Люблінская унія (1 ліпеня 1569) — комплекс заканадаўчых актаў, якім дзве дзяржавы — Каралеўства Польскага (Кароны Польскай, Кароны) і Вялікага Княства Літоўскага (Княства, ВКЛ), федэратыўна аб’ядноўваліся ў Рэч Паспалітую абодвух народаў (паняцце з’яўляецца у акце гэтай уніі), канчаткова зацверджаны актамі на Люблінскім сойме 11 жніўня 1569 года.
Унія была абумоўлена папярэдняй гісторыяй дынастычных уній і дзяржаўных сувязяў Польшчы і ВКЛ, прыспешаны цяжкім становішчам ВКЛ у Лівонскай вайне (: падрыхтоўка уніі ў зносінах дзвюх дзяржаў), жаданнем палякаў атрымаць землі і пасады ў ВКЛ, прагай шляхты ВКЛ павялічыць і ўмацаваць свае правы і прывілеі, асабіста-псіхалагічнымі прычынамі Жыгімонта Аўгуста: крыўдай караля на сваіх літоўскіх падданых і яго разлікам, перадаўшы палякам Украіну, прымусіць іх ваяваць за інтарэсы ВКЛ з Масквой.
Перадумовы і ход правядзення З канца XV ст. ВКЛ вымушана весці цяжкія войны з Маскоўскай дзяржавы, якая прэтэндавала на ўсходнія землі ВКЛ. У выніку войнаў 1492—1494, 1500—1503, 1507—1508, 1512—1522, 1534—1537 гадоў ВКЛ страціла частку сваіх усходніх тэрыторый. У 1514 годзе, 8 верасня ў бітве пад Оршай вялікалітоўска-польскія войскі на чале з гетманам К. Астрожскага разбілі колькасна большыя маскоўскія войскі, але поўнасцю скарыстаць з вынікаў перамогі вялікі князь не здолеў. Войны з «дзедзічным непрыяцелем» ці набегі саюзных Маскве татараў аднаўляліся рэгулярна.
У 1558—1570 гадах ішла Інфлянцкая вайна. У 1558 годзе войскі вялікага князя маскоўскага Івана Васілевіча рушылі на Лівонію. Лівонскі ордэн вымушаны быў звярнуцца па дапамогу да ВКЛ і прызнаць уваход у яго склад. Пасля гэтага ВКЛ афіцыйна ўступіла ў вайну. Зімой 1563 года маскоўцы захапілі Полацк. Войскі ВКЛ здолелі разбіць маскоўскія палявыя арміі ў бітве на Чашніцкіх палях каля Улы і бітве пад Оршай зімой 1564 года, а потым гетманы Мікалай Радзівіл Руды, Рыгор Аляксандравіч Хадкевіч і Раман Фёдаравіч Сангушка стварылі ўмацаваную замкамі мяжу і ваявалі з маскоўцамі на Полаччыне. Насуперак просьбам і ранейшым абяцанням, Польшча не спяшалася з дапамогай, патрабуючы аплаты за яе і поўнай інкарпарацыі ВКЛ. п
У абозе войскаў ВКЛ пад Віцебскам у 1562 годзе адбыўся першы сход на польскі манер і была створана першая канфедэрацыя войска ВКЛ. Упершыню шляхта выставіла палітычныя патрабаванні — пашырэння правоў польскага ўзору на вялікалітоўскую шляхту і адмовілася удзельнічаць у вайне далей. У 1565 і 1567 гадах праведзены попісы і збор сілаў ВКЛ. Набіралася да 50 000 чалавек — дастатковыя сілы дзеля аднаўлення вайны супраць Масквы, але шляхта звязвала свой ўдзел у вайне з пашырэннем сваіх правоў — сабатавала зборы і актыўныя дзеянні.
Вялікі князь быў спадчынным ўладаром усіх зямель ВКЛ — «гаспадаром» правы якога былі атрыманыя ў спадчыну ад рускіх (старабеларускіх і стараўкраінскіх) княстваў. Улада і паўнамоцтвы вялікага князя базаваліся на Божай і яго «добрай волі», а не на сістэме дамоў з іншымі палітычнымі актарамі. Палітычныя і асабістыя правы магнатаў і шляхты ў ВКЛ ў адрозненні ад польскіх, атрыманых пры Ягайлу, не гарантавала ніякая пісаная дамова з ўладаром. Магнаты і князі цалкам апанавалі судовую і палітычную структуру ВКЛ і прыціскалі шляхту. Польская прапаганда была арыентаваная на шляхту, кшталту С. Арэхоўскага ў «Пірамідзе» (1564) заяўляла, што літвіны — нявольнікі князя-гаспадара і яго слугаў. Дзедзіч-гаспадар мае над імі ўсю ўладу, а паколькі спадчына і адопцыя былі вядомымі спосабамі перадачы ўласцівасцяў палітычнай сістэмы, лагічна выбудоўвалася лінія аб далучэнні да полькіх правоў шляхам ліквідацыі дзяржаўнасці на карысць польскага каралеўства. Адказваючы на польскія закіды, абвяшчаючы іх хлуснёй, у «Размове паляка з літвінам» (1564) А. Волан ці А.Ратундус абвяргалі іх. Аднак аб’ектыўна, у Польшчы шляхта мела не толькі асабістую недатыкальнасць і палітычнае прадстаўніцтва, але шэраг эканамічных прывілеяў, не абкладалася падаткамі, там 1563 была уведзена кварта — сталы скарбовы фонд на вайсковыя патрэбы, сродкі якога браліся не з насельніцтва, а з прыбыткаў каралеўскіх уладанняў. Таму частка шляхты бачыла ўзмацненне свайго прыватнага статуса ў далучэнні да польскай юрыдычнай прасторы.
