Канстанці́нас Шы́рвідас (таксама вядомы як Сірвідас, Сірвід, Шырвід; , ; паміж 1578 і 1581, вёска Сірвіды, Вількамірскі павет — , Вільня) — літоўскі пісьменнік, мовазнавец-лексікограф, педагог і прафесар тэалогіі. З’яўляецца адным з заснавальнікаў літоўскай пісьменнасці. Магістр філасофіі і вольных навук (1631), член манаскага ордэна езуітаў.

Біяграфія Нарадзіўся паміж 1578 і 1581 гадамі ў вёсцы Сірвіды Вількамірскага павета Віленскага ваяводства. У 1598 годзе стаў членам манаскага ордэна езуітаў. Сваю адукацыю пачаў у езуіцкім калегіуме ў Пултуску, дзе вучыўся з 1603 па 1606 гады. Пасля гэтага працягнуў навучанне ў Віленскай акадэміі, якую скончыў у 1610 годзе.

На працягу 1613—1625 гадоў (з пэўнымі перапынкамі) выкладаў Свяшчэннае Пісанне ў Віленскай акадэміі, працаваў яе прафесарам тэалогіі. У 1631 годзе атрымаў навуковую ступень магістра філасофіі і вольных навук. Памёр 23 жніўня 1631 года ад туберкулёзу.

Навуковая і літаратурная дзейнасць Канстанцінас Шырвідас зрабіў значны ўнёсак у нармалізацыю і развіццё літоўскай мовы. Ён з’яўляецца складальнікам першага друкаванага слоўніка літоўскай мовы — трохмоўнага польска-лацінска-літоўскага лексікона «Слоўнік трох моў» (лац.: Dictionarium trium linguarum). Першае выданне гэтай працы пабачыла свет у Вільні каля 1620 года і было разлічана на студэнтаў, якія вывучалі паэтыку і рыторыку. Слоўнік змяшчаў каля 14 тысяч слоў і карыстаўся вялікай папулярнасцю: у далейшым праца неаднаразова перавыдавалася (у 1629, 1631, 1642, 1677 і 1713 гадах). Гэты слоўнік адыграў надзвычай важную ролю ў працэсе нармалізацыі літоўскай літаратурнай мовы і аж да сярэдзіны XIX стагоддзя заставаўся адзіным друкаваным літоўскім слоўнікам у Вялікім Княстве Літоўскім.

Таксама Шырвідас з’яўляецца аўтарам першай арыгінальнай кнігі на літоўскай мове. Ён падрыхтаваў і выдаў зборнік рэлігійных пропаведзяў (казанняў) з паралельнымі перакладамі на польскую мову пад назвай «Пункты казанняў» (польск.: Punkty kazań), які выйшаў у дзвюх частках у 1629—1644 гадах. Лінгвістычныя працы і тэксты Канстанцінаса Шырвідаса вызначаюцца чысцінёй і багаццем мовы, утрымліваюць значную колькасць сінонімаў і неалагізмаў.

Бібліяграфія Dictionarium trium linguarum (Вільня, каля 1620) Punkty kazań (Вільня, частка 1 — 1629, частка 2 — 1644)

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Dictionarium trium linguarum Sirvydas, Konstantinas Szyrwid Konstanty

Катэгорыя:Памерлі 23 жніўня Катэгорыя:Памерлі ў 1631 годзе Катэгорыя:Пісьменнікі Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Вучоныя Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Рэлігійныя дзеячы Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Мовазнаўцы Літвы Катэгорыя:Лексікографы Катэгорыя:Памерлі ад туберкулёзу Катэгорыя:Езуіты Літвы Катэгорыя:Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Выкладчыкі Пултускага езуіцкага калегіума Катэгорыя:Памерлі ў Вільні