Анакру́за () — ненаціскныя склады ў пачатку вершаванага радка перад першым метрычным націскам. У сілаба-танічным вершы ў залежнасці ад характару метра анакруза бывае нулявой (харэй, дактыль), аднаскладовай (амфібрахій) і двухскладовай (анапест). Анакруза ў вершы мае вялікае рытмічнае значэнне. Паколькі ўнутраная структура роднасных памераў (двухскладовых, з аднаго боку, і трохскладовых — з другога) аднолькавая, то яны адрозніваюцца па сутнасці толькі анакрузай. На гэтым засноўваецца існаванне радковых лагаэдаў — двухскладовых і трохскладовых памераў з раўнамерным чаргаваннем анакрузаў: Сонца штораз больш у жылах кроў агніць, Калені штораз больш ласкоча нам трава, Блогасна аб сэрцы сэрца ў жары сніць, Жаданнем забыцця п’янее галава. (Я. Купала «Яна і я»)
Часам анакруза дапамагае вылучыць пэўнае слова ў пачатку вершаванага радка. Гэта здараецца тады, калі сярод аднатыпных анакрузаў з’яўляецца анакруза іншага віду. Найбольш відазмяняе рытмічны малюнак верша нераўнамернае паўтарэнне анакрузаў. Некаторыя даследчыкі тэрмін «анакруза» ўжываюць толькі ў дачыненні да звышсхемных ненаціскных складоў у пачатку радкоў, што, у прыватнасці, назіраецца ў чацвёртым радку першага чатырохрадкоўя верша М. Багдановіча «Купідон» (тут у стапе ямба лішні ненаціскны склад): Ад спомінаў дзіцячых лет У маёй душы астаўся след. Я помню, як бывала рада Маё сэрца плітцы шакалада.
Літаратура
Катэгорыя:Антычная метрыка Катэгорыя:Метрыка Катэгорыя:Метрычнае вершаскладанне Катэгорыя:Сілаба-метрычнае вершаскладанне