Шанхай Мастэрс () — прафесійны рэйтынгавы турнір па снукеры. Быў заснаваны ў 2007 годзе і з таго часу штогод праходзіць на шанхайскай гранд-сцэне у Шанхаі, Кітай. «Шанхай Мастэрс» стаў дзявятым рэйтынгавым турнірам у сезоне 2017/2018 і адным з пяці рэйтынгавых пяршынстваў, якія праходзяць на тэрыторыі Кітая (разам з чэмпіянатам Кітая, «World Open», «International Championship» і адкрытым чэмпіянатам Кітая). Прызавы фонд турніру ў 2017 годзе склаў £, перасягнуўшы прызавыя фонды ўсіх рэйтынгавых турніраў, апроч чэмпіянату свету, чэмпіянату Вялікабрытаніі і іншых кітайскіх спаборніцтваў.
З 2007 да 2016 года турнір праходзіў на працягу тыдня ў верасні (першы розыгрыш 2007 года праходзіў у жніўні, а розыгрыш 2008 года — у канцы верасня і пачатку кастрычніка), а фінал гуляўся на працягу двух гульнявых сесій у апошнюю нядзелю. У 2017 годзе час праведзення турніру быў перанесены на сярэдзіну лістапада, а турнір гуляўся на працягу шасці дзён з фінальным паядынкам у суботу.
Кітаец Дзін Цзюньхуэй (2013, 2016) і англічанін Роні О’Саліван (2009, 2017) па два разы здабывалі перамогу на Шанхай Мастэрс. О’Саліван (2008, 2009, 2017) і Джад Трамп (2012, 2015, 2017) па тры разы даходзілі да фіналаў турніру, але Трамп саступіў ва ўсіх трох вырашальных матчах.
Гісторыя
Напярэдадні турніру
У 1979 годзе ў індыйскам горадзе Бамбеі (цяперашні Мумбаі) прайшло два першых снукерных першынства на тэрыторыі Азіі з удзелам прафесійных ігракоў — Bombay International. З 1983 года запрашальныя турніры пачалі з'яўляцца ў краінах усходняй Азіі: Тайландзе, Ганконгу, Малайзіі, Сінгапуры. У іх прымалі ўдзел лепшыя снукерысты з Вялікабрытаніі і мясцовыя аматары. У верасні 1986 года ў Шанхаі прайшоў першы прафесійны снукерны турнір на тэрыторыі Кітая — Кітай Мастэрс (). Турнір меў статус запрашальнага, і ў ім прынялі ўдзел лідар сусветнага рэйтынгу і фіналіст чэмпіянату свету 1986 Стыў Дэвіс, трэці нумар афіцыйнага рэйтынгу Дэніс Тэйлар з Паўночнай Ірландыі, чвэрцьфіналіст чэмпіянату Вялікабрытаніі 1985 года і чэмпіянату свету 1986 года Тэры Грыфітс з Уэльса, а таксама кітайскія аматары Сун Лунь Пак і Цзун Чунь Хун і аматар з Сінгапура Лім Кун Гуань. У фінале турніру Стыў Дэвіс перайграў Тэры Грыфітса з лікам 3:0, а з азіятскіх ігракоў толькі Сун Лунь Пак здолеў выйграць фрэйм у матчы супраць Грыфітса. З 1987 па 1992 год (з перапынкам у 1989 годзе) у Пекіне штогод стаў праходзіць запрашальны турнір Kent Cup (у 1992 годзе — Kent Classic), удзельнікамі якога былі Стыў Дэвіс, Джымі Уайт, Вілі Торн, Алекс Хігінс, Джон Пэрат і іншыя вядомыя снукерысты. У жніўні 1989 года ў Азіі прайшлі першыя рэйтынгавыя турніры — адкрыты чэмпіянат Ганконга і адкрыты чэмпіянат Азіі ў Тайландзе, пераможцамі якіх сталі Майк Халет і Стывен Хендры адпаведна. Праз год, у