў у вытворчасць сістэмы адаптаваных, рэсурсазберагальных гатункаў ячменю, аўса, трыцікале, яравой пшаніцы.

Аўтар больш за 400 навуковых прац, у тым ліку 9 манаграфій, 7 вынаходак, 38 аўтарскіх пасведчанняў на гатункі раслін, раянаваных ў Беларусі, з якіх 14 ўключаны ў рэестр замежных краін.

Узнагароды Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (1994, у аўтарскім калектыве) — за цыкл работ «Распрацоўка метадаў і вынікі селекцыі высокапрадукцыйных, рэсурсаэканомных гатункаў яравога ячменю і азімага жыта». Ордэн «Знак Пашаны» (1986). Медаль Францыска Скарыны (25 жніўня 2017).

Асноўныя працы Ячменному полю — интенсивные сорта. Мн.: Ураджай, 1992. Посевной и посадочный материал сельскохозяйственных культур. Кн. 1-2. Берлин: TRANSFORM, 2001 (в соавт.). Семеноводство. Мн.: Бестпринт, 2004 (в соавт.).

Спасылкі Станіслаў Іванавіч Грыб у базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Профіль на сайце НАН Беларусі

Катэгорыя:Раслінаводы Беларусі Катэгорыя:Акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Катэгорыя:Акадэмікі Акадэміі аграрных навук Беларусі