Свята-Аляксандра-Неўская царква — праваслаўны храм у вёсцы Сталовічы, Баранавіцкі раён, помнік архітэктуры віленскага барока.
Гісторыя Мястэчка Сталовічы ў XVII—XVIII стст. з’яўлялася цэнтрам рыцарскага Мальтыйскага ордэна на Беларусі. У 1610 г. князь Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка заснаваў тут Сталовіцкую камандорыю Мальтыйскага ордэна. Сын яго Жыгімонт Кароль Радзівіл у Сталовічах пабудаваў драўляны касцёл Св. Дзевы Марыі і Яна Хрысціцеля, а затым у 1639 г. — мураваную Ларэтанскую капліцу. У 1740 годзе паводле праекта архітэктара І. Фантана III пачалося будаўніцтва мураванага касцёла, у агульны аб’ём якога капліца ўключана як прэсбітэрый. У 1743 годзе архітэктар І. К. Глаўбіц дапрацаваў праект і закончыў будаўніцтва касцёла. Касцёл пачаў дзейнічаць у 1746 годзе.
У 1863 годзе касцёл перабудаваны ў праваслаўную Успенскую царкву. Першае апісанне драўлянай Свята-Успенскай царквы ў вёсцы Сталовічы змешчана ў дакументах Візітаў уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг., што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.
Згодна з апісаннем 1864 года ў мястэчку Сталовічы (Стваловічы) мелася Свята-Успенская, чацвёртага класа драўляная царква. У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года ў мястэчку Сталовічы згадваецца ўжо Свята-Аляксандра-Неўская царква, перабудаваная ў 1868 годзе з каталіцкага касцёла. На пераабсталяванне было выдаткавана 9000 рублёў аднак праца яшчэ не была завершана. На будынку былі ўсталяваны пяць глухіх цыбулепадобных купалоў і званіца ў франтоннай частцы. Дах і купалы былі бляшанымі, крыжы пазалочаны. Царква мела тры алтары: галоўны ў імя святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага, другі прыдзельны ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы, трэці, таксама прыдзельны, на той час яшчэ не быў асвечаны. Усе тры іканастасы былі пафарбаваны ў белы колер з залачонымі карнізамі, рамамі і разьбой. Галоўны іканастас складаўся з 22 абразоў, размешчаных у 4 рады, а прыдзельныя іканастасы налічвалі па 11 абразоў, размешчаных у 2 рады. На звоніцы было сем званоў. Прыпісных і могілкавых цэркваў у прыходзе не было.
Настаяцелем храма быў протаіерэй Іосіф Турцэвіч, рукапаложаны ў 1843 годзе (служыў у царкве да 1893 года). Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства і штатнае народнае вучылішча. thumb|злева|Свята-Аляксандра-Неўская царква ў 1899 годзе У Памятных кніжках Мінскай губерніі захаваліся імёны яшчэ некаторых святароў Свята-Аляксандра-Неўскай царквы вёскі Сталовічы: Мікалай Каранцэвіч (1894), Міхаіл Квачэўскі (1898—1913), Рыгор Ждановіч (1914) (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Мінскай губерніі).
У склад прыходу ўваходзілі вёскі Сталовічы, Палянічыцы, Дамашэвічы, Драгабыль, Цюкантавічы, Заполле, Навікі, Гацішчы, Тодараўцы, Навасёлкі, Арабаўшчына, Калдычэва, Мядзеневічы, Міхнаўшчына, Завоссе, Войкавічы, Мелехавічы, Уласы, Торчыцы, Судары, Загор’е.
Архітэктура thumb|Галоўны фасад храма Царква ўяўляе сабой трохнефную базіліку з больш нізкімі прэсбітэрыем і сакрысціямі. Галоўны фасад складанай прасторава-аб’ёмнай кампазіцыі з 2 вежамі па баках падзелены раскрапаванымі антаблементамі на тры ярусы. Яго асноўны дэкаратыўны матыў — слаістыя пілястры. Уваход падкрэслены чатырма паўкалонамі. Бакавыя фасады раскрапаваны пілястрамі. Высокія аконныя праёмы з паўцыркульнымі завяршэннямі аздоблены ляпнымі абрамленнямі. Пасля прыстасавання пад царкву сілуэт будынка ўзбагаціла 5-купалле і званіца ў франтоннай частцы, пры гэтым бакавыя вежы былі зняты. thumb|злева|Інтэр’ер храма
Інтэр’ер Інтэр’ер падзелены двума радамі слупоў на тры нефы. Цэнтральны перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі на папружных арках, завершаны трох’ярусным алтаром і злучаны з Ларэтанскай капліцай. Бакавыя нефы перакрыты крыжовымі скляпеннямі, завершаны двух’яруснымі алтарамі. Пры ўваходзе ў царкву невялікі тамбур. Хоры падтрымліваюць дзве калоны. Дэкаратыўнае аздабленне інтэр'ера (архітэктар І. К. Глаўбіц) выканана ў тэхніцы стука. Першы ярус галоўнага алтара аформлены спаранымі калонамі карынфскага ордара і развітым антаблементам, у другім ярусе вертыкальны рытм калон паўтараюць пілястры з раскрапаванымі карнізамі, трэці ярус завяршае кампазіцыю алтара глорыяй. У цэнтры алтара над дзвярамі барочны картуш з рэльефнай выявай адсечанай галавы Іаана Хрысціцеля. Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.
Святыні Загор’е-Сталовіцкая ікона Пакрова Прасвятой Багародзіцы
Літаратура «Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг.» / Укладальнік Д. В. Лісейчыкаў. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2009. — 270 с., стар. 125—126.
— С. 219—220. — С. 647.
Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202—213. Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879. Памятныя кніжкі Мінскай губерніі на 1889, 1891, 1893, 1895, 1898, 1902, 1905, 1907, 1908, 1910, 1912, 1913, 1915 гады.
Спасылкі
Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Баранавіцкага раёна Катэгорыя:З’явіліся ў 1743 годзе Катэгорыя:Колішнія касцёлы Брэсцкай вобласці Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі віленскага барока Катэгорыя:Сталовічы Катэгорыя:Мальтыйскі ордэн Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Іагана Глаўбіца Катэгорыя:1743 год у Беларусі Катэгорыя:Храмы Пінскай і Лунінецкай епархіі