Смаленскае ваяводства (; , ) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на ўсходзе Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 53 тыс. км²Вячаслаў Насевіч. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // С. 39.. Сталіца — горад Смаленск.
Гісторыя
Утварылася ў 1508 годзе са Смаленскага намесніцтва (колішняга Смаленскага княства). У 1514 годзе тэрыторыю ваяводства акупавалі войскі Маскоўскай дзяржавы.
Войскі Вялікага Княства Літоўскага 3 чэрвеня 1611 года вызвалілі Смаленск. Па вызваленні, цягам 1611—1626 гадоў дзевяць гарадоў Смаленшчыны атрымалі Магдэбургскае права.
У 1613 годзе вальны сойм аднавіў Смаленскае ваяводства ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, што вызнала Масква пры заключэнні Дэвулінскага перамір’я ў 1618 годзеВалерый Пазднякоў. Смаленскае ваяводства // С. 598.. У склад ваяводства ўвайшлі смаленскія землі з гарадамі Белы, Дарагабуж, Рослаў, Смаленск, Сярпейск, маскоўскія «ўезды» Невель і Себеж з Красным Гарадком, Северская зямля з Трубчэўскім княствам, Почапская воласць.
У 1620—1640-я годы на Смаленшчыне правялі валочную памеру. У 1621 годзе смаленскі соймік накіраваў першых паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай. У 1626 годзе ў Старадубе прайшоў першы павятовы шляхоцкі соймік.
У 1633 годзе ўтварыўся Невельскі павет, скасаваны аднак у 1634 годзе. Паводле Палянаўскага міру ў 1634 годзе, у склад Маскоўскай дзяржавы перададзены часткі Смаленскага (з Масальскам і Сярпейскам) і Старадубскага (з Трубежам) паветаў агульнай плошчай каля 30 тыс. км². У 1635 годзе на тэрыторыі Севершчыны ўтварылася Чарнігаўскае ваяводства ў складзе Каралеўства Польскага. У 1638 годзе заснаваная Смаленская каталіцкая дыяцэзія.
У 1646 годзе з Кіеўскага ваяводства ў склад Старадубскага павета перайшло Лоеўска-Любецкае староства. У 1638 годзе Невельская, Себежская і Краснагорская воласці перайшлі да Полацкага ваяводства.
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія войскі захапілі Смаленшчыну. Згодна з Андрусаўскім перамір’ем (1667) пад уладай Масквы апынуліся Смаленскі і Старадубскі паветы агульнай плошчай 45 тыс. км² (з апошняга ў складзе ВКЛ засталося толькі Лоеўска-Любецкае староства плошчай 8 тыс. км², уключанае ў Рэчыцкі павет). Пазней ваяводства існавала толькі намінальна да канчатковага скасавання ў 1793 годзе.
Геаграфія На поўначы межавала з Наўгародскай зямлёю, на ўсходзе — з Маскоўскай дзяржавай, на поўдні — з Севершчынай (з 1635 — Чарнігаўскім ваяводствам) і Мсціслаўскім ваяводствам, на захадзе — з Віцебскім ваяводствам.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
Ваяводства падзялялася на два паветы: Смаленскі і Старадубскі. Назва Цэнтр Староствы Смаленскі павет Смаленск Смаленскае Дарагабужскае Рослаўскае Старадубскі павет Старадуб Старадубскае
Ваяводскі соймік праводзіўся ў Смаленску, павятовыя соймікі — у Смаленску і Старадубе. З 1667 года соймікі праходзілі ў Вільні: смаленскія — у касцёле бернардзінцаў, старадубскія — у касцёле кармелітаў босых.
Мясцовая шляхта абірала чатырох паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай, а таксама чатырох дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.
Ураднікі
У Сенаце Рэчы Паспалітай Смаленскае ваяводства мела двух свецкіх прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна, а таксама духоўнага — біскупа.
Згодна з Люблінскай уніяй (1569) ваявода смаленскі паводле значнасці займаў месца пасля падольскага і перад люблінскім, кашталян — пасля камянецкага і перад люблінскім. Біскуп смаленскі займаў апошняе месца, пасля інфлянцкага, бо ўзначальваў наймалодшае біскупстваWojewództwo smoleńskie // S. 342.. За ўвесь час свайго існавання (у тым ліку і намінальны) ваяводства мела 18 біскупаў, 33 ваяводы, 27 кашталянаў.
Ваяводскі мундзір складаўся з малінавага («кармазыновага») кунтуша, цёмна-сініх («гранатовых») жупана і адваротаў. Для Старадубскага павета — «сапфіровы» кунтуш, залатыя жупан і адвароты.
Гл. таксама
Крыніцы
Літаратура
Раюк, А. Р. Мяжа паміж беларускай і рускай этнічнымі тэрыторыямі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск: Права і эканоміка, 2022. — Вып. 32. — С. 411—418. Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, tom IV: Ziemia smoleńska i województwo smoleńskie. XIV-XVIII wiek. Warszawa, 2003.
Спасылкі
Катэгорыя:З’явіліся ў 1508 годзе Катэгорыя:XVI стагоддзе ў Смаленску