кастрычніку і лістападзе 1990 года, адкрыты чэмпіянат Азіі праходзіў у кітайскім горадзе Гуанчжоу і стаў першым рэйтынгавым турнірам, які праходзіў на тэрыторыі Кітая. Фармат спаборніцтва не прадугледжваў удзел аматараў, і таму кітайскіх ігракоў на ім не было. Адзіным азіятам на турніры быў прфесіянал з Ганконга Фрэнкі Чань, які дайшоў да 1/8 фіналу чэмпіянату. У фінальным матчы шатландзец Стывен Хендры перамог Дэніса Тэйлара з лікам 9:3 і ў другі раз запар стаў пераможцам адкрытага чэмпіянату Азіі. Пад канец 1990-х у Гуанчжоу прайшло некалькі запрашальных турніраў, пераможцамі якіх сталі Стыў Дэвіс, Роні О’Саліван і Тоні Драга, а ў 1997 годзе ў Пекіне быў заснаваны турнір China International, які пазней быў перайменваны ў адкрыты чэмпіянат Кітая і тройчы праходзіў у Шанхаі. У 1999 годзе турнір атрымаў статус рэйтынгавага, стаўшы першым штогадовым рэйтынгавым спаборніцтвам у Кітаі. Адкрыты чэмпіянат Кітая ўключаў у сябе папярэдні ўайлдкард раўнд, дзе мясцовыя аматары гулялі супраць прафесійных гульцоў за права трапіць у асноўную сетку першынства, і ўжо на China International 1999 кітаец Пан Вэйго, які пазней стаў прафесіяналам, перайграў Пітэра Лайнса ў уайлдкард раўндзе і выйшаў у 1/16 фіналу турніру. У 2005 годзе 18-гадовы Дзін Цзюньхуэй з Кітая, які атрымаў уайлдкард ад арганізатараў, выйграў шэсць паядынкаў у рамках адкрытага чэмпіянату Кітая, уключаючы фінальны матч супраць сяміразовага чэмпіёну свету Стывена Хендры, і стаў першым пераможцам рэйтынгавага турніру з Кітая і самым маладым пераможцам рэйтынгавага турніру пасля Роні О’Салівана, які перамог на чэмпіянаце Вялікабрытаніі 1993 года ва ўзросце 17 гадоў. Гэтая перамога стала штуршком для папулярызацыі снукера сярод кітайскага насельніцтва, што пазней прывяло да з'яўлення шматлікіх прафесійных снукерыстаў з Кітая.
2007: Заснаванне і дэбютны розыгрыш
У сярэдзіне 2000-х гадоў у Вялікабрытаніі выйшаў закон аб забароне тытунёвым кампаніям спансаваць спартыўныя падзеі на тэрыторыі краіны, у сувязі з чым прафесійны снукер згубіў амаль усіх буйных спонсараў, а прызавыя фонды на рэйтынгавых турнірах рэзка знізіліся. Сусветная асацыяцыя прафесійнага більярда і снукера павінна была шукаць новыя магчымасці для вяртання спорту на былы ўзровень і ў 2007 годзе сумесна з кітайскай асацыяцыяй більярда і снукера яна заснавала другі рэйтынгавы турнір у Кітаі, Шанхай Мастэрс, а таксама падпісала з ёй кантракт, згодна з якім адкрыты чэмпіянат Кітая і новы шанхайскі турнір павінны былі праходзіць штогод у бліжэйшыя пяць гадоў. Такім чынам, у каляндары мэйн-тура з'явіўся другі рэйтынгавы турнір у Кітаі, а сезон 2007/2008 стаў першым у гісторыі снукера, калі на тэрыторыі Кітая, дзе хутка расла папулярнасць снукера, было праведзена два чэмпіянату рэйтынгавага ўзроўню.
