Станіслаў Манюшка (; да ) — беларускі , , стваральнік польскай нацыянальнай оперы, меў дачыненне да станаўлення беларускай музычнай культуры.

Біяграфія З роду Манюшак герба «Крыўда». Бацька — Чэслаў Вінцэнт Эліяш Алексі Манюшка (1790—1870), нарадзіўся ў Смілавічах, скончыў ваенную кар’еру ў шэрагах літоўскіх конных стралкоў як ад’ютант пры штабе маршала Мюрата і вярнуўся ў радавы маёнтак пасля рускай кампаніі Напалеона. Маці — Лізавета Маджарская, армянка, праўнучка Яна Маджарскага (Аванэса Маджарэнца), стваральніка вытворчасць слуцкіх паясоў.

Станіслаў Манюшка нарадзіўся ў фальварку Убель, за 10 вёрст ад Смілавічаў, ахрышчаны адной вадой 5 (17) мая 1819 года ў Смілавіцкім рымска-каталіцкім касцёле. Дата нараджэння дакладна не вядома.

Пачатковую музычную адукацыю атрымаў у Дамініка Стэфановіча ў Мінску. Калі ў 1827 годзе сям’я перасялілася ў Варшаву, Станіслаў пачаў навучацца музыцы. Праз тры гады сям’я перабралася ў Мінск, дзе Станіслаў працягваў музычную адукацыю. Вучыўся ў Мінскай губернскай гімназіі. У 1837 годзе выехаў у Берлін, дзе працягваў удасканальвацца як музыкант.

З 1840 годзе Манюшка пасяліўся ў Вільні, тут працаваў як арганіст, кампазітар, педагог і арганізатар музычнага жыцця горада. У яго браў урокі музыкі будучы мастак Вікенцій Леапольд Сляндзінскі. У 1858 годзе Станіслаў Манюшка перасяліўся ў Варшаву, у 1858—1872 гадах — дырыжор і дырэктар опернага тэатру, прафесар Музычнага інстытуту ў Варшаве. У творчасці выкарыстоўваў беларускі фальклор.

Папулярнасць кампазітар атрымаў у 1848 годзе, дзякуючы оперы «Галька». Яшчэ адна шырока вядомая опера — «Страшны двор» была напісана ў 1865 годзе. Наогул Манюшка стварыў 20 опер і аперэт, тры балеты, пяць мес, два рэквіемы і болей за 300 песень, у тым ліку і «Паходную песню літвінаў» на словы паэта У. Сыракомлі.

Станіслаў Манюшка напісаў музыку да «Сялянкі» В. Дуніна-Марцінкевіча, і ў сувязі з гэтай падзеяй прысутнічае ва ўсіх беларускіх даследаваннях, прысвечаных літаратуры, тэатру і музыцы сярэдзіны XIX ст. Шырокай вядомасці «Сялянка» яму, аднак, не прынесла, музыка да яе захавалася толькі часткова.

Кампазітар пастаянна падтрымліваў сувязі з беларускімі музыкантамі, пісаў пра іх, садзейнічаў выданню іх твораў (даслаў творы Фларыяна Міладоўскага Ферэнцу Лісту), памагаў атрымаць музычную адукацыю, наладжваў канцэрты, дасылаў у Мінск Дамініку Стафановічу і Фларыяну Міладоўскаму свае творы.

Творчасць Стварэнне першых вадэвіляў, музычных камедый і камічных опер звязана з Беларуссю. У 1834 годзе мінскімі аматарамі пастаўлены «Канторскія служачыя», у 1841 годзе ў Гродне і ў 1843 годзе ў Мінску — «Латарэя». На лібрэта В. Дуніна-Марцінкевіча напісаны «Рэкруцкі набор» (з К. Кжыжаноўскім; паст. 1841, Мінск), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», «Ідылія» («Сялянка», з К. Кжыжаноўскім; паст. 1852, Мінск). «Сялянка», дзякуючы выкарыстанню ў лібрэта беларускай мовы (разам з польскай) і апоры на беларускі музычны фальклор, мела вялікае значэнне для беларускай музычнай культуры.

Са сталых опер найбольш папулярная «Галька» (1847, паст. 1854, 2-я рэд. 1859), якая адлюстроўвае сацыяльныя канфлікты і мае дэмакратычную накіраванасць. Сярод іншых твораў: оперы «Графіня» (1860), «Вербум нобіле» («Слова гонару», 1861), «Страшны двор» (1865), «Парыя» (1869); балеты «Монтэ-Крыста» (1866), «На пастоі» (1868), «Хітрыкі сатаны» (1870); кантаты «Мільда» (1848), «Ніёла» (1865), «Крымскія санеты» на словы А. Міцкевіча (1868); месы, 4 «Вострабрамскія літаніі», рэквіем; аркестравыя уверцюры і танцы; 2 струнных квартэты; творы для фартэпіяна, у т.л. цыкл «Забаўкі» (1843), транскрыпцыі паланэзаў М. К. Агінскага; больш за 400 сольных песень (увайшлі ў 12 «Хатніх спеўнікаў», 12 песень на вершы Я. Чачота), музыка да драматычных спектакляў і інш.

Творам Станіслава Манюшкі ўласцівы яскравая меладычнасць, лірызм, даступнасць музычнай мовы, операм і аперэтам — майстэрства стварэння індывідуальных характарыстык і будовы масавых, ансамблевых і сольных сцэн. Вытокі яго музычнай мовы ў польскім і беларускім фальклоры (многія з яго арыгінальных мелодый лічацца народнымі).

Сям’я У шлюбе з Аляксандрай з Мілераў (Мюлераў), дачкой Ксаверыя Мюлера. Аляксандра Мюлер нарадзілася 13 сакавіка 1818 года і памерла ў 1891 г. у Варшаве.

