Шон Мёрфі (; нар. , Харлаў, Англія) — англійскі прафесійны гулец у снукер. Чэмпіён свету 2005 года. З’яўляецца адным з дзесяці снукерыстаў у гісторыі, якія выйгралі ўсе тры турніры трайной снукернай кароны — чэмпіянат Вялікабрытаніі (2008), Мастэрс (2015) і чэмпіянат свету (2005). Пераможца сямі рэйтынгавых турніраў (уваходзіць у топ-15 снукерыстаў у гісторыі па колькасці перамог рэйтынгавага ўзроўню). З сезона 2006/2007 нязменна ўваходзіць у топ-16 сусветнага рэйтынгу.

Стаў прафесіяналам у 1998 годзе ва ўзросце 16 гадоў. У 2000 годзе стаў пераможцам кваліфікацыі да Мастэрс 2001 года, які стаў яго першым прафесійным турнірам. У 2002 годзе ўпершыню патрапіў на чэмпіянат свету і, такім чынам, дэбютаваў на рэйтынгавым узроўні. У 2005 годзе стаў трэцім снукерыстам у гісторыі, які выйграў чэмпіянат свету, прабіўшыся на яго з кваліфікацыі (пасля Алекса Хігінса і Тэры Грыфітса), а таксама другім самым маладым чэмпіянам свету (пасля Стывена Хендры). У сезоне 2006/2007 увайшоў у топ-16, дзе трымаецца па сённяшні дзень, а таксама выйграў рэйтынгавы кубак Мальты. З сезона 2007/2008 па сезон 2009/2010 нязменна займаў сваю найвышэйшую пазіцыю ў афіцыйным рэйтынгу — трэцюю, а таксама стаў пераможцам чэмпіянату Вялікабрытаніі 2008 года і прэм’ер-лігі 2009 года і ў другі раз выйшаў у фінал чэмпіянату свету ў 2009 годзе, дзе саступіў Джону Хігінсу. У 2011 годзе выйграў чацвёрты рэйтынгавы тытул — гранд-фінал PTC, а ў 2012 — дайшоў да фіналу Мастэрс. У 2014 годзе здабыў перамогу на World Open, які стаў яго пятай рэйтынгавай перамогай, выйграў тры нізкарэйтынгавыя турніры і стаў першым снукерыстам у гісторыі, які выканаў тры максімальныя серыі за адзін каляндарны год, а ў 2015 годзе ўпершыню перамог на найбуйнейшым запрашальным снукерным спаборніцтве, Мастэрс, і ў трэці раз у кар’еры выйшаў у фінал чэмпіянату свету, дзе прайграў Сцюарту Бінэму. У 2016 годзе стаў пераможцам Сусветнага гран-пры пасля чаго ўпершыню з 2010 года зноў падняўся на трэцяе месца ў рэйтынгу, а ў 2017 годзе здабыў сёмы рэйтынгавы тытул на адкрытым чэмпіянаце Гібралтара.

Апроч сямі рэйтынгавых турніраў, за сваю кар’еру выйграў 4 нізкарэйтынгавыя і 6 прафесійных запрашальных турніраў, у тым ліку тытул Прэм’ер-лігі ў 2009 годзе і Champion of Champions у 2017 годзе. За сваю кар’еру выканаў больш за 400 соценных брэйкаў, уваходзячы ў топ-10 снукерыстаў з найбольшай колькасцю сэнчуры ў гісторыі снукера, і зарабіў больш за тры мільёны фунтаў стэрлінгаў, уваходзячы ў топ-15 снукерыстаў у гісторыі па гэтым паказчыку. Акрамя таго, выканаў пяць максімальных серый у 147 ачкоў (пятае месца ў гісторыі пасля Роні О’Салівана, Стывена Хендры, Джона Хігінса і Дзіна Цзюньхуэя).

Снукерная кар’ера

Мёрфі пачаў гуляць у снукер ва ўзросце 8 гадоў, калі бацька падарыў яму більярдны стол на Каляды. Ён зрабіў свой першы соценны брэйк ва ўзросце 10 гадоў і трэніраваўся ў снукерным цэнтры Рашдэна, дзе таксама трэніраваліся Стывен Хендры, Марк Уільямс і Кен Доэрці. У 13 гадоў ён атрымаў спонсарскі кантракт ад абутковай кампаніі Dr.Martens на £5,000 у год. Шон стаў прафесіяналам у 1998 годзе ва ўзросце 15 гадоў.