Першы турнір прайшоў з 6 па 12 жніўня 2007 года і стаў першым рэйтынгавым спаборніцтвам сезона. Арэнай для праведзення чэмпіянату была абраная шанхайская гранд-сцэна, якая ўжо састарэла ў параўнанні з сучаснымі спартовымі аб'ектамі, але актыўна выкарыстоўваецца для забаўляльных мерапрыемстваў. Прызавы фонд дэбютнага турніру склаў £250,000, перасягнуўшы такія рэйтынгавыя першынствы як трафей Паўночнай Ірландыі і адкрыты чэмпіянат Уэльса. На Шанхай Мастэрс 2007 прыняло ўдзел 102 удзельніка, з якіх 40 (16 першых сеяных ігракоў, 16 ігракоў, якія прайшлі кваліфікацыю і 8 уладальнікаў уайлдкард) гулялі ў асноўнай стадыі спаборніцтва. Турнір уключаў у сябе ўайлдкард раўнд, дзе восем кітайскіх аматараў змагаліся з васьмю снукерыстамі, якія прайшлі кваліфікацыю, за месцы ў асноўнай сетцы турніру. Тры непрафесійных кітайскіх іграка патрапілі ў 1/16 фіналу, але ніводны з іх не здолеў прабіцца далей. Дамінік Дэйл, які ў першым фрэйме стартавага паядынку ўайлдкард раўнда супраць Лю Чуана выканаў серыю ў 116 ачкоў, стаў аўтарам першага сэнчуры ў гісторыі Шанхай Мастэрс. На тым жа этапе Сцюарт Пэтман аформіў першую перамогу «пад нуль» на турніры, разграміўшы Цаа Кайшэна з лікам 5:0, а Ян Цынцянь і Скот Мак-Кензі згулялі першы вырашальны фрэйм у гісторыі спаборніцтва, пераможцам якога стаў аматар з Кітая. Дзін Цзюньхуэй стаў адзіным кітайскім снукерыстам, які здолеў пераадолець бар'ер 1/16 фіналу чэмпіянату, але саступіў у другім крузе. У фінал Шанхай Мастэрс 2007 прайшлі два валійскіх іграка, Дамінік Дэйл, які займаў 31-ы нумар у рэйтынгу і ў другі раз у сваёй кар'еры патрапіў у рэйтынгавы фінал пасля перапынку ў 10 гадоў, перамогшы на сваім шляху да вырашальнага паядынку Роры МакЛаўда ў кваліфікацыі (5:0), Лю Чуана ў уайлдкард раўндзе (5:0), экс-чэмпіёна свету Кена Доэрці (5:3), Эдрыяна Ганэла (5:1), Дэйва Харальда на чвэрцьфінальнай стадыі (5:1) і фіналіста чэмпіянату свету 2007 Марка Сэлбі (6:3) у паўфінале, і Раян Дэй, які займаў 16-ы радок у сусветным рэйтынгу і на сваім шляху да фінальнага матча адолеў Тоні Драгу (5:1), Яна Мак-Калаха (5:3), экс-фіналіста чэмпіянату свету суайчынніка Мэцью Стывенса (5:4) і чэмпіёна свету 2006 Грэма Дота з Шатландыі ў паўфінальным паядынку (6:2). Такім чынам фінал стартавага розыгрышу чэмпіянату стаў першым рэйтынгавым фіналам, у якім перасякліся два снукерыста з Уэльса, з 2000 года, калі ў фінале чэмпіянату свету гулялі Мэцью Стывенс і Марк Уільямс. У фінальным паядынку Дэйл саступаў суперніку з лікам 2:6 пасля першай сесіі, аднак здзейсніў цудоўны «камбэк», выйграўшы восем партый запар і зрабіўшы найвышэйшы брэйк на турніры ў 143 бала, і выйграў другі рэйтынгавы тытул у сваёй прафесійнай кар'еры. Нягледзячы на даволі высокі ўзровень гульні снукерыстаў, у сувязі с тым, што большасць сярыйных гульцоў прайграла ў пачатку першынства, на Шанхай Мастэрс 2007 было зроблена толькі 18 соценных серый (у сярэднім 0,47 сэнчуры ў матчы).