Ужо ў 1562—1563 годзе шляхецкія соймы звярталіся з патрабаваннем новай уніі з Польшчай. Аднак буйныя магнаты справядліва апасаліся не столькі за свае правы, колькі за свае ўплывы ў дзяржаве і прасілі ад Кароны толькі братэрскай дапамогі. У 1561—1566 гадах Жыгімонт І Аўгуст пачаў адміністратыўныя і судовыя рэформы. Паводле Бельскага прывілея і Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 была створана асобная судовая сістэма падуладная шляхце ВКЛ. Таксама Віленскім земскім прывілеем 1565, соймам і статутам 1566 г. былі перагледжаны сістэма ваяводстваў, створаны паветы і судовы імунітэт ў ВКЛ, што дало мясцовым зямянам (ўласнікам зямлі ў павеце) без уліку іх знатнасці і багацця магчымасць палітычнага і судовага прадстаўніцтва, яа так сама заканадаўчай ініцыятывы праз павятовыя соймік. Шляхта і магнаты пачалі дамагацца гарантый захавання атрыманых пазіцый.
10 студзеня 1569 года ў Любліне (Польшча) пачаў працу агульны сойм ВКЛ і Кароны Польскай. Палякі за сваю дапамогу дабіваліся безумоўнага ўваходжання (інкарпарацыі) ВКЛ у склад Польскага каралеўства і ліквідацыі ўсіх яго дзяржаўных структураў. Абураная ходам абмеркавання, дэлегацыя ВКЛ у лютым пакінула Люблін. Кароль асобнымі актамі у сакавіку 1569 года далучыў да Польшчы Падляшша і Валынскае ваяводства. Няледзячы на абурэнне «гвалтам і падступствам», магчымасцей весці вайну яшчэ і з Польшчай у ВКЛ не было. Спробы паноў-рады ВКЛ дамовіцца з украінскай магнатэрыяй і шляхтай каб тыя «ня здраджвалі Літве з валынцамі» не мелі поспеху.
Асабістай прычынай Жыгімонта Аўгуста, на якой сыгралі палякі ў лютым 1569 года, было тое, што ён ня меў спадчынніка і хацеў пазбегнуць вайны за трон пасля сваей смерці, пакінуць моцны рэальны палітычны саюз структур, а не завязаную перасанальна на асобе манарха унію паміж ВКЛ і Польскай каронай. Польскія прыдворныя раздзьмулі і асабістую крыўду, бо Жыгімонт Аўгуст дагэтуль фаварытызаваў літвінаў (асабліва сваякоў Барбары Радзівіл), адмовіўся ад шэрагу сваіх правоў на карысць падданных, правеў рэформы, выдаў Статут 1566, але вялікалітоўскія паны праяўлялі «няўдзячнасць» і «абразілі маястат» і «бунтавалі» блакуючы яго волю і з’ехаўшы з Любліна. Кароль запатрабаваў асабістай прысягі ад магнатаў усяго ВКЛ і выклікаў да сябе. Адмова ад падначалення, абраза маястата і бунт супраць гаспадара паводле артыкулаў 3-5, першага радззела статута 1566 магла каштаваць ім пазбаўлення маёмасці і кары смерцю. Значная частка паноў і шляхты спужалася пагрозаў і дзеля асабістых інтарэсаў паступалася інтарэсамі дзяржаўнасці. Характарызуючы паводзіны прадстаўнікоў шляхты на соймах, пісьменнік XVI ст. пісаў, што яны поўнасцю падпарадкаваліся жаданням караля, «адны баючыся што-небудзь страціць, а другія жадаючы ўбіцца ў ласку».Stryjkowski M. Kronika… Warszawa, 1846. T.2. S.418.
Пераадольваючы супраціў магнатаў, вялікі князь загадаў правесці павятовыя соймікі ў ВКЛ 10 траўня 1569 года, на якіх атрымаў згоду большасці шляхты на ажыццяўленне уніі. Ужо ў красавіку частка дэлегацыі на чале з Янам Хадкевічам вярнулася ў Люблін. 24 траўня 1569 года тая дэлегацыя ВКЛ прысягнула Жыгімонту Аўгусту як каралю Польшчы, аднак Падольскае, Брацлаўскае і Кіеўскае ваяводствы — амаль усю тэрыторыю сучаснай Украіны, у пачатку чэрвеня кароль асобнымі прывілеямі далучыў да Польскага каралеўства. Толькі Мазырскі павет папрасіўся назад у ВКЛ.