У артыкуле Polski Słownik Biograficzny пра Станіслава Мюлера, роднага брата Ксаверыя, сцвярджаецца, што ягоным бацькам быў Ян-Фрыдрых Мюлер (Мілер; пам. у 1801), львоўскі купец, а пазней віленскі бургамістр. Ротмістр расійскага войска Ксаверый Мюлер 19 лістапада 1812 г. у касцёле Св. Яна ў Вільні пабраўся шлюбам з Марыяй з Закрэўскіх, сястрой Альжбэты, якая выйшла за ягонага брата Станіслава. У гэтым шлюбе нарадзілася некалькі дзяцей: 17 верасня 1813 г. ахрышчаны першынец — Ян-Станіслаў-Ксаверый-Ігнат 19; 25 студзеня 1815 г. ахрышчаны сын Аляксандр, 21 чэрвеня 1818 ахрышчана дачка Аляксандра, 19 верасня 1821 — Марыя, якая нарадзілася 30 жніўня.

Бацька Ксаверыя, Ян Мюлер, ажаніўся ў Варшаве з Альжбэтай з Краўзаў (пам. да 1811), ад якой меў некалькі сыноў: Францішка-Ксаверыя (12 снежня 1781 — ?), Станіслава (17 ліпеня 1787 — 15 чэрвеня 1847), Юзафа-Антона (14 сакавіка 1790 — ?), Казіміра (15 лютага 1798 — ?)Зміцер Юркевіч. Дакументальныя крыніцы да радаводу Станіслава Манюшкі.

Маці Аляксандры, Марыя з Закрэўскіх, памерла ў 1874 годзе і пахавана побач са Станіславам Манюшкам, у родавым пахаванні ў Варшаве, на Паванзкоўскіх могілках. Надпіс на магільнай пліце сцвярджае, што ёй было 75 год, але ў метрыцы смерці паведамляецца, што мела яна на той момант 77 год. Яе бацькамі былі Станіслаў Закрэўскі і Марыя з Вернераў. Па ўсей верагоднасці, яе бацькі былі ў другой палове XVIII ст. тэатральнымі акцёрамі з варшаўскай трупы Лявона Перажынскага, бо менавіта такая пара акцёраў згадана ў Нясвіжы. У 1783 годзе трупа была запрошана князем Каралем-Станіславам Радзівілам у Нясвіж. Але праз год Радзівіл разарваў кантракт з Перажынскім. Пры гэтым затрымаў Станіслава Закрэўскага і Марыю Вернероўну, прапанаваўшы ім узяцца за навучанне таямніцам тэатральнага рамяства дзяцей мяшчан і сялян. Вядома, дарэчы, што ў 1783—1785 гг. рэпертуар нясвіжскага тэатра не саступаў варшаўскаму. Пазней Станіслаў змяніў тэатральнае рамяство на вайсковы мундзір, бо ў метрыках шлюбу сваіх дачок ён выступае як афіцэр былых польскіх войск. Ён у войску ВКЛ, быў паручнікам 8-га пяхотнага палка імя Радзівілаў, створанага ў 1789 г. У 1794 г. падтрымаў паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. У 1812 годзе капітан Станіслаў Закрэўскі займаўся стварэннем віленскай гвардыі.

Памяць

5 мая 1969 года ў Азёрным Чэрвеньскага раёна адкрыты Музей Станіслава Манюшкі. 3 верасня 2016 года ў цэнтры Мінска адкрыты помнік Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-МарцінкевічуУ цэнтры Менску адкрылі помнік Манюшку і Дуніну-Марцінкевічу. У 2017 годзе ў Смілавічах адкрылася «Музыкальная гасцёўня Станіслава Манюшкі». Сенат Польшчы абвясціў 2019 год годам Манюшкі — у гонар 200-годдзя з дня нараджэння кампазітара. З 5 студзеня 2019 года Цэнтральнаму чыгуначнаму вакзалу ў Варшаве нададзена імя Станіслава Манюшкіrdc.pl . У траўні 2019 года ў мінскім кафедральным касцёле Імя Найсвяцейшай Імя Дзевы Марыі ўсталявалі мемарыяльную шыльду ў гонар Станіслава Манюшкі. Скульптар Валяр’ян ЯнушкевічУ менскім катэдральным касьцёле ўсталявалі мэмарыяльную дошку ў гонар Станіслава Манюшкі // сайт «Радыё Свабода», 31 траўня 2019. 27 снежня 2019 года Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выпусціў манету «Станіслаў Манюшка. 200 год». На доме ў Мінску, дзе прайшлі дзіцячыя гады Манюшкі, усталявана мемарыяльная дошка. Апроч таго, у гонар кампазітар названа адна з вуліц у Мінску. Рэспубліканскі адкрыты конкурс вакалістаў імя Станіслава Манюшкі (Мінск) у сакавіку-красавіку штогод. Імем Станіслава Манюшкі названы прыпыначны пункт пры аднайменнай вуліцы ў Мінску (2025).

Крыніцы

Літаратура

Бравер Л. Продкі і сваякі Манюшкі // Маладосць. 1967. № 9. Фукс М. Манюшка на Беларусі: Пер. с пол. // Полымя. 1967. № 6. Мальдзіс А. Станіслаў Манюшка // Падарожжа ў XIX ст. / А. Мальдзіс. — Мн., 1969. Капілаў А., Нісневіч С. Манюшка // БЭ ў 18 т. — Т. 10. — Мн., 2000.

Спасылкі

Манюшка (Moniuszko) Станіслаў

Катэгорыя:Выпускнікі Мінскай губернскай гімназіі Катэгорыя:Заснавальнікі нацыянальнага опернага мастацтва Станіслаў

Катэгорыя:Асобы на манетах