Да сезону 2006/2007 трэнерам Мёрфі быў Стыў Прэст. Акрамя таго, яму дапамагалі Вілі Торн і Рэй Рыярдан.

Раннія гады

Мёрфі пачаў сваю кар’еру ў 1998 годзе з серыі «UK Tour» (з 2000 года — чэлендж-тур), у той час другі па класе прафесійны тур. Ён быў фіналістам на чацвёртым турніры UK Tour у сезоне 1997/1998, а на працягу сезона 2000/2001 выйграў трэці і чацвёрты турніры і ўзначаліў рэйтынг тура. У 2000 годзе Шон быў прызнаны пачаткоўцам года, а таксама стаў адным з шасці лепшых маладых гульцоў па версіі Сусветнай асацыяцыі прафесійнага більярда і снукера (WPBSA). У тым жа годзе ён выйграў Адкрыты чэмпіянат Англіі.

Мёрфі выйграў свой першы прафесійны турнір — Benson & Hedges Championship (кваліфікацыйны да турніру Мастэрс) у 2000 годзе, перамогшы ў паўфінале Марка Дэвіса 6:1 і Сцюарта Бінэма ў фінальным матчы 9:7 (прайграючы па ходу матчу 2:5). Нягледзячы на тое, што Шон яшчэ не быў гульцом мэйн-тура, ён здолеў патрапіць на Мастэрс — самы прэстыжны запрашальны нярэйтынгавы турнір, у якім удзельнічаюць гульцы «топ-16», пераможца кваліфікацыйнага турніру, а таксама абмежаваная колькасць уладальнікаў вайлдкардаў. У 2001 годзе на Мастэрс, у сваім першым тэлевізійным матчы, Шон Мёрфі атрымаў перамогу над нумарам 15 сусветнага рэйтынгу Марка Фу з лікам 6:1. У матчы супраць сяміразовага чэмпіёна свету Стывена Хендры Мёрфі лідыраваў 4:1, але ў выніку прайграў. На турніры Benson & Hedges Championship у 2001 годзе ён зрабіў свой першы і пакуль адзіны максімальны брэйк.

Першыя рэйтынгавыя вынікі

Упершыню Мёрфі дасягнуў асноўнай сеткі рэйтынгавага турніру на чэмпіянаце свету ў 2002 годзе, дзе ў першым крузе ён прайграў Стывену Хендры з лікам 4:10. У сезоне 2002/2003 ён выйшаў у асноўную стадыю адкрытага чэмпіянату Шатландыі, дзе ў першым жа раўндзе прайграў Дру Генры 3:5, а таксама зноў прабіўся на чэмпіянат свету, дзе ў першым матчы супраць Кена Доэрці прайграў на апошнім чорным шары (9:10).

У рэйтынгу на сезон 2003/2004 Мёрфі заняў 64 радок, а таксама кваліфікаваўся на тры рэйтынгавых турніры. У кубку LG Мёрфі ў другім крузе перайграў шасціразовага чэмпіёна свету Стыва Дэвіса 5:4, але ў трэцім саступіў Джону Хігінсу 2:5. Пасля перамогі над Дэвісам Мёрфі сказаў: «Гэта адзін з самых вялікіх дзён маёй снукерных кар’еры». На адкрытым чэмпіянаце Брытаніі ён абыграў Дэйва Харальда ў першым раўндзе з лікам 5:1, але ў другім саступіў Полу Хантэру 2:5. На Players Championship (новая назва адкрытага чэмпіянату Шатландыі) ён прайграў будучаму пераможцу Джымі Уайту ў другім крузе 3:5. Акрамя таго, Мёрфі не змог прабіцца ў асноўную стадыю чэмпіянату свету, прайграўшы ў кваліфікацыі Сцюарту Пэтману 7:10 у матчы, у якім Пэтман быў аштрафаваны на адзін фрэйм за спазненне.

