Белару́ска-літо́ўскія адно́сіны — двухбаковыя дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Літоўскай Рэспублікай. Сучасныя дыпламатычныя адносіны паміж краінамі былі ўсталяваны 30 снежня 1992 года. У 1993 годы адкрыліся пасольства Беларусі ў Вільні і пасольства Літвы ў Мінску.
Гісторыя
Беларускі рух і Літоўская Рэспубліка (1918—1920-я гады) У перыяд пасля Першай сусветнай вайны і абвяшчэння незалежнасці Літвы і Беларускай Народнай Рэспублікі адбылося збліжэнне нацыянальных рухаў дзвюх дзяржаў на фоне агульнай пагрозы з боку Польшчы і Савецкай Расіі. У канцы 1918 года ў склад Дзяржаўнай Рады Літвы (Тарыбы) былі кааптаваныя прадстаўнікі беларускага руху, а ва ўрадзе Літвы было створана Міністэрства беларускіх спраў.
Увосень 1920 года, пасля захопу Вільні польскімі войскамі генерала Люцыяна Жалігоўскага і ўтварэння Сярэдняй Літвы, урады Літвы і БНР (на чале з Вацлавам Ластоўскім), які знаходзіўся ў Коўна, пачалі шчыльнае супрацоўніцтва. 11 лістапада 1920 года паміж імі быў падпісаны сакрэтны палітычны дагавор аб узаемнай падтрымцы. Згодна з ім, беларусы абавязваліся дакласці ўсе намаганні, каб падчас магчымага плебісцыту ў Сярэдняй Літве мясцовае насельніцтва прагаласавала на карысць Літвы. У абмен на гэта літоўскі бок гарантаваў беларусам шырокую нацыянальна-тэрытарыяльную аўтаномію ў складзе літоўскай дзяржавы на землях Віленшчыны і Гарадзеншчыны.
Літоўскі ўрад аказваў ураду Ластоўскага значную фінансавую і матэрыяльную падтрымку. 13 верасня 1920 года была выдадзена пазыка ў 1 мільён аўксінаў, рэгулярна фінансавалася выданне беларускай прэсы і літаратуры (напрыклад, часопіса «Крывіч»). Акрамя таго, Літва, пры фінансавай падтрымцы Германіі, стала галоўнай базай для падрыхтоўкі і ўзбраення беларускіх партызанскіх і дыверсійных атрадаў (у прыватнасці, пад камандаваннем Вячаслава Разумовіча-Хмары), якія дзейнічалі супраць польскіх улад на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
Аднак пасля таго, як у сакавіку 1923 года Канферэнцыя паслоў Лігі Нацый прызнала ўсходнія межы Польшчы і дэ-юрэ замацавала за ёй Віленшчыну, літоўскі ўрад паступова згубіў практычную палітычную зацікаўленасць у беларускім нацыянальным руху. У канцы 1923 года ўрад БНР В. Ластоўскага пад ціскам мясцовых улад быў вымушаны пакінуць Коўна і пераехаць у Прагу.
1990-я гады Вышэйшая Рада Літоўскай ССР 11 сакавіка 1990 года абвясціла аддзяленне ад Савецкага Саюза і намер аднавіць незалежную Рэспубліку Літву. У адказ на гэта Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР 29 сакавіка 1990 года прыняў заяву «Аб вяртанні БССР беларускіх зямель пры выхадзе Літоўскай ССР з Саюза ССР». У дакуменце падкрэслівалася, што ў выпадку выхаду Літвы са складу СССР Беларуская ССР будзе патрабаваць вярнуць ёй беларускія землі, а менавіта горад Вільню і Віленскую вобласць, Свянцянскі і часткі тэрыторыі яшчэ пяці раёнаў Літвы, якія ў 1939—1940 гадах былі перададзеныя Літве І. В. Сталіным у якасці дара за яе ўваходжанне ў склад СССРЗаява Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб вяртанні БССР беларускіх зямель пры выхадзе Літоўскай ССР з Саюза ССР // Звязда. 1990. 1 крас. С. 1.. Гэтая заява, ініцыяваная кіраўніцтвам у Крамлі, не сустрэла пазітыўных водгукаў з боку грамадска-палітычных колаў Беларусі. Тэрытарыяльныя патрабаванні да Літвы не падтрымаў і новы склад Вярхоўнага Савета БССР, які пачаў працаваць у маі 1990 года. Аднак заяву ўскосна ўхваліў прэзідэнт СССР М. С. Гарбачоў, які на прэс-канферэнцыі ў Вашынгтоне 3 чэрвеня 1990 года пацвердзіў, што тэрыторыя Літвы ўключае пяць раёнаў, якія раней належалі БеларусіСнапковский В. Е. История внешней политики Беларуси. Минск: БГУ, 2013. С. 393..
У лютым 1995 года падчас афіцыйнага візіту ў Літву Прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка падпісаў Дагаворы аб добрасуседстве і супрацоўніцтве, а таксама аб дзяржаўнай граніцы. З мэтай пашырэння памежнага супрацоўніцтва ў верасні 1997 года Беларусь і Літва ўзялі ўдзел у стварэнні еўрарэгіёна «Нёман», да якога ў верасні 1998 года дадаўся еўрарэгіён «Азёрны край». У 1999 годзе ўрад Літвы прыпыніў сувязі з урадам Беларусі на вышэйшым узроўні.
2000—2010-я гады З 2004 года Беларусь і Літва пачалі праводзіць рэгулярныя кансультацыі па пытаннях рэгіянальнай бяспекі. Пасольства Літвы ўзяло на сябе выкананне функцый прадстаўніцтва Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора (НАТА) ў Беларусі.