Пад такім ціскам манарха, канкурэнтаў і павятовай шляхты ў чэрвені рэшта дэлегацыі ВКЛ вярнулася ў Люблін. На момант абвяшчэння акту і падчас люблінскага сойму прысутнічала 17 прадстаўнікоў Паноў — Рады і 42 земскія паслы ВКЛ, з квоты ў 27 сенатараў і 50 паслоў вызначанай ВКЛ паводле акта уніі. Некалькі вышэйшых сенатараў з Пярэдняй лавы Паноў — Рады ВКЛ нягледзячы на пагрозы, адмаўляліся падпісваць акты уніі, не з’явіліся на Люблінскі сойм (віленскі ваявода М. Радзівіл Руды), або пачалі ўхіляцца з выканання службовых абавязкаў (Р. Хадкевіч). Аднак на час вырашальных абмяркаванняў і ратыфікацый кароль забяспечыў перавагу залежных ад сябе літоўскіх і рускіх паноў сярод прысутных у Любліне паслоў і сенатараў ВКЛ (Хадкевічы, Тышкевічы, Валовічы і іншыя). Так ці іначай прадстаўніцтва паветаў, высокароднага стану ВКЛ на паседжаннях атрымалася дастаткова поўным, а таму ў ліпені-жніўні 1569 года фактычна адбываўся першы вальны сойм Рэчы Паспалітай — абмяркоўваліся дэталі і кампетэнцыі бакоў у далейшых ўзаемных адносінах
Акт Люблінскай уніі быў аформлены як прывілей-дагавор, зацверджаны пастановай Люблінскага сойма 1 ліпеня 1569 года і замацаваны каралём 4-га ліпеня 1569. Тэкст акта падрыхтаваны ў двух экзэмплярах — адзін замацаваны пячаткамі польскіх паноў, другі — пячаткамі паноў ВКЛ, пасля чаго абодва бакі абмяняліся актамі. Гэткі парадак іх абмену, на думку яго арганізатараў, надаць ёй бачнасць добраахвотнай згоды бакоў. Вальны сойм 11 жніўня 1569 перападначаліў Інфлянты і герцагства Курляндыі і Семігаліі з выключнай уласнаснасці ВКЛ у сумеснае уладанне (кандамініўм) з Польскай каронай.
Змест Уніі У акце абвяшчалася, што «Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае ўяўляюць сабою ўжо адно непадзельнае і неаддзельнае цэлае, а таксама не асобную, а адну агульную рэспубліку, якая злучылася і злілася ў адзін народ з дзвюх дзяржаў і народаў».Зельверович Л. М. Литовская метрика. СПб., 1883. Т.1. С.55 — 76. Таксама адзначалася, што хоць застаўся агульны манарх, асобае ўзвядзенне на княжанне вялікага князя літоўскага павінна быць адменена, але тытул і пасады Вялікага Княства застаюцца. Уступаючы на сталец, новы кароль пад прысягаю пацвярджае ўсе правы і вольнасці падданых абедзвюх дзяржаў і народаў. Надалей павінны былі збірацца толькі агульныя соймы і адна Рада (Сенат). Цалкам захоўваліся правы і прывілеі, а таксама ўрады. Дагаворы і саюзы з іншымі краінамі мусілі заключацца толькі з агульнага ведама і згоды абодвух народаў. Манета павінна быць аднолькавая па вазе і раўнацэнная. Адмянялася пошліна на вываз за граніцу сельскагаспадарчых прадуктаў з маёнткаў духавенства і шляхты.
Гэты акт павінен быў выклікаць і змены ў заканадаўстве Вялікага Княства.
«Усе, якія б яны ні былі, статуты, па якой бы прычыне яны ні былі ўведзены ці ўхвалены ў Княстве Літоўскім супроць польскага народа і якія звязаны з набыццём ці ўладаннем пазямельнай маёмасцю, што дасталася паляку ў княстве якім бы ні было спосабам… усе гэтыя статуты, як супярэчныя наогул праву, справядлівасці, узаемнай братэрскай любові і Уніі, роўна як і агульнаму злучэнню, ніякай сілы мець не павінны».
Рэакцыя на Унію і структурныя змены ў ВКЛ Шляхта і сенатары ВКЛ ужо падчас заключэння і наступныя пару дзесяцігоддзяў узгадвалі «несправядлівасці ў працэсе ажыццяўлення уніі» і пад час унутрыпалітычных абвастрэнняў, нават пагражалі Польшчы вайной. Знешняй і ўнутранай палітыкай працягваў афіцыйна кіраваць агульны (пасля 1572 г.- выбараны) кароль. Канцылярыя Польскай Кароны ў Рэчы Паспалітай працягвала адказваць за знешне-палітычныя адносіны з Захадам, Вялікага Княства — з Усходам, але ў кожнай дыпламатычнай міссіі павінны былі быць прадстаўнікі абодвух партнераў.