Вайна́ ў Харва́тыі (,  — Айчынная вайна; сакавік 1991 — лістапад 1995) — ваенны канфлікт на тэрыторыі былой Сацыялістычнай Рэспублікі Харватыя, выкліканы выхадам Харватыі са складу Югаславіі.

Пасля аб’яўлення Харватыяй незалежнасці сербскае насельніцтва Харватыі спрабавала стварыць сваю дзяржаву на яе тэрыторыі, каб не выходзіць са складу Югаславіі. Харватыяй гэта было расцэнена як спроба ўключэння тэрыторый Харватыі ў склад Сербіі . У 2007 годзе Міжнародным трыбуналам па былой Югаславіі (МТБЮ) было даказана, што лідар Рэспублікі Сербскай Краіны Мілан Марціч меў дамоўленасць са Слабаданам Мілошавічам аб далучэнні РСК да Саюзнай Рэспублікі Югаславія і стварэнні «адзінай сербскай дзяржавы». У 2011 годзе Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі вынес прысуд, згодна з якім харвацкія генералы Гатовіна і Маркач па загаду ваенна-палітычнага кіраўніцтва Харватыі ў ходзе вайны здзяйснялі ваенныя злачынствы супраць сербаў з мэтай іх выгнання і засялення гэтых тэрыторый харватамі, аднак у 2012 апеляцыйная камісія МТБЮ цалкам апраўдала абодвух генералаў.

Першапачаткова вайна вялася паміж сіламі Югаслаўскай народнай арміі, харвацкімі сербамі і харвацкай паліцыяй. Кіраўніцтва Югаславіі сіламі федэральнай арміі паспрабавала захаваць Харватыю ў складзе краіны. Пасля распаду краіны і спынення існавання ЮНА на тэрыторыі Харватыі было створана самаабвешчаная дзяржава сербаў — Рэспубліка Сербская Краіна. Затым пачалася барацьба паміж харвацкай арміяй і арміяй краінскіх сербаў. У 1992 годзе было падпісана пагадненне аб спыненні агню, і адбылося прызнанне Харватыі як суверэннай дзяржавы. У Харватыю былі ўведзеныя міратворчыя войскі ААН, у выніку чаго канфлікт прыняў вялацякучы, ачаговы характар. У 1995 годзе войска Харватыі правяло дзве буйныя наступальныя аперацыі, у выніку якіх значная частка тэрыторыі РСК перайшла пад харвацкі кантроль. Вайна скончылася падпісаннем Эрдуцкага і Дэйтанскага пагадненняў, паводле якіх Усходняя Славонія была ўключана ў склад Харватыі ў 1998 годзе. Канфлікт суправаджаўся ўзаемнымі этнічнымі чысткамі сербскага і харвацкага насельніцтва.

У выніку вайны Харватыя дамаглася незалежнасці і захавання сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці. У ходзе баявых дзеянняў многія гарады і вёскі моцна пацярпелі і былі разбураны. Шкода народнай гаспадарцы Харватыі ацэньваецца ў 37 млрд $. Агульная колькасць загінулых падчас вайны перавышае 20 000 чалавек. Вялікая колькасць харвацкіх бежанцаў была выгнана з тэрыторый, якія кантраляваліся сербамі ў 1991—1992 гадах. У той жа час, згодна з паведамленнямі Камісарыята па справах бежанцаў ААН, да 1993 толькі з тэрыторый пад кантролем Заграба была выгнана 251 000 сербаў. Іншы буйны паток сербскіх бежанцаў (каля 230 000 чалавек) быў зафіксаваны ў 1995 годзе пасля правядзення аперацыі «Бура». 115 000 сербскіх бежанцаў пасля вайны вярнулася ў Харватыю.

У Харватыі для абазначэння канфлікту выкарыстоўваецца тэрмін «Айчынная вайна» (), радзей выкарыстоўваецца тэрмін «Сербская агрэсія» (). У Сербіі часцей за ўсё гэты канфлікт называюць «Вайна ў Харватыі» () або «Вайна ў Краіне» ). У рускай гістарыяграфіі гэты канфлікт звычайна аб’ядноўваюць з Баснійскай вайной і выкарыстоўваюць тэрмін югаслаўскі крызіс.

Перадумовы

Гісторыя

Сербы на гістарычных харвацкіх землях кампактна пражывалі з пачатку XIV стагоддзя. Рэзкае павелічэнне колькасці сербаў на гэтых тэрыторыях было выклікана пасяленнем тут сербскіх бежанцаў з тэрыторый, занятых Асманскай імперыяй, і ўтварэннем аўстрыйскімі Габсбургамі Ваеннай мяжы. З 1918 года Харватыя ўваходзіла ў склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 года — Каралеўства Югаславія).

У перыяд Другой сусветнай вайны існавала Незалежная дзяржава Харватыя, якая супрацоўнічала з гітлераўскай Германіяй і ажыццяўляла генацыд сербаў. Аднак створаныя ў маі 1941 атрады сербскіх нацыяналістаў-чэтнікаў у шэрагу выпадкаў выступалі на баку Трэцяга рэйха і займаліся этнічнымі чысткамі баснійскіх мусульман і харватаў.

Падчас Другой сусветнай вайны па ініцыятыве Ціта ў лістападзе 1943 года адбылася другая сесія АВНВЮ, на якой было прынята рашэнне аб тым, што югаслаўская дзяржава будзе арганізавана на федэратыўнай аснове, на прынцыпах раўнапраўя і самавызначэння народаў, і ў 1945 годзе была абвешчаная Федэратыўная Народная Рэспубліка Югаславія (ФНРЮ), якая складалася з шасці рэспублік. Прынцыпы вызначэння меж паміж імі не былі выразнымі — у адных выпадках ужывалі гістарычны падыход, у іншых — этнічны. Найбольш складана праходзіла размежаванне паміж Харвацкай СР і СР Сербіяй, дзе мяжу вызначала камісія камуністаў з пяці чалавек на чале з Мілаванам Джыласам. Па выніках работы камісія ўстанавіла размежаванне, прычым Харватыі дасталіся некалькі сёл з большасцю сербскага насельніцтва, а Ваяводзіне — харвацкага. Згодна з Канстытуцыяй Харвацкай СР 1947, Харватыя з’яўлялася рэспублікай харвацкага і сербскага народаў.

Рост нацыяналізму ў Югаславіі У 1981 абвастрыліся супярэчнасці паміж косаўскімі албанцамі і сербамі ў Косаве. Таксама кіраўніцтва саюзных рэспублік Славеніі і Харватыі імкнулася да дэцэнтралізацыі і дэмакратычных пераўтварэнняў. У сваю чаргу, улады ў Бялградзе імкнуліся падавіць сепаратысцкія рухі ў краіне. У пачатку 1990-х гадоў сербскае кіраўніцтва на чале са Слабаданам Мілошавічам фактычна скасавала аўтаномію Косава.

Адначасова з патрабаваннямі дэцэнтралізацыі і атрымання больш шырокай аўтаноміі ў Славеніі і Харватыі адбываўся рост нацыяналізму. Пасля прыходу да ўлады ў Сербіі Мілошавіча югаслаўскае кіраўніцтва заявіла пра неабходнасць цэнтралізаванага кіравання з Бялграда. Супярэчнасці паміж саюзнымі рэспублікамі і федэральным цэнтрам нарасталі. Акрамя росту нацыяналізму ў Славеніі і Харватыі, сербскі нацыяналізм таксама станавіўся пагрозай адзінству югаслаўскай дзяржавы. У 1989 годзе адзін з лідараў сербскіх нацыяналістаў Воіслаў Шэшаль наведаў ЗША, дзе адзін з лідараў сербскіх чэтнікаў Мамчыла Джуіч прысвоіў яму званне «ваявода».

У сакавіку 1989 года крызіс у Югаславіі паглыбіўся. Сербскае кіраўніцтва дэ-факта ліквідавала аўтаноміі Ваяводзіны і Косава, а таксама, атрымаўшы падтрымку ад Чарнагорыі, змагло істотна ўплываць на прыняцце рашэнняў на федэральным узроўні. Гэта выклікала пратэсты з боку кіраўнікоў Славеніі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны. Пасля чаго сталі ўзнікаць заклікі да рэфармавання югаслаўскай федэрацыі з боку кіраўнікоў саюзных рэспублік .

Такім чынам, паступовы рост нацыяналізму ў Югаславіі на працягу 1980-х гадоў прывёў да агульнаюгаслаўскага крызісу і падзення камуністычнай сістэмы .

Крызіс у Югаславіі

200px|thumb|right|Франьё Туджман

Рост нацыяналізму ў югаслаўскім грамадстве распаўсюдзіўся і на Саюз камуністаў Югаславіі, многія яго члены выйшлі з партыі і сталі ідэолагамі стварэння правых палітычных партый. У 1989 годзе ў Югаславіі было дазволена стварэнне палітычных партый. Адной з першых была створана правая харвацкая партыя Харвацкая дэмакратычная садружнасць (). Лідар партыі Франьё Туджман здзейсніў некалькі міжнародных візітаў з мэтай заручыцца падтрымкай шматлікай харвацкай дыяспары за мяжой.

На XIV з’ездзе Саюза камуністаў Югаславіі 20 студзеня 1990 дэлегаты не змаглі дамовіцца па асноўных пытаннях. Дэлегаты з Славеніі і Харватыі запатрабавалі стварэння канфедэрацыі, сербскія ж прадстаўнікі выступалі супраць гэтага. У выніку славенскія і харвацкія члены партыі пакінулі з’езд, гэта прывяло да распаду партыі.

У лютым 1990 года ў Кніне Ёванам Рашкавічам была заснавана Сербская дэмакратычная партыя (). У праграме партыі гаварылася, што «тэрытарыяльны падзел Харватыі састарэў» і што «ён не адпавядае інтарэсам сербскага народа» . Праграма партыі супадала з меркаваннем афіцыйнага Бялграда аб пераглядзе меж унутры Югаславіі для таго, каб усе сербы жылі ў адной дзяржаве. 4 сакавіка 1990 г. на Пятровай гары прайшоў мітынг, на якім сабралася каля 50 000 сербаў. Удзельнікі мітынгу выказалі незадаволенасць палітыкай харвацкіх улад і Туджмана і заявілі аб падтрымцы Слабадана Мілошавіча.

Першыя шматпартыйныя выбары ў Югаславіі прайшлі ў канцы красавіка — пачатку мая. ХДС апублікавала праграму, накіраваную на ажыццяўленне суверэнітэту Харватыі шляхам аддзялення ад Югаславіі. У перадвыбарнай праграме партыя сцвярджала, што толькі яе палітыка зможа абараніць Харватыю ад імкнення сербскага кіраўніцтва на чале з Мілошавічам стварыць Вялікую Сербію. Па выніках выбараў ХДС атрымала падтрымку выбаршчыкаў, і партыя змагла прыступіць да фарміравання новага ўрада Харватыі. У Харватыі быў хутка ўсталяваны аўтарытарны нацыяналістычны рэжым Франья Туджмана. Палітычныя партыі і арганізацыі Харватыі заявілі аб дзяржаўна-палітычным укладзе рэспублікі на этнанацыяльнай аснове і абвясцілі курс на яе суверэнітэт. Ідэолагі харвацкага нацыяналізму, якіх шырока публікавалі харвацкія СМІ, імкнуліся абгрунтаваць гістарычныя правы харватаў на нацыянальна-этнічную самабытнасць і ўласную дзяржаўнасць. Ідэалогія «Братэрства і адзінства» паўднёваславянскіх народаў была заменена на канцэпцыю этнанацыянальнага адраджэння і стварэння самастойнай дзяржавы.

Напружанасць у міжнацыянальных адносінах у Харватыі асабліва ўзрасла пасля беспарадкаў і масавай бойкі балельшчыкаў на футбольным матчы паміж заграбскім «Дынама» і бялградскай «Црвенай Звездай» 13 мая 1990 года.

Дыскрымінацыя сербаў у Харватыі 30 мая новы парламент Харватыі правёў сваё першае пасяджэнне. Прэзідэнт Туджман заявіў аб пачатку мноства палітычных, эканамічных і сацыяльных рэформ. Таксама была прынята новая Канстытуцыя Харватыі, у якой статус сербаў быў зменены з «устаноўчай нацыі» на «нацыянальную меншасць». У новай Канстытуцыі гаварылася, што «Харватыя з’яўляецца дзяржавай харватаў і нацыянальных меншасцей, якія пражываюць у Харватыі». У афіцыйнай перапісцы і ў сродках масавай інфармацыі было забаронена кірылічнае пісьмо, таксама была выдадзена забарона харвацкім сербам мець уласныя радыё і ТБ. Са школьных праграм былі канфіскаваныя тэксты па сербскай гісторыі, выданні сербскіх пісьменнікаў і паэтаў. Сербаў у дзяржаўных установах прымушалі падпісваць «лісты лаяльнасці» новаму харвацкаму ўраду. Тых, хто адмаўляўся рабіць гэта, неадкладна звальнялі. Асабліва прыкметна гэта было ў сістэме МУС. Аказваўся ціск на прадстаўнікоў сербскай інтэлігенцыі.

Супраць прыняцця новай канстытуцыі адразу ж выступілі сербскія палітыкі. На думку сербаў, новая канстытуцыя не гарантавала бяспеку і ўшчамляла правы сербскага насельніцтва Харватыі. Да 1991 года сербы складалі 12 % насельніцтва Харватыі, аднак каля 17 % афіцыйных службовых асоб былі сербамі. Асабліва вялікая колькасць служачых сербаў была ў паліцыі. Пасля прыходу ХДС да ўлады пачалося выцясненне сербаў з органаў дзяржаўнага кіравання. Сербскія служачыя актыўна замяняліся харватамі. Рабілася гэта па этнічнай прыкмеце і без уліку палітычных поглядаў тых, каго звальнялі. Напрыклад, 17 кастрычніка 1990 г. кіраўнік харвацкага ўрада Ёсіп Маноліч звольніў усіх сербаў, якія працавалі ва ўрадзе і яго апараце. Тады ж пачаліся шматлікія напады харвацкіх экстрэмістаў на Сербскую праваслаўную царкву. Былі адзначаны выпадкі збіцця святароў, правакацый ля цэркваў падчас набажэнстваў, мініравання храмаў і апаганьвання магіл.

Неаднаразова правакацыйныя заявы рабілі і харвацкія палітыкі. У прыватнасці, прэзідэнт Туджман заявіў, што Незалежная дзяржава Харватыя часоў Другой сусветнай вайны была не толькі калабарацыйным утварэннем, але і выказвала тысячагадовыя імкнення харвацкага народа. Стыпе Месіч, у сваю чаргу, заявіў, што адзіная сербская зямля ў Харватыі тая, якую сербы прынеслі з сабой на падэшвах чаравікаў.

Грамадзянскія пратэсты

thumb|right|280px|Тэрыторыя былой СФРЮ падчас Югаслаўскай вайны