З, з — дзявятая літара беларускай азбукі. У стара- і царкоўнаславянскай азбуцы называецца «зямля».

Гісторыя Паходзіць з кірыліцкай Ꙁ («зямля»), што ўзнікла на аснове грэка-візантыйскай устаўнай Ζ («дзэта»). У старабеларускую графіку перайшла са старажытнарускага пісьменства. Ужывалася ў некалькіх варыянтах. Прыклады напісання ўставам: . Абазначала зычныя гукі [з], [з’], пры аглушэнні [с], [с’] (загадка, зима, морозъ — [морос], мазь — [мас’]). Мела таксама лічбавае значэнне «сем». У рукапісах XIV—XVII стагоддзяў у сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. У XVI стагоддзі, акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. Пачынаючы з Ф. Скарыны, стала адрознівацца як малая і вялікая, але ўжыванне вялікай літары ва ўласных імёнах, геаграфічных назвах і ў пачатку сказаў не было яшчэ паслядоўным. Паралельна з ей, хоць і больш абмежавана, для абазначэння гукаў [з], [з’] выкарыстоўвалася літара Ѕ («зяло»), утвораная шляхам відазмянення грэка-візантыйскай устаўнай ϛ («дыгама»: Ѕло, Ѕолото, Ѕять).

Беларуская мова У сучаснай беларускай мове літара З абазначае шумныя звонкія шчылінныя пярэднеязычныя зычныя гукі [з], [з’] (замок, зямля — [з’амл’а]), а перад глухімі зычнымі і на канцы слоў — парныя да іх па звонкасці і глухасці гукі [с], [с’] (нізка — [н’іска], везці — [в’эс’ц’і], завоз — [завос], моладзь — [молац’]). Уваходзіць у склад дыграфа дз (дзень — [дз’эн’], нэндза). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму. Ужываецца ў афіцыйных абрэвіятурах (ЗАГС). Пры класіфікацыйным падзеле мае значэнне дзявяты (група «З»), пры лічбавай нумарацыі — дадатковае значэнне для размежавання прадметаў пад адным нумарам (шыфр № 6з).

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Літары кірыліцы Катэгорыя:Балгарскі алфавіт З Катэгорыя:Македонскі алфавіт Катэгорыя:Рускі алфавіт Катэгорыя:Украінскі алфавіт Катэгорыя:Стараславянскі алфавіт