Упершыню з 2000 года 25 мая 2007 года адбылася сустрэча міністраў замежных спраў абедзвюх краін на памежным кантрольна-прапускным пункце «Каменны Лог — Медзінінкай (Меднікі)». У кастрычніку 2007 года ў Літве з візітам пабываў старшыня ўрада Беларусі С. С. Сідорскі для адкрыцця ў Вільні чарговай выстаўкі «Беларусь-ЭКСПА». У лістападзе таго ж года пасля далучэння да Шэнгенскага пагаднення ўрад Літвы павысіў кошт уязной візы для беларускіх грамадзян з 5 да 60 еўра. Па стане на канец 2007 года пабрацімскія адносіны падтрымлівалі 24 акругі і гарады Беларусі і Літвы.
Старшыня камітэта па замежных справах Сойма Літвы Юсцінас Каросас 5 жніўня 2008 года заклікаў унесці прапанову аб спыненні палітычнай ізаляцыі Беларусі па прычыне яе безвыніковасці на бліжэйшым паседжанні Еўрапейскага Савета. Яго ініцыятыву падтрымаў старшыня Сойма Чэславас Юршэнас. Другая сустрэча старшыняў урадаў з удзелам Гедзімінаса Кіркіласа адбылася 2 верасня 2008 года ў Друскеніках. У хуткім часе, 11 верасня 2008 года, у Троках у нефармальнай абстаноўцы сустрэліся міністры замежных спраў, а 29 снежня таго ж года міністр замежных спраў Беларусі С. М. Мартынаў правёў другую сустрэчу з літоўскім калегам Вігаўдасам Ушацкасам.
Палітычны крызіс і пагаршэнне адносін (з 2020 года) Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 года Літва стала адным з галоўных цэнтраў беларускай палітычнай эміграцыі. Афіцыйны Вільнюс адмовіўся прызнаваць легітымнасць А. Р. Лукашэнкі, даў палітычны прытулак лідару дэмакратычных сіл Святлане Ціханоўскай і 5 ліпеня 2021 года надаў яе Офісу афіцыйны дыпламатычны статус.
Дыпламатычнае напружанне ўзрастала. 4 чэрвеня 2021 года МЗС Літвы абвінаваціла Беларусь у спробе ўмяшання ў дыпламатычную пошту і выклікала пасла Беларусі для ўручэння ноты пратэсту. Паводле інфармацыі літоўскага боку, літоўскага кур’ера, які выехаў на машыне з Вільнюса з дакументамі для пасольства Літвы ў Беларусі, беларускія памежнікі папрасілі адкрыць запячатаны кантэйнер. Кур’ер адмовіўся выканаць патрабаванне і быў вернуты ад мяжы, што з'яўлялася прамым парушэннем правіл міжнароднай дыпламатычнай дзейнасці згодна з Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах.
У 2021 годзе таксама пачаўся міграцыйны крызіс, які літоўскія ўлады расцанілі як гібрыдную агрэсію з боку беларускага рэжыму. У адказ Літва пачала будаўніцтва фізічнага бар'ера на мяжы і ўвяла рэжым надзвычайнага становішча ў прыгранічных раёнах. З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года, падчас якога Беларусь дала сваю тэрыторыю для наступу расійскіх войскаў, двухбаковыя адносіны дасягнулі крытычна нізкага ўзроўню. З 1 лютага 2022 года ўрад Літвы ануляваў дамову аб чыгуначным транзіце прадукцыі «Беларуськалія», цалкам спыніўшы яе экспарт праз порт Клайпеды.
На працягу 2023—2024 гадоў Літва закрыла чатыры з шасці пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю («Шумск» — «Лоша», «Цверач» — «Відзы», «Лаварышкі» — «Катлоўка», «Райгруд» — «Прывалка») у мэтах абароны нацыянальнай бяспекі і барацьбы з кантрабандай. У ліпені 2024 года краіна, выконваючы санкцыі ЕС, увяла забарону на ўезд легкавых аўтамабіляў з беларускімі рэгістрацыйнымі нумарамі.
У другой палове 2025 года напружанне на мяжы зноў абвастрылася праз масавы запуск з тэрыторыі Беларусі метэаралагічных шароў з кантрабанднымі цыгарэтамі, што неаднаразова прыводзіла да прыпынення працы Вільнюскага аэрапорта. Літоўскі бок назваў такія дзеянні новай формай гібрыднай атакі. У кастрычніку 2025 года Літва ў адказ на інцыдэнты амаль цалкам закрыла мяжу з Беларуссю. Сітуацыя змянілася ў снежні 2025 года, калі пасля візіту ў Мінск спецпасланніка ЗША Джона Коўла беларускі бок паабяцаў спыніць запускі паветраных шароў.
У верасні і снежні 2025 года Літва прыняла некалькі груп беларускіх палітычных зняволеных (агулам больш за 100 чалавек), якія былі прымусова дэпартаваны беларускімі ўладамі па выніках перамоў з Злучанымі Штатамі Амерыкі. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ацаніў гэтую падзею як дыпламатычны поспех. Нягледзячы на рашэнне ЗША зняць санкцыі з беларускага калію ў снежні 2025 года, Міністэрства замежных спраў Літвы заявіла, што краіна не плануе аднаўляць транзіт угнаенняў праз сваю тэрыторыю, строга прытрымліваючыся санкцый Еўрапейскага Саюза.
Гл. таксама Беларуска-літоўская граніца Міграцыйны крызіс у Літве (2021) Дыскусія вакол спадчыны Вялікага Княства Літоўскага Канфлікт вакол Беларускай АЭС
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі Беларуска-літоўскія адносіны на сайце МЗС РБ Спіс двухбаковых пагадненняў
Літва Беларусь