У рэйтынгу на сезон 2004/2005 Мёрфі заняў 48 месца, а таксама кваліфікаваўся на чатыры рэйтынгавых турніры, у тым ліку і на чэмпіянат свету. На Гран-пры (новая назва Кубка LG) ён у першым раўндзе саступіў Стывену Магуайру 2:5. На адкрытым чэмпіянаце Брытаніі Мёрфі выйшаў у свой першы паўфінал рэйтынгавага турніру, адолеўшы па дарозе Яна МакКалаха (5:2), Пола Хантэра (5:3), Майкла Холта (5:3) і Бары Хокінса (5:3). Але ў паўфінале ўсухую прайграў пятаму нумару сусветнага рэйтынгу Джону Хігінсу (0:6). На кубку Мальты ён у першым крузе прайграў Мэцью Стывенсу з лікам 2:5. У кваліфікацыі на чэмпіянат свету Мёрфі выйграў Маркуса Кэмпбэла 10:3 і Джо Свэйла 10:8.

Чэмпіянат свету 2005

У першым раўндзе чэмпіянату Мёрфі выйграў матч супраць 12 нумара сусветнага рэйтынгу Крыса Смола 10:5. Далей Шон выйграў трох былых чэмпіёнаў свету: Джона Хігінса (13:8) , Стыва Дэвіса (13:4) і ў паўфінальным паядынку Пітэра Эбдана (17:12). У фінале супраць Мёрфі гуляў шосты нумар сусветнага рэйтынгу Мэцью Стывенс, які перамог па шляху Джымі Уайта (шасціразовы фіналіст чэмпіянату свету) і Стывена Хендры (які займаў трэці радок у сусветным рэйтынгу). Да канца першага дня гульні (фіналы чэмпіянатаў свету гуляюцца на працягу двух дзён) Мёрфі саступаў у ліку 6:10, але здолеў здзейсніць камбэк і зраўняць лік 16:16. Яшчэ два выйграных фрэйма прынеслі Шону тытул чэмпіёна свету. Акрамя таго, Мёрфі зрабіў найбольшую колькасць соценных брэйкаў на турніры — 11.

Апошні фрэйм фінальнага матча чэмпіянату свету 2005 (Шон Мёрфі — Мэцью Стывенс)

Яго перамога стала вялікай сенсацыяй. Да турніру яго шанцы на перамогу ацэньваліся 150 да 1. Ён стаў трэцім гульцом у гісторыі снукера (пасля Алекса Хігінса ў 1972 годзеУ 1972 годзе ў кваліфікацыі да чэмпіянату свету гулялі васьмёра снукерыстаў, з якіх двое праходзілі ў асноўную стадыю, дзе далучаліся да васьмі іншых. Улічваючы, што статыстыку чэмпіянатаў часта лічаць з 1977 года, калі спаборніцтва стала праходзіць у тэатры Крусібл, паводле многіх крыніц Шон Мёрфі стаў другім гульцом, які перамог на чэмпіянаце свету, прайшоўшы праз кваліфікацыю. і Тэры Грыфітса ў 1979 годзе), які прайшоўшы кваліфікацыю выйграў чэмпіянат. Ва ўзросце 22 гадоў Мёрфі стаў другім самым маладым гульцом, які выйграў чэмпіянат свету (пасля Стывена Хендры, які выйграў свой першы тытул у 21 год). Акрамя Шона ні адзін гулец не выйграў такой колькасці матчаў (сем) на шляху да тытула. Акрамя гэтага, Мёрфі стаў самым нізкарэйтынгавым чэмпіёнам свету (48 месца). Ні адзін гулец не выйграваў чэмпіянат свету ў якасці першай рэйтынгавай перамогі з 1986 года, калі чэмпіёнам стаў Джо Джонсан. На прызавыя £250,000 Шон набыў новы дом і аўтамабіль маркі Mercedes-Benz. Пасля перамогі, у ліпені 2005 года, ён ажаніўся са сваёй нявестай Клэр.

