Назарэтанкі ў Беларусі — адгалінаванне (з 2008 правінцыя) ордэна назарэтанак у Беларусі.
Гісторыя
Восенню 1908 года тры сястры Ордэна Святой Сям’і з Назарэта прыехалі ў Гродна на месца сясцёр брыгітак. Першай абатысай кляштару стала Паўла Марыя Гажыч, якая памерла ў 1935 годзе. Пры сваім кляштары сёстры-законніцы мелі навіцыят. Агулам, перад вайной там жыло і працавала каля 100 сясцёр, якія займаліся ў асноўным навучаннем дзяцей.
У Навагрудак першыя сёстры прыехалі на запрашэнне біскупа Зыгмунта Лазінскага ў верасні 1929 года.
Падчас нямецкай акупацыі сястра Марыя Канізія (Эўгенія Мацкевіч) арганізавала ў Навагрудку на просьбу бацькоў польскіх дзяцей акрамя катэхізацыі таемнае навучанне польскай мове і гісторыі. Заняткі адбываліся ў прыватных дамах, вучняў было не болей за 50. Вясной 1943 годзе дзеці былі падрыхтаваныя да прыняцця Першай Камуніі. На дзейнасьць таемнай школы склалі данос афіцэру жандармерыі Панькову. Ён аднак прыхільна ставіўся да палякаў і данос праігнараваў. Неўзабаве данос накіравалі і ў гестапа. Заняткі працягваліся аж да часу арышту манашак.
У ліпені 1943 года ў Навагрудку арыштаваны 120 закладнікаў. Сёстры-назарэтанкі, жадаючы ўратаваць людзей, звярнуліся ў гестапа, выказалі гатоўнасць ахвяраваць сваё жыццё наўзамен усіх арыштаваных і прызначаных да расстрэлу. Кару смерці для ўсіх 120 арыштаваных замянілі на працы ў Нямеччыне. Іх вывезлі 24 ліпеня, а некаторых нават вызвалілі. Усе яны перажылі вайну.
31 ліпеня сястра Марыя Канізія і 10 іншых назарэтанак на чале з іх зверхніцай Марыяй Стэлай Мардасевіч былі арыштаваныя на загад Гебетскамісара. Толькі адна манахіня засталася на волі, бо не была на той момант у кляштары. 1 жніўня 1943 года, каля 4-й гадзіны, манахінь расстралялі ў лесе за 5 км ад Навагрудка.
Падчас вайны у назарэтанак у Навагрудку быў забраны будынак кляштару, які пазней прыстасавалі пад шпіталь для псіхічна хворых. Сёстры былі вымушаны жыць у адным пакоі ў семінарыі, які быў падзелены на дзве часткі: сталовую і спальню.
У 1958 годзе ў Гродне засталіся толькі 4 сястры. У 1990-я гады кляштар у Навагрудку вернуты назарэтанкам. У 2000 годзе Папа Ян Павел беатыфікаваў мучаніц з Навагрудка — бласлаўлёную Марыю Стэлу Мардасевіч і дзесяць яе паплечніц.
Сёння назарэтанкі ў Беларусі працуюць у парафіях пры касцёлах, у біскупскіх курыях, займаюцца катэхізацыяй. У Гродне сёстры працуюць таксама ў сямейнай кансультацыі і апякуюцца бясплатнай сталовай для людзей без месца жыхарства. Дамы Ордэна існуюць у Гродне, Будславе, Івянцы, Лідзе, Мінску, Маладзечне, Навагрудку, Смаргоні, Касцяневічах.
13 верасня 2008 года ў Касцёле Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Гродне ў прысутнасці мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, біскупаў Антонія Дзям’янкі і Аляксандра Кашкевіча, а таксама Генеральнай маці назарэтанак Джэніс Фульмер было ўрачыста абвешчана пра заснаванне Беларускай правінцыі Ордэна на чале з сястрой Нерэвушай Падзяльніцкай.
Крыніцы
Літаратура Юлія Шэдзько. Дарога да Бога і людзей. // Ave Maria. № 10, 2008 Данута Бічэль. Сто гадоў дзейнасці сясцёр назарэтанак у Гродне. // Ave Maria. № 10, 2008 Стажиньская М. Одиннадцать мучениц. — Пер. с польского Л.Михайлик. — Гродно, Гродненю Рим.-Катол. Епархия, 1999. — 74 с.
Спасылкі 100-годдзе сясцёр назарэтанак у Беларусі Няхай будзе Твая воля
Катэгорыя:Назарэтанкі Катэгорыя:Каталіцтва ў Беларусі