Багуслаў Радзівіл (, ; , Гданьск — , пад Кёнігсбергам) — харунжы літоўскі, канюшы літоўскі, генеральны губернатар Прускага герцагства.
Біяграфія Сын кашталяна віленскага Януша Радзівіла і Лізаветы Соф’і Гогенцолерн. З сямі гадоў выхоўваўся ў Вялікім Княстве Літоўскім пад апекай стрыечнага дзядзькі Крыштафа Радзівіла Перуна.
У 1637 годзе выехаў вучыцца ў Нідэрланды, але кінуў навучанне для ўдзелу ў вайне з іспанцамі. Пазней вучыўся ў Парыжы ў Акадэміі рыцарскай. Падарожнічаў па Еўропе, удзельнічаў у войнах і міжусобіцах. У 1648 годзе вярнуўся ў Рэч Паспалітую, калі даведаўся пра казацкую вайну. Для барацьбы з казакамі наняў 2 тысячы пехацінцаў, рэйтараў і драгунаў. У антыказацкіх кампаніях удзельнічаў як генерал каралеўскай гвардыі. Летам 1654 года спазніўся пад Шклоў да вялікага гетмана літоўскага Януша Радзівіла і практычна не ваяваў, у 1655 годзе браў удзел у контрнаступе і падчас хваробы Януша Радзівіла кіраваў яго дывізіяй пры аблозе Магілёва. Разам з Янушам Радзівілам быў ініцыятарам Кейданскай уніі — пераходу ВКЛ пад пратэктарат Швецыі. Перайшоўшы да шведаў, узначальваў брандэнбургскую армію на тэрыторыі Прусіі (1657—1658), пасля вярнуўся на бок Рэчы Паспалітай і ваяваў супраць Швецыі ў Курляндыі.
Валодаў вялікай латыфундыяй, пасля смерці бацькі стаў уладальнікам Слуцкага і Капыльскага княстваў, многіх маёнткаў, праз шлюбу са сваёй стрыечнай пляменніцай Ганнай Марыяй, дачкой вялікага гетмана Януша Радзівіла, атрымаў Кейданы, Дубінкі, Біржы, Заблудаў, Койданава, Беліцу і іншыя, трымаў Мазырскае, Бранскае, Барскае староствы. У Слуцку сабраў архіў, бібліятэку (гл. Бібліятэка Багуслава Радзівіла), дзе зберагаліся каштоўныя рукапісы, у т.л. Радзівілаўскі летапіс (завяшчаў яго ў 1668 годзе ў Каралявец). Падтрымліваў кальвінісцкія зборы і школы. Збіраў творы мастацтва. Складаў рэлігійныя гімны. Аўтар замалёвак з панарамамі беларускіх гарадоў, эскізаў і праектных чарцяжоў збудаванняў (зберагаюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі). На службе ў Багуслава Радзівіла былі многія навукоўцы і дзеячы культуры, у т.л. Юзаф Нарановіч-Наронскі, Станіслаў Незабітоўскі і іншыя.
Багуслаў Радзівіл адкрыў у Слуцку прадпрыемства па вырабе гармат, майстры па адліўцы гармат былі запрошаны з Германіі.
Пасля смерці Багуслава Радзівіла яго ўладанні перайшлі да дачкі Людвікі Караліны (гл. Нойбургскія маёнткі).
Асабістае жыццё Князь быў героем многіх амурных гісторый і адзюльтэраў, напрыклад, з французскай прыгажуняй герцагіняй Беатрыс дэ Кюзанс; меў вялікія матрыманіяльныя планы з замежнымі арыстакраткамі і прынцэсамі, у тым ліку і з уладарных дамоў — Шарлотай дэ Ла Форс, Маргарытай дэ Раган, Марыяй Сцюарт (дачкой Карла І), Марыяй Насаў, Ганнай Даротай Гольштэйн-Гаторпскай, Марыяй Эльжбетай Саксонскай, Элеанорай Кацярынай Пфальц-Цвейбрукенскай (сястрой шведскага караля Карла Х Густава) і іншымі.
Але ў 1660-х годзе Багуслаў закахаўся ў юную кузіну Ганну Марыю Радзівіл (1640—1667), адзіную дачку вялікага гетмана Януша Радзівіла. Нягледзячы на тое, што яе бацька быў пратэстант, Ганна Марыя была выхавана сваёй маці Кацярынай з роду Патоцкіх як каталічка. Гэта, а таксама вельмі блізкая крэўнасць былі сур’ёзнымі перашкодамі ў іх складаным каханні. Для шлюбу патрабавалася папская дыспенсія (дазвол), атрыманне якой было не лёгкай справай для перакананага кальвініста Багуслава, асабліва калі дзясяткі кавалераў настойліва, а часам абсалютна нетактоўна забягаліся па руку багатай нявесты. Усё гэта адбывалася на фоне шматлікіх палітычных інтрыг, у якія розным чынам быў уцягнуты князь Багуслаў, які бараніў інтарэсы пратэстанцкай лініі Радзівілаў. Аднак закаханыя дамагліся свайго і ўзялі шлюб 24 лістапада 1665 годзе са сціплай цырымоніяй у Лібаве. Праз два гады, падчас родаў Ганна Марыя памерла, пакінуўшы самотнага князя з адзінай іх дачкой Людвікай Каралінай.
Бібліяграфія Informacja domowa i polityczna // Przyczynki do historii domowej w Polsce. Wilno, 1858; Autobiografia. Warszawa, 1979. Аўтабіяграфія / Укладанне і пасляслоўе У. Сіўчыкава; Прадмова Г. Літвіна; Пераклад з польскай мовы А. Бутэвіча, У. Сіўчыкава. Мінск: Радыёла-плюс, 2009. 212 с.: іл.
Літаратура Kalicki B. Bogusław Radziwiłł, koniuszy litewski: Szkic historyczny. — Kraków, 1878;
Габрусь Т. Навошта князю крыла, альбо Ушанаванне Багуслава Радзівіла // Спадчына. 1993. № 1. Карлюк К. Пад штандарам дома Аранскіх. Першае «кавалерскае падарожжа» Багуслава Радзівіла (1637—1640 гг.) і яго ўдзел у галандскай аблозе Хюлста 1640 г. // Arche. № 6 (117): Вайсковая гісторыя Вялікага Княства Літоўскага. 2012. — С. 403—439. Карлюк К. Рука і сэрца князя Багуслава Радзівіла // Наша гісторыя, № 4, 2018. — С. 66-71. ISBN 2617—2305
Спасылкі
Лісты Купідона
Багуслаў Янушавіч Радзівіл Катэгорыя:Канюшыя вялікія літоўскія Катэгорыя:Старосты ашмянскія Катэгорыя:Старосты бранскія Катэгорыя:Старосты мазырскія Катэгорыя:Харунжыя вялікія літоўскія Катэгорыя:Генералы Рэчы Паспалітай