Сяргей Пясецкі (; , Ляхавічы, Слуцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — , Лондан, Лонданскае графства, Англія, Вялікабрытанія) — адзін з найбольш яскравых польскіх пісьменнікаў беларускага паходжання XX стагоддзя.
Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і беларускі і зрусіфікаванага паляка. З пачаткам Першай сусветнай вайны разам з сям’ёй быў эвакуяваны ва Уладзімір (Расія). Сёмы клас расійскай гімназіі для Пясецкага скончыўся турмой, калі ён паспрабаваў пераканаць гімназійнага інспектара ў сваёй рацыі з дапамогай рэвальвера. Неўзабаве Пясецкі ўцякае з турмы.
Падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі ў лістападзе 1917 года ён апынуўся ў Маскве. Бальшавіцкі тэрор настолькі яго ўразіў, што ў Мінск у 1918 годзе ён прыязджае свядомым антыкамуністам. Праз некалькі месяцаў Пясецкі вярнуўся на радзіму. Да 1921 года Пясецкі ваюе з бальшавікамі спачатку ў шэрагах беларускай партызанкі (атрады «Зялёнага Дуба»), а пазней далучаецца да Літоўска-Беларускай дывізіі польскага войска. Затым пераязджае ў Ракаў, які знаходзіўся на мяжы з Савецкай Беларуссю, у міжваенны час на працягу 5 гадоў займаецца кантрабандай, адначасова выконваючы на тэрыторыі Беларусі функцыі агента польскай ваеннай разведкі.
У 1927 годзе польскі суд асуджае Пясецкага за рабаўніцтва на 15 гадоў турмы. Напачатку Пясецкі трымае галадоўкі, дабіваецца абароны правоў вязняў. На сёмым годзе зняволення ў Пясецкага прачынаецца літаратурны дар. Турэмная адміністрацыя рада такому павароту і не перашкаджае.
Роднымі мовамі пісьменніка былі беларуская і руская. Польскую мову Пясецкі вывучаў падчас пісання кніг. Таму яго творы вельмі лёгка чытаюцца беларусам.
Турэмная проза Пясецкага прыцягнула ўвагу вядомага польскага пісьменніка і журналіста Мельхіёра Ваньковіча (1892—1974). Ваньковіч заахвоціў Пясецкага працягваць пісьменніцкую працу і дапамог выдаць першую кніжку — «Каханак Вялікай Мядзведзіцы». Выданне і нечуваны поспех кніжкі сталі для Пясецкага ключом, які адчыніў яму дзверы турмы.
Падчас Другой сусветнай вайны Пясецкі ўдзельнічае у фарміраваннях Арміі Краёвай на Віленшчыне, кіруе аддзелам па выкананні смяротных прысудаў АК. Ёсць падазрэнні, што забойства Францішка Аляхновіча было выканана яго аддзелам.
У 1946 годзе эмігруе на Захад, спачатку ў Італію, потым у Вялікабрытанію. У Італіі ён выкрадае ў аднаго з выдаўцоў дакументы, з дапамогай якіх атрымлівае правы і грошы ад наступных перавыданняў сваіх твораў. Іншыя выдавецтвы друкавалі яго кнігі без выплаты ганарараў.
Памёр ад рака ва Уэльсе, Вялікабрытанія, пахаваны ў Гасцінгсе. На яго надмагільным камяні высечаная Вялікая Мядзведзіца.
29 верасня 2025 года быў урачыста перапахаваны на Вайсковых могілках Павонзкі.
Творчасць
Проза С. Пясецкага грунтавалася на найбольш экстрэмальных жыццёвых прыгодах. Першы раман «Пяты этап», напісаны ў 1934 годзе, канфіскавала турэмная цэнзура. Толькі аўтабіяграфічнаму раману «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» («Kochanek Wielkiej Niedzwiedzicy»), пра «кантрабандысцкі» перыяд жыцця Сяргея Пясецкага, пашчасціла ў 1937 годзе выйсці за турэмныя сцены і быць апублікаваным. Мабыць, гэта кніжка, а таксама антысавецкая сатыра «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» («Zapiski oficera Armii Czerwonej»), прынеслі хвораму на сухоты Пясецкаму сусветную вядомасць і датэрміновае вызваленне з турмы. За два перадваенныя гады раман быў перакладзены і выдадзены на 11 мовах свету.
«Запіскі афіцэра чырвонай арміі» — дзённікавыя апавяданні ад імя малодшага лейтэнанта Мішкі Зубава пра свае ўражанні ад візіту ў Заходнюю Беларусь з 17 верасня 1939 года да студзеня 1945 года — Ліду, Вільню і яе ваколіцы. Твор густа перасыпаны чорным гумарам, смешны, хоць часам гэты смех вельмі горкі і нават балючыnashaniva.by. Беларускае кніжнае выданне пабачыла свет у Мінску ў 2005 годзе, пераклад на беларускую зрабіў Алесь Астраўцоў.
Пясецкі пісаў да самай сваёй смерці ў 1964 годзе. Аўтар 12 раманаў, а таксама навел, кінасцэнарыяў, публіцыстычных артыкулах. Паводле твораў пісьменніка здымаліся мастацкія фільмы і тэлевізійныя серыялы, у т.л. у Італіі быў зняты серыял паводле аповесці «Каханка».
Цікавыя факты Сяргей Пясецкі прысвяціў беларускім атаманам, з якімі ён быў разам у «Зялёным дубе», раздзел «Забытыя героі» сваёй кнігі «Ніхто дабром не дасць збаўлення», якая выйшла з 1947 г. у Рыме. Там Пясецкі пісаў: «Тады праславіліся мянушкі беларускіх партызанскіх правадыроў Крука і Дзергача, праўдзівых прозвішчаў якіх не падам. Моніч меў з німі сувязь, але трымаўся асобна. Зашмат быў смелы і любіў свабоду, каб падлягаць некаторым уплывам і абмежаванням».
Беларускія пераклады Ніхто ня дасьць нам збаўленьня: Урывак з аповесьці / Сяргей Пясэцкі // Спадчына. — 2000. — № 1. — С. 208—222. Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі (2005), пераклаў Алесь Астраўцоў. Каханак Вялікай Мядзведзіцы (2009) Пяты этап (2010) Жыцьцё раззброенага чалавека // ARCHE 5-2014, пераклаў Руслан Равяка Багам ночы роўныя (2015) Менская трылогія Яблычак (2018) Гляну я ў аконца (2018) Ніхто дабром не дасць збаўлення (2019)
Спасылкі
Сяргей Пясецкі. Жыццяпіс. Сяргей Пясецкі «Запіскі афіцэра Чырвонай арміі (ад 17 верасня 1939 г.)» у Юркавым куточку Сяргей Пясецкі. «Запіскі афіцэра чырвонай арміі» Пра «Запіскі афіцэра чырвонай арміі» Сяргей Пясецкі. «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» Сяргей Пясецкі. «Трактат пра урку» Сяргей Пясэцкі. «Боствам ночы роўныя». Урывак з рамана Лаўрэш Леанід. Прыгоды Сяргея Пясецкага на Лідчыне // Маладосць № 2-2015. С. 148—153. // на pawet.net Максімюк Дыяна. Сяргей Пясецкі, служба ў паліцыі Сярэдняй Літвы, 1921 г. // Наша слова.pdf № 30 (134), 24 ліпеня 2024.
Катэгорыя:Пісьменнікі Польшчы Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Ваенныя Польшчы Катэгорыя:Удзельнікі польска-савецкай вайны Катэгорыя:Нарадзіліся ў Ляхавічах Катэгорыя:Члены арганізацыі «Зялёны дуб»