2008: Другая запар перамога нясеянага гульца
Больш, чым праз год, 29 верасня 2008 года, стартаваў другі розыгрыш Шанхай Мастэрс, які стаў другім рэйтынгавым першынствам сезона 2008/2009. У 2008 годзе ў турніра з'явіўся спонсар — аўтамабільная марка Roewe, створаная дзяржаўнай аўтамабілебудаўнічай кампаніяй SAIC Motor у 2006 годзе, прызавы фонд спаборніцтва павысіўся да £282,000, а афіцыйнай назвай чэмпіянату стала Roewe Shanghai Masters 2008. Колькасць уладальнікаў уайлдкард знізілася з васьмі да сямі снукерыстаў, але ўсе кітайскія аматары саступілі ў папярэднім раўндзе. Леташні чэмпіён Дамінік Дэйл, які атрымаў першы нумар пасеву ў якасці дзеючага пераможцы, прайграў у першым жа матчы 51-гадоваму шасціразоваму чэмпіёну свету Стыву Дэвісу з лікам 4:5. Апроч таго, у 1/16 фіналу вылецелі два адзіныя гульцы з Кітая: Дзін Цзюньхуэй прайграў Дэйву Харальду з лікам 3:5, а Лян Вэньбо быў разгромлены леташнім фіналістам Раянам Дэем — 0:5. Джэймі Коўп, які без гульні прайшоў у 1/8 фіналу, у трэцім фрэйме матча супраць Марка Уільямса выканаў першы максімальны брэйк у гісторыі Шанхай Мастэрс, але саступіў двухразоваму чэмпіёну свету з лікам 2:5. Гэты максімум стаў 64-м у гісторыі снукера, другім на рэйтынгавых турнірах у Кітаі (Стывен Магуайр зрабіў першы на адкрытым чэмпіянаце Кітая 2008) і другой максімальнай серыяй у кар'еры Коўпа (першы максімум ён аформіў падчас Гран-пры 2006 года). Першым фіналістам Шанхай Мастэрс 2008 стаў 35-ы нумар сусветнага рэйтынгу Рыкі Уолдэн, які да гэтага ніколі не праходзіў далей за 1/4 фіналу на рэйтынгавых спаборніцтвах. На сваім шляху да фіналу ён прадэманстраваў выдатную гульню і перамог Лі Спіка (5:3) і Яна Мак-Калаха (5:2) у кваліфікацыі, Чжана Аньду (5:0) у ўайлдкард раўндзе, Стывена Хендры (5:4), Ніла Робертсана (5:4), прайграючы па ходзе паядынку з лікам 1:4, і Стыва Дэвіса (5:2) у першы раўндах асноўнай сеткі і Марка Сэлбі (6:4) у паўфінальным матчы, прайграючы з лікам 1:4 і выйграўшы 5 партый запар. Яго супернікам у вырашальным паядынку стаў лідар рэйтынгу і чэмпіён свету Роні О’Саліван, які выйшаў у трэці рэйтынгавы фінал запар, выйграўшы да гэтага на чэмпіянаце свету ў маі і трафеі Паўночнай Ірландыі ў жніўні 2008 года. Яго пераможная серыя складала ўжо 14 матчаў і ён мог стаць чацвёртым снукерыстам у гісторыі, які выйграў тры рэйтынгавыя спаборніцтвы запар. На шанхайскім турніры ён перайграў Сцюарта Пэтмана (5:2), Джо Пэры (5:3), Марка Уільямса (5:3) і Стывена Магуайра (6:5) у паўфінале. Першая палова фінальнага паядынку праходзіла ў барацьбе і скончылася з лікам 5:4 на карысць О'Салівана, але 25-гадовы Уолдэн лепей правёў канцоўку гульні і скончыў фінал перамогай з лікам 10:8, здабыўшы першы рэйтынгавы тытул у сваёй кар'еры. Такім чынам, на Шанхай Мастэрс перамогу другі раз запар атрымаў нясеяны гулец. Колькасць соценных серый, зробленых падчас турніру, перасягнула леташняе спаборніцтва больш, чым у 2 разы, і склала 39 сэнчуры (у сярэднім 1,05 соцен у матчы), па сённяшні дзень застаючыся рэкордным паказчыкам Шанхай Мастэрс.
2009: Поспех з другой спробы