Заалагічны музей Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — адзіны натуральна-гістарычны музей падобнага профілю ў Беларусі. Тут захаваліся дарэвалюцыйныя заалагічныя аб’екты, маюцца ўнікальныя экспанаты, сабраныя выпускнікамі біялагічнага факультэта і супрацоўнікамі музея ў розных экспедыцыях і паездках.

Гісторыя Заалагічны музей біялагічнага факультэта БДУ быў створаны ў 1921 г. па ініцыятыве загадчыка кафедры заалогіі прафесара А. У. Фядзюшына.

Калекцыя

У цяперашні час калекцыйны фонд музея з’яўляецца самым буйным у рэспубліцы зборам заалагічных аб’ектаў (чучал, кладак птушак, прэпаратаў, астэалагічных і іншых матэрыялаў як хрыбетнікаў, так і беспазваночных жывёл), агульным лікам больш за 102 тыс. адзінак захоўвання. Навуковыя калекцыі музея захоўваюцца ў спецыяльных сучасных памяшканнях агульнай плошчай 980 м². У складзе заалагічных калекцый знаходзіцца 260 відаў, занесеных у Чырвоныя кнігі краін СНД і свету.

За апошняе дзесяцігоддзе экспазіцыйны фонд папоўніўся такімі рэдкімі відамі, як чырвоны воўк, вандроўны альбатрос, страусы, , шымпанзэ, а таксама шматлікімі трапічнымі насякомымі і шэрагам іншых экспанатаў, якія ў натуральна-гістарычных музеях Беларусі адсутнічаюць. Акрамя таго, музей мае значную колькасць выкапняў даўно зніклых жывёл, напрыклад, фрагменты шкілета выкапнёвага слана (адзінай знаходкі ў Беларусі), выяўленыя ў 2006 г. пры будаўніцтве Мінскага метрапалітэна. Таксама тут сканцэнтраваны серыі новых для навукі відаў, захоўваюцца ўнікальныя заалагічныя экспанаты XIX—XX ст., а таксама ўнікальныя альбіносы і храмісты з ненатуральнай афарбоўкай покрываў. Асноўны фонд музея штогод папаўняецца новымі паступленнямі, сярэднегадавы тэмп росту складае 1100 адзінак захоўвання.

Папулярызатарская дзейнасць На працягу ўсяго перыяду існавання Заалагічны музей праводзіць вялікую працу па папулярызацыі ідэй аховы прыроды, функцыянуе як цэнтр асветы ў экалагічнай сферы. Музей карыстаецца папулярнасцю сярод насельніцтва — жыхароў горада і гасцей сталіцы. Штогод яго наведваюць каля 10 тыс. чалавек. Сярод наведвальнікаў не толькі навучэнцы і студэнты, але і навуковыя супрацоўнікі з шэрагу замежных краін.

Спасылкі Заалагічны музей БДУ. Агульная інфармацыя Буклет пра заамузей

Катэгорыя:З’явіліся ў 1921 годзе Катэгорыя:1921 год у Мінску Катэгорыя:Музеі БДУ Катэгорыя:Прыродазнаўчыя музеі Катэгорыя:Біялагічны факультэт БДУ