2005/2006

На сезон Мёрфі атрымаў 21 месца ў рэйтынгу, якое, як правіла, яшчэ не гарантуе трапленне на рэйтынгавыя турніры без кваліфікацыі. Тым не менш, як чэмпіён свету, ён аўтаматычна быў пасеяны на кожны рэйтынгавы турнір сезона пад другім нумарам (і пад першым нумарам на чэмпіянат свету 2006 года). Ён таксама быў запрошаны гуляць у прэм’ер-лізе, нярэйтынгавым турніры з фарматам 25 секунд на кожны ўдар, але ён вылецеў на групавой стадыі.

На нярэйтынгавым турніры Nothern Ireland Trophy у чвэрцьфінале Мёрфі быў пераможаны Нілам Робертсанам 4:5. На першых трох рэйтынгавых турнірах — Гран-пры, чэмпіянаце Вялікабрытаніі і кубку Мальты — Шон не мог выйсці з стадыі 1/8 фіналу, прайграючы выключна вырашальныя фрэймы Сцюарту Бінэму (4:5), Нілу Робертсану (9:10) і Грэму Доту (4:5) адпаведна. На Pot Black, нярэйтынгавым накаўт-турніры з аднафрэймавымі матчамі, Мёрфі выйграў Джымі Уайта і Джона Хігінса, але ў фінале саступіў свайму суперніку па фінале чэмпіянату свету Мэцью Стывенсу. Пры гэтым, Мёрфі зрабіў адзіны соценны брэйк на турніры — 111 ачкоў. У снежні 2005 года Шон Мёрфі атрымаў узнагароду «спартсмен года» ад BBC East Midlands.

На Мастэрс Мёрфі выйграў у першым крузе ў Кена Доэрці 6:5, але ў чвэрцьфінале саступіў Джону Хігінсу 4:6. На чацвёртым рэйтынгавым турніры сезона — адкрытым чэмпіянаце Уэльса — Шон дайшоў да фіналу, здолеўшы перайграць Эндзі Хікса 5:3, Джэймі Коўпа 5:4, Марка Уільямса 5:2 і Бары Хокінса ў паўфінале 6:1. У фінале Мёрфі саступіў Стывену Лі з даволі буйным лікам — 4:9. На адкрытым чэмпіянаце Кітая, апошнім турніры перад чэмпіянатам свету, Мёрфі прайграў у першым жа раўндзе Майклу Холту 2:5.

На чэмпіянаце свету 2006 года Шон атрымаў першы нумар пасеву як дзеючы чэмпіён. У першым раўндзе ён без цяжкасці атрымаў перамогу над снукерыстам з Тайланда Джэймсам Уотанай 10:4. На другім этапе быў пераможаны Стыў Дэвіс з лікам 13:7. А ў чвэрцьфінале Мёрфі саступіў будучаму фіналісту Пітэру Эбдану 7:13. Такім чынам, Мёрфі стаў ахвярай «праклёну Крусібла» — ні адзін з снукерыстаў, які выйграў чэмпіянат свету ў першы раз на арэне тэатра Крусібл, не змог абараніць свой тытул у наступным годзе.

2006/2007

Пасля сезону 2005/2006 Мёрфі падняўся на пяты радок сусветнага рэйтынгу, упершыню трапіўшы ў топ-16, і стаў паўнапраўным удзельнікам усіх рэйтынгавых турніраў без праходжання кваліфікацыйных этапаў, а таксама удзельнікам запрашальнага турніру Мастэрс.

На першым турніры сезону Northern Ireland Trophy (які стаў рэйтынгавым ў гэтым сезоне) Мёрфі дайшоў да 1/4 фіналу, саступіўшы Стывэну Лі ў вырашальным фрэйме (4:5). На Гран-пры ў Абердзіне Шон не выйшаў з сваёй групы (на Гран-пры гуляўся групавы этап), прайграўшы Раяну Дэю (0:3) і Алістэру Картэру (2:3). На чэмпіянаце Вялікабрытаніі ён у першым жа матчы сакрушальна прайграў Алану МакМанусу 3:9. На Мастэрс Шон Мёрфі, выйграўшы першы матч у Стыва Дэвіса з лікам 6:3, прайграў у чвэрцьфінале Стывену Хендры (на той момант трэцяму нумару сусветнага рэйтынгу) з тым жа лікам.