Юрый Уладзіміравіч Жыгамонт — беларускі акцёр і журналіст.

Біяграфія Юрый Жыгамонт нарадзіўся на Палессі. Яго прапрабабуля была дачкою войта і, паводле звестак, пражыла больш за сто гадоў. Яго дзед, Пётр Матфеевіч Жыгамонт, быў расстраляны ў Горкім (цяпер Ніжні Ноўгарад), яго забралі ў 1937-м, а расстралялі ў 1938 годзе.

Юрый яшчэ з дзяцінства цікавіўся гісторыяй, рэтра-рэчамі. Рана пачаў вандраваць — старэйшы брат яго заўсёды браў з сабою, калі кудысьці ехаў.

Скончыў ПТВ па спецыяльнасці «кіроўца вежавых кранаў». У 1994 г. скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў.

Падчас навучэння ў Тэатральна-мастацкім інстытуце вырашыў вывучыць Беларусь. На вакацыях шукаў на карце нейкае мястэчка, набываў квіток і ехаў туды. Хадзіў па вуліцах, глядзеў на старажытныя дамы, палацы, паркі. А наступнай раніцай ехаў ужо ў іншае мястэчка.

Акцёр тэатру і кіно, з 2002 г. служыць у Тэатры юнага гледача, у якім прымае ўдзел у спектаклях «Маленькі лорд Фаўнтлярой», «Тарас на Парнасе».

З 2006 вядучы тэлепраекту «Падарожжы дылетанта», «Новыя падарожжы дылетанта», «Прыгоды дылетанта» на тэлеканале «СТБ». З 2017 «Падарожжа дылетанта» выходзіць на партале TUT.BY.

Самымі дарагімі для сябе кнігамі лічыць Біблію і паэму «Новая зямля» Якуба Коласа.

Узнагароды 23 мая 2012 года, загадам міністра культуры РБ Паўла Латушкі, Юрый Жыгамонт узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».

Па выніках галасавання, праведзеных газетай «Комсомольская правда в Белоруссии» прызнаны любімым тэлевядучым на тэлеканале «СТБ» 2010 года.

Спасылкі

Чамадан энергетыкі цудоўных мясцін — nashaniva.by Падарожжа Дылетанта

Катэгорыя:Нарадзіліся ў Нараўлянскім раёне Катэгорыя:Акцёры Беларусі Катэгорыя:Тэлевядучыя Беларусі Катэгорыя:Падарожнікі Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў