Кубак Лікурга — адзіная захаваная з часоў антычнасці дыятрэта з фігурным узорам. Уяўляе сабой шкляную пасудзіну 165 мм у вышыню і 132 мм у дыяметры, меркавана александрыйскай працы IV стагоддзя н.э. Экспануецца ў Брытанскім музеі.
Унікальнасць кубка складаецца ў здольнасці змяняць колер з зялёнага на чырвоны ў залежнасці ад асвятлення. Гэты эфект тлумачыцца наяўнасцю ў шкле найдрабнейшых часціц калоіднага золата і срэбра (прыблізна 70 нанаметраў) у суадносінах трох да сямі. Вобад з пазалочанай бронзы і ножка пасудзіны ўяўляюць сабой пазнейшыя прыўнясенні эпохі ранняга ампіру.
На сценках кубка адлюстравана гібель фракійскага цара Лікурга, якога за абразу бога віна Дыяніса аблыталі і задушылі вінаградныя лозы. Існуе гіпотэза, што кубак быў створаны ў гонар перамогі Канстанціна над Ліцыніем і перадаваўся з рук у рукі вакхантамі пры дыянісійскіх узліваннях. Ва ўсякім разе, яго незвычайная расфарбоўка магла сімвалізаваць паспяванне вінаграда.
Лёс пасудзіны прасочваецца з 1845 года, калі яго набылі банкіры Ротшыльды. Шырокая публіка ўпершыню пабачыла кубак на выстаўцы ў музеі Вікторыі і Альберта у 1862 годзе. У 1958 годзе барон Ротшыльд прадаў кубак за 20 тысяч фунтаў Брытанскаму музею.
Гл. таксама Портлендская ваза
Літаратура Harden D.B. and Toynbee J.M.C., The Rothschild Lycurgus Cup, 1959, Archaeologia, Vol. 97, Scott, G. A Study of the Lycurgus Cup, 1995, Journal of Glass Studies (Corning), 37 Tait, Hugh (editor), Five Thousand Years of Glass, 1991, British Museum Press
Катэгорыя:Шкло Катэгорыя:Творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Катэгорыя:Мастацтва Старажытнага Рыма Катэгорыя:Брытанскі музей