Унутраныя хваробы (тэрапія, унутраная медыцына) — раздзел медыцыны, які займаецца праблемамі этыялогіі, патагенезу і клінічных праяў захворванняў унутраных органаў, іх дыягностыкі, нехірургічнага лячэння, прафілактыкі і рэабілітацыі. Да сферы тэрапіі адносяцца захворванні дыхальнай сістэмы (пульманалогія), сардэчна-сасудзістай сістэмы (кардыялогія), страўнікава-кішачнага гасцінца (гастраэнтэралогія), мочавыдзяляльнай сістэмы (нефралогія), злучальнай тканкі (рэўматалогія) і інш. Урачы, якія займаюцца нехірургічным лячэннем ўнутраных хвароб, называюцца тэрапеўтамі (інтэрністамі).

Тэрапеўтычная тактыка Для эфектыўнага лячэння патрабуецца правільная дыягностыка, заснаваная на сістэматычным абследаванні пацыента, аналізе анамнезу, скаргаў і аб'ектыўных прыкмет захворвання (выяўляюцца пры фізікальным абследаванні - аглядзе, пальпацыі, перкусіі, аўскультацыі, а таксама з дапамогай лабараторна-інструментальных метадаў). Выяўленыя прыкметы (сімптомы) захворвання тэрапеўт аб'ядноўвае ў сіндромы (сукупнасць сімптомаў, якія маюць агульны патагенез), на падставе якіх робіць заключэнне аб меркаваным захворванні. У выпадку немагчымасці зрабіць адназначную выснову аб наяўным захворванні, праводзіцца дыферэнцыяльная дыягностыка некалькіх падобных захворванняў з выкананнем дадатковых лабараторных і інструментальных даследаванняў. У некаторых складаных для дыягностыкі клінічных выпадках прызначаецца пробнае лячэнне, якое дазваляе паставіць так званы (дыягназ, заснаваны на ацэнцы вынікаў праведзенага лячэння). Пасля пастаноўкі дыягназу тэрапеўт прызначае лячэнне. Прымяняюцца нелекавыя метады лячэння (захаванне рэжыму працы і побыту, харчавання), лекавае і фізіятэрапеўтычнае лячэнне, санаторна-курортнае лячэнне.